Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прарэктар ЭГУ: Наша місія — дапамагчы беларусам пачаць дыялёг з рэштай Эўропы


Дэйвід Полік

Дэйвід Полік

У Эўрапейскім гуманітарным ўнівэрсытэце створаная пасада правоста (першага прарэктара) і кіраўніка ў адміністрацыйных пытаньнях. На гэтую пасаду прызначаны Дэйвід Полік, які больш за 30 гадоў працаваў у кіраўніцтве шэрагу амэрыканскіх вышэйшых навучальных установаў. Ягоныя продкі паходзяць зь Беларусі.

Прафэсар Полік атрымаў ступень доктара філязофскіх навук ва ўнівэрсытэце Атавы ў Канадзе. У паведамленьні ЭГУ для прэсы гаворыцца, што цягам сьнежня, студзеня і лютага ён будзе наведваць унівэрсытэт, каб сустрэцца з студэнтамі, выкладчыкамі і донарамі. На пасаду ў паўнавартасным рэжыме Дэйвід Полік мае заступіць 1 сакавіка.

Дэйвід Полік адказаў на некалькі пытаньняў Радыё Свабода.

РС: Якія функцыі ў пасады правоста і чаму такую пасаду ўвялі ў ЭГУ?

Полік: Гэтая назва пасады выкарыстоўваецца па-рознаму ў розных унівэрсытэтах, у залежнасьці ад установы і краіны. У выпадку ЭГУ гэтая пасада ствараецца, каб каб узмацніць адміністрацыйную палітыку і дзейнасьць, і каб дапамагчы рэктару ў штодзённым кіраваньні ўнівэрсытэтам. Гэта вызваліць яму час для працы ў зьнешніх сувязях і ў стратэгічных пытаньнях. Звычайна правост — гэта высокі адміністрацыйны кіраўнік, які дае справаздачу прэзыдэнту альбо рэктару і зьяўляецца «першым сярод роўных» ў кабінэце віцэ-прэзыдэнтаў ці віцэ-рэктараў. Абсяг адказнасьці правоста наўпрост зьвязаны з тым наколькі вялікая нагрузка ў вонкавых пытаньнях кладзецца на прэзыдэнта альбо рэктара.

РС: Апошнім часам назіралася напружаньне паміж кіраўніцтвам ЭГУ і плятформай «За новы ЭГУ», прадстаўнікі якой цяпер ёсьць у Сэнаце ўнівэрсытэту. Якой будзе вашая пазыцыя ў гэтай сытуацыі?

Полік: Я ведаю пра напружаньне, якое вы згадалі. На маю думку, канструктыўнае абмеркаваньне і спрэчкі пра будучыню паказваюць, што ЭГУ— дынамічная ўстанова. Я вітаю магчымасьць пачуць тых, хто выказвае засьцярогі, і магчымасьць абмеркаваць іх са сваімі калегамі. Але да таго часу займаць нейкую пазыцыю ў гэтых пытаньнях было б зарана. Я чакаю магчымасьці абмеркаваць гэтыя пытаньні як найхутчэй. Калі ўзьнікаюць такія сытуацыі, шмат праблемаў могуць быць зьвязаныя з тым, што розныя асобы ня маюць аднолькавай інфармацыі, а таксама з кепскай камунікацыяй. Хоць вядома ж добрыя людзі добрай волі могуць не пагаджацца адно з адным у тым ці іншым пытаньні, надзвычай важна, каб быў адкрыты доступ да дакладнай інфармацыі, на падмурку якой можна прымаць рашэньні. Часта ва ўнівэрсытэтах гэта ня так, што дазваляе скажэньням ці асабістым інтарэсам зацямніць разгляданыя пытаньні. Вось з гэтага трэба пачынаць.

РС: Чаму менавіта вас прызначылі правостам? Які адпаведны досьвед вы маеце?

Полік: На думку рэктара і кіраўнічай рады ўнівэрсытэту мой мінулы досьвед у сфэры адукацыі як прафэсара філязофіі, дэкана гуманітарных і прыродных навук, правоста і прэзыдэнта чатырох розных унівэрсытэтаў асабліва прыдатны для патрэбаў ЭГУ ў гэты час. Што тычыцца чалавечых якасьцяў, якія Ўнівэсытэт палічыў важнымі на гэты момант для правоста і кіраўніка ў адміністрацыйных пытаньнях, дык гэта пытаньне да іншых.

РС: ЭГУ, які ад пачатку меў быць свабодным беларускім унівэрсытэтам, часта крытыкавалі за недастатковую беларускасьць. Які ваш досьвед у беларускіх пытаньнях? Што вы маеце намер рабіць, каб задаволіць такіх крытыкаў?

Полік: Я яшчэ маю шмат што даведацца ад супольнасьці ЭГУ ў гэтым пытаньні, але я лічу, што быць такім беларускім ўнівэрсытэтам — значыць прытрымлівацца каштоўнасьцяў, закладзеных падчас стварэньня гэтай установы, гэта значыць прыхільнасьці да гадаваньня крытычнай, свабоднай і незацуглянай думкі ў кожным са студэнтаў. Мы спадзяемся, што шмат хто з гэтых студэнтаў зможа зрабіць важныя ўнёскі ў будучае разьвіцьцё Беларусі як свабоднай дзяржавы, але настолькі ж важна разьвіцьцё мужчын і жанчын, якія маюць веды і волю, каб разьвіваць грамадзянскія супольнасьці па ўсім сьвеце, куды б іх не прывяло жыцьцё. Гісторыя ЭГУ і Беларусі важная ня толькі для студэнтаў, якія паходзяць зь Беларусі, але настолькі ж важная для шырэйшага сьвету, які сутыкаецца са шмат якімі падобнымі праблемамі. Вялікая праца ЭГУ не павінна разглядацца як набор правінцыйных справаў. Адпаведна, місія такога ўнівэрсытэту як ЭГУ — дапамагчы беларусам пачаць дыялёг з рэштай Эўропы і сьвету на ўмовах, якія адлюстроўваюць іх уласную спадчыну і пры гэтым захоўваюць адкрытасьць і плённае ўзаемадзеяньне зь іншымі. Супольнасьць ЭГУ мае прывілей і адказнасьць гаварыць з адмысловым аўтарытэтам, які можа зьявіцца толькі ў выніку адмысловай гісторыі. Гэты аўтарытэт надае моцы місіі ЭГУ як установы вышэйшай адукацыі.

РС: Якімі будуць вашы першыя крокі ў якасьці правоста?

Полік: Знайсьці свой кабінэт! Але наступным крокам будзе арганізацыя шырокіх дыскусіяў з выкладчыкамі і супрацоўнікамі, якія, без сумневу, зададуць кірунак для наступнага этапу разьвіцьця ЭГУ. Для гэтага патрэбны пачатковы пэрыяд сапраўднага прыслухоўваньня да гісторыі нашай супольнасьці на самым глыбокім узроўні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG