Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ён — чалавек 2013 году? Што можна назваць падзеяй, паразай, спрэчкай 2013 году?

Год Каліноўскага ці Сталіна? Спрэчкі вакол Алексіевіч і Азаранкі, расейскія авіябазы, зьнішчэньне сьвіней, новыя падаткі і турэмная літаратура...

Нефармальныя вынікі 2013-га ў «Свабодзе бяз гальштукаў» абмяркоўваюць Ян Максімюк, Сяргей Навумчык і Віталь Цыганкоў. Вядучая Ганна Соўсь.


Соўсь: Я паглядзела праз гугл-аналітыкс статыстыку найбольш папулярных артыкулаў на сайце Свабоды за год, у сукупнасьці каля 23 тысячаў праглядаў атрымаў праект «Картатэка Сталіна», прымеркаваны да 60-й гадавіны сьмерці Сталіна. Ня ведаю, ці можна казаць, што гэты год быў пад знакам анты-Сталіна... Калегі, каго б вы назвалі назвалі асобай 2013 году?

Максімюк: Яркай асобы году ў Беларусі я не бачу, а калі казаць пра антыасобу, дык варта гаварыць пра Картатэку Сталіна, мы цягам некалькіх месяцаў публікавалі тое, што расшыфраваў з архіваў КДБ Сяргей Дубавец, штодня была тысяча прозьвішчаў рэпрэсаваных на сайце. А калі шырэй на сьвет глянуць, то асоба году — папа Францішак.

Навумчык: Асобамі 2013 году былі тыя бацькі, якія дамагаліся для сваіх дзяцей права вучыцца па-беларуску, і самі дзеці, якія змагаліся за гэта права. Гэта дзясяткі чалавек, і яны — асобы гэтага году.

Цыганкоў: Адрозна ад калегаў, у мяне кандыдатаў як раз шмат і ёсьць пэўная канкурэнцыя. Пагаджуся, што на міжнародным узроўні гэта папа Францішак, а на нашым рэгіянальным узроўні — баксёр і цяпер палітык Віталь Клічко. Гэта дастаткова ўнікальны выпадак. Я ведаю, што ёсьць кангрэсмэны-спартоўцы, але калі спартовец такога ўзроўню становіцца найбольш верагодным і папулярным кандыдатам у прэзыдэнты ад сілаў, які супрацьстаяць Януковічу, гэта мне здаецца, вельмі сур’ёзны, беспрэцэдэнтны вынік. На беларускім узроўні можна назваць асобай году Сяргея Міхалка, тое, што ён дасягнуў ў 2013 годзе, працягнуўшы ўсе тыя тэндэнцыі, якія былі ў яго апошні год і завяршыўшы год канцэртам у Вільні з 12 тысячамі беларусаў і выпусьціўшы цалкам беларускамоўны альбом «Грай». Гэта пэўная кульмінацыя ў яго творчасьці. Таксама асобамі году я назваў бы тых беларускіх спартоўцаў, чэмпіёнаў, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю ў тым ліку і наконт беларускай мовы. Гэта Гуркоў, Талай, Герасіменя ды іншыя, гэта не шараговыя спартоўцы, гэта самыя лепшыя чэмпіёны, прадстаўнікі беларускага спорту.

Соўсь: На маё меркаваньне, асоба году — гэта Францішак Аляхновіч, першы беларускі палітвязень, які напісаў пра ГУЛАГ. Сёлета была заснаваная прэмія імя Францішка Аляхновіча за лепшы твор, напісаны ў зьняволеньні, і яго атрымаў Ігар Аліневіч за твор «Еду ў Магадан». Што можна было б назваць падзеяй 2013? Гугл аналітыкс паказвае, што сярод найбольш папулярных падзеяў наведнікаў сайту па выніках году найбольш зацікавіў украінскі Майдан, артыкулы з жывымі трансьляцыямі з эўрамайдану ў Кіеве. Што б вы назвалі падзеяй году?

Максімюк: Майдан, гэта ня толькі ўкраінская падзея, гэта і беларуская падзея, і эўрапейская. Там вырашаецца ня толькі лёс Украіны, зь якой Беларусь мае сяброўскія дачыненьні, але вырашаецца і лёс шырэйшага рэгіёну і пэўнай геапалітычнай сытуацыі. Калі ўдасца Украіну выцягнуць з арбіты эўрапейскай палітыкі і далучыць да мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстана, гэта будзе падзея, якая паўплывае вельмі моцна на лёс Беларусі. Але пакуль людзі стаяць на Майдане, ёсьць яшчэ пэўныя шанцы і для Беларусі ў Эўропе.

Навумчык: Калі казаць пра падзеі на тэрыторыі Беларусі, я вызначу, безумоўна, падзею са знакам мінус — разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Гэта вельмі дрэнны знак і патэнцыйна вялікая пагроза сувэрэнітэту краіны.

Гэта кроніка аб’яўленай сьмерці, кроніка зьяўленьня ў Беларусі расейскай авіябазы
Цыганкоў: У дадзенымі выпадку можна аб’яднаць намінацыі падзея году і параза году. Параза — гэта безумоўна зьяўленьне расейскай авіябазы, якое я параўнаў бы з вядомым творам «Кроніка аб’яўленай сьмерці» Маркеса, калі ўсе ведаюць, што павінна адбыцца і са страхам разумеюць, што нічога зрабіць ня могуць альбо ня хочуць, альбо не стае сілаў. Гэта кроніка аб’яўленай сьмерці, кроніка зьяўленьня ў Беларусі расейскай авіябазы ўвесь год цягнулася і ў выніку літаральна ў гэтыя дні мы бачым паведамленьні пра гэта.

Соўсь: Я даволі часта цытую гэтую фразу Васіля Быкава, які казаў, што ў Беларусі даўно не было перамогаў, і сытуацыю ў Беларусі разглядаў менавіта праз гэтую прызму. Ян, што бы вы назвалі паразай году?

Максімюк: Гэта найбольш страшная, татальная параза ўсходняй палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі і да Ўкраіны. Тое, што эўрапейцы не далі рады так дамовіцца з Украінай, каб падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі, тое, што санкцыі ЭЗ ніякім чынам не паўплывалі на лёс палітвязьняў у Беларусі, гэта і ёсьць для мяне страшная параза, бо гэта палітыка ЭЗ — абсалютна неэфэктыўная.

Соўсь: На маё меркаваньне, паразай і гэтага, і папярэдніх гадоў было тое, што ў Беларусі і ў 2013 годзе не зьмяняліся ўлада.

Навумчык: Мы пра гэта гаворым літаральна ў кожнай перадачы «Зона Свабоды», на жаль, ня першы год параза — наяўнасьць палітычных вязьняў у Беларусі.

Соўсь: Інтэрнэт-статыстыка паказвае сярод найбольш папулярных матэрыялаў на сайце свабоды блогі аўтараў Свабоды, дыскусійныя артыкулы, меркаваньні, і ваш Віталь тэкст пра Азаранку сярод найбольш чытаных за год, блогі пра мову, беларускую культуру і архітэктуру Сяргея Абламейкі, дыскусійныя правакацыйныя блогі Сяргей Дубаўца, блогі Сяргея Навумчыка, прысьвечаныя падзеям часоў здабыцьця незалежнасьці. Усе гэтыя артыкулы шырока абмяркоўваліся. Калегі, якую дыскусію, спрэчку вы назвалі б галоўнай у 2013 годзе?

Навумчык: Рэакцыя значнай часткі беларускага грамадзтва на выказваньне ў дачыненьні да беларускай мовы Сьвятланы Алексіевіч, якая б зважаючы на яе сусьветную вядомасьць, проста не мусіла так гаварыць, калі ёй баліць гэтая сытуацыя. Тое, што значная частка, актыўная частка беларускага грамадзтва не ўспрыняла яе, мякка кажучы, не зусім добрыя выказваньні на адрас беларускай мовы, для мяне гэта вельмі добры знак, гэта сьведчыць пра тое, што ўсё ж беларускае грамадзтва мае нацыянальны стрыжань.

Максімюк: Я тут ня бачу спрэчкі. Асоба сказала не зусім разумную рэч, якая наогул не гаворыцца перад замежнікамі. Але хацеў бы дапоўніць выказваньне Сяргея тым, што моцная спрэчка ўзьнікла тады, калі паводле букмэкераў зьявілася інфармацыя, што Сьвятлана Алексіевіч можа атрымаць Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. І спрэчка была пра тое, што б такая прэмія значыла для Беларусі, была б яна для расейскай ці для беларускай літаратуры.

