Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ухваліла бюджэт бязь зьменаў


Прыняты сёньня ў другім чытаньні бюджэт Беларусі на 2014 год ня мае ніводнай зьмены ў параўнаньні з тым дакумэнтам, які Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні 12 сьнежня.

Пра гэта заявіла сёньня, прадстаўляючы законапраект, старшыня камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Людміла Дабрыніна.

Паводле яе словаў, бюджэт будзе бездэфіцытным і сацыяльна скіраваным.

Намесьнік старшыні гэтай жа камісіі Аляксандар Мякінік паведаміў дэпутатам, што ўзмацненьня адміністратыўнай адказнасьці за непраход тэхагляду ня будзе. Пасьля таго як у бюджэт заклалі падатак на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, выказваліся меркаваньні, што для тых, хто адмовіцца праходзіць тэхагляд, трэба ўзмацніць адміністратыўную адказнасьць. Але, як паведаміў дэпутат Мякінік, такога ня будзе. Дэпутаты адстаялі неўключэньне такога палажэньня ў заканадаўства.

«Нас падтрымалі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі», — паведаміў Аляксандар Мякінік.

Міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, адказваючы на пытаньне журналістаў, сказаў, што падатак на допуск да дарожнага руху — гэта не беларускае ноў-хаў, такі падатак існуе ў шэрагу краін.

Міністар таксама адзначыў, што была прапанова ня ўводзіць гэты падатак, а павялічыць кошт бэнзіну.

«Мы ад такога варыянту адмовіліся, бо тады б рэзка ўзрасла інфляцыя».
XS
SM
MD
LG