Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 сьнежня судзьдзя Мазырскага раённага суду Элеанора Ярмоленка адхіліла пазоў канструктараў, сяброў незалежнага прафсаюзу Тацяны й Генадзя Баброўнікавых да дырэкцыі нафтаперапрацоўчага заводу аб аднаўленьні на працы.

Не знайшлі падтрымкі ў раённым судзе і двое іншых звольненых чальцоў незалежнага прафсаюзу — трубаўкладчык Уладзімер Ключнікаў і мэханік Іван Шабан.

Пазовы канструктараў Баброўнікавых суд разглядаў на чатырох паседжаньнях. Спадарыня Тацяна, якая прадстаўляла ў судзе і інтарэсы свайго мужа, хадайнічала, каб адміністрацыя нафтаперапрацоўчага заводу падала суду справаздачу аб тым, колькі і якіх праектаў яна зрабіла за апошні час на нафтаперапрацоўчым заводзе, працуючы ў канструктарскім аддзеле. І чаго не зрабілі — яна ці муж Генадзь. Аднак судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

У сваю чаргу прадстаўніца заводу заявіла ў судзе, што дырэкцыя прадпрыемства прэтэнзіяў да працы інжынэра-канструктара Баброўнікавай ня мае. Прэтэнзіі — толькі за выкарыстаньне кампутара наймальніка ў неслужбовых мэтах.

Баброўнікава: «Па працы да мяне наагул не было ніякіх заўваг і прэтэнзіяў. А факт неслужбовага выкарыстаньня судзьдзя палічыла даказаным. І ня важна, я проста адкрыла й закрыла файл альбо працавала. Я паказала, што з файлам наагул не было ніякай працы. Першапачаткова, калі ў нас з мужам забралі кампутары і азнаёмілі з актам, там была фармулёўка не такая — пазначана было як захоўваньне неслужбовай інфармацыі. А пасьля ўсё было зьменена на выкарыстаньне кампутара ў неслужбовых мэтах».

Адмовіўся суд скасаваць за гэта й вымову, патлумачыўшы, што дырэкцыя мае права не працягнуць кантракт і без вымоваў, прычым не павінна і тлумачыць прычыны.

Суразмоўца лічыць, што ў канструктарскім аддзеле чуйна ўлавілі агульную тэндэнцыю на заводзе — пры любой нагодзе пазбаўляцца ад рабочых і спэцыялістаў, якія знаходзяцца ў шэрагах незалежнага прафсаюзу:
Людзі ў незалежным прафсаюзе — значыць, яны ня надта пажаданыя на гэтым заводзе

«Людзі ў незалежным прафсаюзе — значыць, яны ня надта пажаданыя на гэтым заводзе. Я да такой высновы прыходжу. Гэта маё асабістае меркаваньне».

Тацяна Баброўнікава яшчэ ня вырашыла, ці будзе яна абскарджваць сёньняшняе рашэньне суду:

«Калі быць сумленным, то дзеля таго, каб адстаяць праўду, трэба ісьці да канца. А зь юрыдычнага гледзішча — і ў судзе пра гэта кажуць — наймальнік ня хоча працягваць кантракт і не працягвае. Ён і не абавязаны тлумачыць».

Не змаглі праз Мазырскі раённы суд аднавіцца на працы на нафтаперапрацоўчым прадпрыемстве й двое іншых чальцоў незалежнага прафсаюзу — трубаўкладчык Уладзімер Ключнікаў і мэханік Іван Шабан. Аднак яны абскардзілі пастановы раённых судзьдзяў у абласны суд.

Спрабуе праз суд аднавіцца на працы й былы майстар нафтаперапрацоўчага заводу, сябра незалежнага прафсаюзу Аляксей Ярмак.

Юры Швец, Уладзімер Ключнікаў, Уладзімер Целяпун

Юры Швец, Уладзімер Ключнікаў, Уладзімер Целяпун

Кіраўнік пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафсаюзу на НПЗ Юры Швец лічыць, што звальненьнямі з працы й прыпыненьнямі кантрактаў на дробязных падставах дырэкцыя імкнецца абмежаваць дзейнасьць прафсаюзу на прадпрыемстве:

«Я казаў і казаць буду: гэта чарговая дэманстрацыя адміністрацыйных магчымасьцяў, лупцоўка, выбачаюся за выраз, каб усім непавадна было. І каб усе астатнія, хто яшчэ ў нашым прафсаюзе, задумаліся: а ці варта ім там знаходзіцца й чакаць нечага падобнага? Раней прапаноўвалі: атрымаеш пасаду, вышэйшы разрад, але трэба выйсьці з прафсаюзу. Сваяка ўладкаваць, перайсьці ў іншы цэх — тое ж самае. Усё суправаджаецца ўмовай — выйсьці зь незалежнага прафсаюзу. Скончыліся гэтыя ўмовы — людзі ўсё адно застаюцца ў прафсаюзе. Не патрэбныя ім ні пасады, ні разрады — ня купіш. Тады сталі дзейнічаць больш жорсткім мэтадамі — будзем звальняць, кантракты скасоўваць».

За апошнія пяць гадоў колькасьць чальцоў незалежнага прафсаюзу на НПЗ скарацілася амаль удвая — з больш як 1400 чальцоў да сямі з паловай сотняў. І, па словах прафсаюзнага актывіста, зьвязана гэта найперш з увядзеньнем на прадпрыемстве ідэалягічнай службы.
XS
SM
MD
LG