спрэчка вакол патэнцыйнай Нобэлеўскай прэміі для Алексіевіч была галоўнай як раз не таму, што гэта літаратура, а тому што яна ставіць больш шырокія пытаньні: кім павінны ганарыцца беларусы?
Цыганкоў: Безумоўна, спрэчка вакол патэнцыйнай Нобэлеўскай прэміі для Алексіевіч была галоўнай як раз не таму, што гэта літаратура, а тому што яна ставіць больш шырокія пытаньні: кім павінны ганарыцца беларусы? І тут я скажу, што сапраўды згаданая вамі спрэчка «Ці павінен я ганарыцца Азаранкай?» — стаіць побач, яна не такая маштабная, але тое ж самае пытаньне — кім павінны ганарыцца беларусы? Вядомымі беларусамі, якія штосьці дасягнулі і за гэта імі варта ганарыцца, ці беларусамі. якія маюць пэўныя погляды блізкія нам, гэта значыць мы іх любім за тое, што яны нам блізкія і супадаюць з нашым поглядам на сьвет І таму гэтая філязофская спрэчка будзе працягвацца. Яшчэ адна вельмі важная спрэчка цягнулася амаль паўгода вакол калійнай вайны і яе вынікаў. Акрамя таго, што гэта была адна з самых галоўных палітычных падзеяў, гэта дыскусія закранала філязофскія пытаньні: як павінны ставіцца беларусы да свайго ўласнага ўраду, ў нашым выпадку рэжыму, які многія беларусы цярпець ня могуць, але калі гэты рэжым знаходзіцца ў барацьбе з нейкім іншым, напрыклад з расейскім? Ці павінны тут беларусы, як бальшавікі, жадаць паразы свайму ўраду, таму што ён кепскі, антынародны і гэтак далей, ці ён павінен станавіцца на ягоны бок, калі гэты рэжым змагаецца з больш страшнай пагрозай з боку Расеі. Такія філязофскія пытаньні ўвесь сэзон абмяркоўвалі. А спрэчка вакол Азаранкі пяройдзе і на наступны год, калі будзе чэмпіянат сьвету на хакеі Беларусі, ізноў гэтыя гарачыя пытаньні паўстануць — ці заўзець за сваю нацыянальную зборную, ці жадаць паразы ёй, ці жадаць, каб чэмпіянат атрымаўся ці не атрымаўся? Усё гэта будзе ўспыхваць і ў наступным годзе.

Соўсь: Я б назвала галоўнай спрэчку: «Хто страляе ў беларускі народ?» пытаньне, ўзьнятае сёлета ў Курапатах Юрасём Беленькім, якое актыўна абмяркоўвалася ў эфіры і на сайце Свабоды.

Навумчык: Усе гэтыя рэчы, і сытуацыя вакол Алексіевіч, і дасягненьні нашых выбітных спартовак, і выказваньня Юрася Беленькага, зьвязаныя з мовай, так ці інакш закранаюць вельмі глыбінныя моманты нацыянальнай псыхалёгіі ў грамадзтве.

слова каханьне і ў 2013 году для мяне застаецца
Соўсь: Год таму мы ў «Свабодзе бяз гальштукаў» падсумоўвалі вынікі 2012 году, і тады я назвала словам году каханьне, Сяргей Навумчык — сьцяг, Сяргей Дубавец — майстроўня, а Аляксандар Лукашук — свабода. Давайце паспрабуем ахарактарызаваць 2013 год адным словам.

Максімюк: Тут як раз праявіцца мая рэгіянальная схільнасьць, таму што я з Падляшша, то для мяне гэтым словам быў тэатар. Гэта год, калі на Падляшшы ўзьнік прафэсійны беларускі тэатар, для мяне гэта найважнейшая падзея ў беларускім руху на Падляшшы ў 21 стагодзьдзі.

Цыганкоў: Як казаў Штырліц, запамінаецца апошняе, таму я аддам перавагу слову Майдан. А запасны варыянт — мова.

Навумчык: Летась я назваў слова сьцяг у сувязі з подзьвігам Сяргея Каваленкі, сёлета ўсе прызналі найважнейшай падзеяй па-за межамі Беларусі Майдан, але самае высокае, што было на Майдане — беларускі бел-чырвона-белы сьцяг. Таму зноў сьцяг.

Соўсь: Я таксама паўтаруся. Год таму я казала пра каханьне, гаворачы пра каханьне палітвязьняў, як Марына Адамовіч кахае Міколу Статкевіча, як Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч узялі шлюб за кратамі. Сёлета Зьміцер на свабодзе і яны з Настай маюць сапраўдны шлюб і каханьне, і таму слова каханьне і ў 2013 году для мяне застаецца.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG