Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады істотна падвышаюць выдаткі на асваеньне Антарктыды: у наступным годзе на ледніковыя праграмы прадугледжана выдзеліць 6,5 мільярда рублёў — амаль на 2 мільярды больш, чым летась.

На якія дывідэнды спадзяецца вышэйшае кіраўніцтва і ці ня ёсьць беларускія экспэдыцыі ўсяго толькі даважкам да расейскіх?

У 2014 годзе Беларусь мае намер распачаць будоўлю першай антарктычнай станцыі. Днямі на белы кантынэнт прыбыла група навукоўцаў, якія павінны ацаніць яе магчымае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе. Пакуль беларусы ў Антарктыдзе карыстаюцца савецкай спадчынай — закансэрваванай яшчэ ў 1980-м палявой базай «Гара Вячэрняя» недалёка ад расейскай станцыі «Маладзёжная». Непрыдатную для расейцаў базу перадалі ў карыстаньне саюзьнікам на падставе двухбаковага пагадненьня аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы. Кіраўнік беларускай антарктычнай экспэдыцыі Аляксей Гайдашоў перад адпраўкай на крайні поўдзень запэўніў, што беларусы тут усур’ёз і надоўга:

Пакуль гэта ўсяго толькі крокі на шляху атрыманьня Рэспублікай Беларусь статусу кансультатыўнага боку Дамовы аб Антарктыцы
«Нашай мэтай не зьяўляецца проста падняць сьцяг, пашумець; як той казаў, выказаць нейкія лёзунгі, што беларусы ў Антарктыдзе, і на гэтым усё. Зусім не. Наша праца мае на ўвазе сур’ёзны доўгачасовы фармат з сур’ёзнымі навуковымі дасьледаваньнямі. Пакуль гэта ўсяго толькі крокі на шляху атрыманьня Рэспублікай Беларусь статусу кансультатыўнага боку Дамовы аб Антарктыцы. Таму што гэты статус дарагога варты: ён дае права голасу і вэта пры прыняцьці рашэньняў, якія тычацца будучыні гэтага кантынэнту».

Ва ўсясьветным Антарктычным клюбе цяпер паўсотні дзяржаваў, Беларусь пакуль задавальняецца статусам назіральніка. Між тым дзяржаўная праграма асваеньня Антарктыды прадугледжвае пяць асноўных напрамкаў, якія пры ўдалым раскладзе дадуць магчымасьць хоць бы наблізіцца да вядучых краін-дасьледчыц. Найперш гэта вывучэньне газавага і аэразольнага складу атмасфэры, а таксама азонавага слою, выпрабаваньне айчынных прыстасаваньняў для зандаваньня атмасфэры і лядовых утварэньняў, мэтэаралёгія і кліматалёгія, біялягічны кірунак. На гэтыя мэты ў бюджэце на наступны год адведзена 6,5 мільярда рублёў супраць 4,7 мільярда сёлета.

На гэтыя сродкі будуць вырабляцца, сярод іншага, мабільныя модулі-кантэйнэры, якія стануць асновай будучай беларускай базы. Узводзіць стацыянарныя будынкі, якія б давялося праз кожныя 5 гадоў адбудоўваць нанава ўзамен «зьедзеных» лёдам і сьнегам, занадта дорага. Таму на беларускіх прадпрыемствах пад ключ будуць зьбірацца канструкцыі на апорах, якія да канчатковага пункту мяркуецца дастаўляць спачатку морам, а потым верталётам.

Антарктыда не належыць ніводнай дзяржаве, там дазволеная толькі навуковая дзейнасьць. Якую эканамічную выгаду можа атрымаць Беларусь з асваеньня сьнежнай цаліны? Акадэмік, вучоны-геоляг Радзім Гарэцкі кажа, што пры цяперашнім падыходзе да фармаваньня антарктычных экспэдыцыяў пра нейкія значныя выйгрышы ў маштабах краіны гаварыць дачасна:

«Хачу адзначыць, што наогул гэта справа надзвычай цікавая і патрэбная, але арганізацыя ўсёй дзейнасьці пакуль, будзем гаварыць шчыра, кепская. Найперш, туды практычна не пасылаюць геолягаў. Дажыліся да таго, што ў нас, па-першае, фактычна няма каму і ехаць, па-другое, тым, хто яшчэ ёсьць, чамусьці нават не прапануюць. Таму там галоўным чынам працуюць цяпер біёлягі ды іншыя дасьледчыкі. Геолягаў няма. А менавіта для геолягаў і геафізікаў там вельмі шмат цікавых ёсьць спраў. Так што штука, безумоўна, патрэбная, але што там будзе далей з усімі гэтымі праектамі — застаецца толькі назіраць».

Так званы Мадрыдзкі пратакол да міжнароднай Дамовы аб Антарктыцы забараняе ў Антарктыдзе любую дзейнасьць, акрамя навуковай, зьвязаную з геалягічнымі і мінэральнымі рэсурсамі. Беларускія адмыслоўцы спадзяюцца на эканамічны эфэкт ня столькі ад геалягічнай выведкі, колькі ад біялягічнага кірунку дасьледаваньняў. Навукоўцаў цікавяць перадусім бактэрыі і мікраарганізмы, якія прыстасаваліся да жыцьця пры мінусавых тэмпэратурах і фактычна бяз доступу кіслароду. Вынікі дасьледаваньняў мяркуецца выкарыстоўваць у мэдыцыне, фармацэўтыцы, касмэталёгіі.

Па сутнасьці, Антарктыда застаецца для чалавецтва апошнім рэсурсавым рэзэрвам. Адгэтуль пэрманэнтныя канфлікты паміж краінамі. Тэрытарыяльныя прэтэнзіі на бяскрайні ляднік найчасьцей выказваюць Нарвэгія, Аўстралія, Аргентына, Чылі, Вялікая Брытанія, Новая Зэляндыя. ЗША, Расея, Кітай нібыта захоўваюць нэўтралітэт, але тым часам разгарнулі найбольшую актыўнасьць у будоўлі палярных станцыяў і дасьледаваньні рэсурсаў. Ужо высьветлена, што нетры Антарктыды ўтрымліваюць значныя запасы жалезнай руды, каменнага вугалю, медзі, нікелю, сьвінцу, цынку, малібдэну, горнага крышталю, графіту і г.д. Але, самае галоўнае, у Антарктыдзе сканцэнтравана да 80% усясьветных запасаў прэснай вады. А ў шмат якіх рэгіёнах сьвету ўжо адчуваюць яе недахоп.
XS
SM
MD
LG