Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на культуру аддалі сілавікам


У «Замкаў Беларусі» аднялі, «Дажынкам» — дабавілі

У «Замкаў Беларусі» аднялі, «Дажынкам» — дабавілі

Без адзінай праўкі і заўвагі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 16 сьнежня прынялі за 15 хвілін бюджэт на 2014 год у другім чытаньні. І калі выдаткі на ўтрыманьне КДБ павялічыліся амаль на 23%, на Міністэрства ўнутраных спраў — на 21%, то пацярпела ў новым бюджэце найбольш культура. Выдаткі на яе ў бюджэце-2014 скарачаюцца на 19%.

Выдаткі на культуру ў наступным годзе зьменшацца ў параўнаньні з 2014 годам на 153 мільярды рублёў.

Старшыня рады Беларускага фонду культуры, а ў недалёкім мінулым — першы намесьнік міністра культуры Ўладзімер Гілеп: «Калі на культуру зьмяншаецца фінансаваньне — гэта глыбокі крызіс. Культура заўсёды павінна быць наперадзе, і ў фінансаваньні ў тым ліку. Фінансаваньне культуры — гэта паказьнік дзяржаўнасьці нашай. Я за тое, каб выдаткі на культуру толькі павялічваліся. Зьмяншэньне фінансаваньня на культуру азначае крызіс культуры, крызіс! Што ня дай Божа нам адчуваць».

Старшыню Саюзу тэатральных дзеячаў Аляксея Дударава ня дзівіць няспыннае павелічэньне выдаткаў на ўтрыманьне, да прыкладу, сілавых структураў, тым часам як культура, навука, адукацыя фінансуюцца паводле «рэшткавага прынцыпу»:

«А калі гэта было інакш? Тут нічога дзіўнага няма. Дзяржава заўсёды забясьпечвала свае інтарэсы, якія ёй падаюцца тактычнымі. А стратэгічныя — гэта ўжо пасьля. А культура і вера — гэта рэчы стратэгічныя. Што ёсьць, тое ёсьць. Усё ж залежыць ад эканомікі. Мы не павінны забывацца, што культура, тэатар, уся духоўнасьць, пра якую мы так дбаем, — гэта ўсё ж такі „надбудова“, кажучы старою моваю. А базіс — гэта эканоміка. Калі няма адкуль узяць, дык каму можна што даць? Паабяцаць — можна. А даць — немагчыма. Трэба, каб эканоміка працавала добра».

У бюджэце-2014 шмат адметных момантаў. Істотна павялічаныя выдаткі на Антарктыду — амаль на два мільярды рублёў (да 6,5 мільярдаў). На 2 мільярды больш, чым летась, атрымае дзяржпраграма «Слуцкія паясы». А вось дзяржпраграму «Замкі Беларусі» скарацілі больш як на 1 мільярд рублёў: было 2,5 мільярда, стала 1,42. Затое аж на 46% павялічваецца фінансаваньне «Дажынак».
Гэта працэс цывілізацыйнага адставаньня, і ён ужо набывае незваротныя формы

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі: «Тыя, хто складае гэты бюджэт, проста не разумеюць узаемазьвязанасьці выдаткаў на культуру, асьвету з канчатковымі вынікамі. Хоць і папярэдні бюджэт, мяркуючы на выніках дзейнасьці дзяржаўнай праграмы „Замкі Беларусі“ альбо праграмы папулярызацыі беларускай мовы, таксама „зразаўся“ проста на хаду. Альбо ў працэсе рэстаўрацыі Купалаўскага тэатру бюджэт рэзалі па ходу будаўніцтва. Так што гэта ня нова. Даручылі Міністэрству культуры зьменшыць колькасьць аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Альбо паніжэньне статусу музэя Багдановіча, ліквідацыя многіх бібліятэк — гэта дзікунства.

Там, дзе дэманстратыўна пагарджаюць культурай, навукай і асьветай, дзе зьневажаюць інтэлігенцыю, настаўнікаў, навукоўцаў — гэта нідзе не сканчаецца добра. Гэта працэс цывілізацыйнага адставаньня, і ён ужо набывае незваротныя формы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG