Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўта на вадародзе, штучны гамбургер і вяртаньне мамантаў. Навука і тэхналёгія ў 2013


2013 быў годам вартых увагі адкрыцьцяў і зьдзяйсьненьняў у навуцы і тэхналёгіі.

Паўднёвакарэйскі аўтамабільны канцэрн Hyundai сёлета прэзэнтаваў аўтамабіль, для якога палівам зьяўляецца вадарод. Магчыма, аўтамашыны на вадародным паліве стануць прарывам ва ўсёй аўтамабільнай індустрыі, паколькі яны не забруджваюць навакольнага асяродзьдзя выхлапнымі газамі. Такія маторы выпускаюць у паветра толькі вадзяную пару, якая там і без таго знаходзіцца.

Пакуль што карыстаньне аўтамабілем з вадароднай батарэяй замест бэнзінавага баку даволі складанае і дарагое, паколькі няма адпаведных заправачных станцый. Але сама запраўка аўтамашыны вадародам займае адносна няшмат часу, і такая машына ў змозе праехаць ад запраўкі да запраўкі столькі ж кілямэтраў, што і тыповы аўтамабіль на бэнзіне.
Hyundai на вадародным паліве
Hyundai на вадародным паліве

У 2013 годзе таксама меў месца прарыў у кулінарнай сфэры. Навукоўцам зь Нідэрляндаў удалося «вырасьціць» гамбургер у лябараторыі, выкарыстоўваючы тэхналёгію каровіных ствалавых клетак. Увесь працэс вырошчваньня першага ў сьвеце штучнага гамбургера каштаваў 332 тысячы даляраў – пакуль што зашмат, каб знайсьці фірму, якая занялася б такім вырошчваньнем гамбургераў у прамысловым маштабе. Але навукоўцы ня трацяць надзеі, што калі ім удасца панізіць кошты стварэньня штучных гамбургераў, яны стануць рэальнай і прыхільнай для прыроднага асяродзьдзя альтэрнатывай гадоўлі мясных кароваў, якая патрабуе шмат зямлі і, як мяркуецца, значна пабольшвае канцэнтрацыю парніковага газу ў атмасфэры.
Гамбургер са ствалавых клетак
Гамбургер са ствалавых клетак

Пэрспэктыва ажыўленьня дагістарычных зьвяроў – пра якую распавядае фільм «Парк Юрскага пэрыяду» Стывэна Сьпілбэрга з 1993 году – наблізілася ў гэтым годзе пасьля таго, як расейскія дасьледнікі абвясьцілі аб знаходцы няблага захаванай тушы самкі маманта, якая памерла 10 тысяч гадоў таму. Як паведамляецца, у тушы, якая была знойдзена ў лёдзе аднаго зь Ляхаўскіх астравоў (Якуція), знаходзілася не замерзлая кроў. Навукоўцы, якія займаюцца расшыфроўкай генэтычнага коду мамантаў з клетак мамантавай поўсьці, зусім сур’ёзна загаварылі аб магчымасьці клянаваньня мамантаў з клетак крыві. Фэдэральны ўнівэрсытэт у Якуцку на гэты конт падпісаў адпаведнае пагадненьне з карэйскім дасьледчым інстытутам, якому ў 2005 годзе ўдалося ўпершыню клянаваць сабаку.
Кроў маманта
Кроў маманта

Урэшце, у 2013 годзе ўдалося экспэрымэнтальна пацьвердзіць існаваньне часьціцы – гэтак званага базону Хігса – якую тэарэтычна прадказалі два навукоўцы яшчэ ў 1964 годзе. Існаваньне базону Хігса – часьціцы, адказнай за ўзьнікненьне масы ў сусьвеце – было пацьверджана ў экспэрымэнтах ATLAS і CMS на Вялікім адронным калайдэры Эўрапейскай рады ядзерных дасьледаваньняў каля Жэнэвы. 84-гадоваму Пітэру Хігсу зь Вялікабрытаніі і 80-гадоваму Франсуа Энглеру з Бэльгіі, якія прадказалі, незалежна адзін ад аднаго, існаваньне гэтай часьціцы, сёлета была прысуджана Нобэлеўская прэмія ў галіне фізыкі.
Пітэр Хігс і Франсуа Энглер
Пітэр Хігс і Франсуа Энглер
XS
SM
MD
LG