Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мітынгу Партыі рэгіёнаў у Кіеве ў суботу выступілі «Песьняры».

Пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна паўстала некалькі калектываў, якія выступаюць пад гэтым брэндам. Якія «Песьняры» і чаму выступілі на «Антымайдане», то бок у падтрымку ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча? Як «Песьняры» ставяцца да падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне?

Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры», зарэгістраваны пры Міністэрстве культуры Беларусі, валодае ўсімі юрыдычнымі правамі на таварны знак «Песьняры». І гэты ансамбль на «Антымайдане» не выступаў, паведаміў карэспандэнту Свабоды мастацкі кіраўнік калектыву Вячаслаў Шарапаў:

«Гэта былі левыя нейкія „Песьняры“. Мы іх не культывуем і тым больш ня сочым за іх творчасьцю».

Вячаслаў Шарапаў падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне:

«Мы вельмі любім украінскі народ і Ўкраіну, і нам сорамна за тое, што там адбываецца. Трэба ўжо неяк вызначыцца: альбо туды, альбо туды. А тое, што выступаюць нейкія калектывы, то гэта, відаць, на сумленьні арганізатараў. Канечне, нам бы не хацелася наогул улазіць у гэты палітычны працэс. Бо зь якой радасьці мы павінны ўмешвацца і падтрымліваць нейкі адзін з бакоў? Нават нягледзячы на нейкія сымпатыі ці антыпатыі. Доўг дзяржаўнага калектыву — у гэтую справу ня ўмешвацца. Ну, а тое, што на нас ускосна падае, скажам, ня цень, а нас пачынаюць блытаць, то гэта непрыемна. Мы ўжо многа судовых працэсаў выйгралі, але тым ня менш настолькі запатрабаваны брэнд, што пакуль спыніць гэты працэс немагчыма».

На майдане ў падтрымку прэзыдэнта Віктара Януковіча — на так званым «Антымайдане» — выступіў вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Песьняры», які мае юрыдычны адрас у расейскім Зеленаградзе. Прадстаўнік калектыву Віктар Малчанаў сказаў, што гэтыя «Песьняры» выступалі з канцэртам у пасёлку Ўкраінка, і ім прапанавалі выступіць яшчэ і ў Кіеве «на народных гуляньнях».

«Сытуацыя вельмі непрыемная. У гэтай недагаворанасьці ўсё і палягала. Бо мы ехалі, каб выступіць, як нам патлумачылі, на народных гуляньнях. Калі мы паглядзелі тэлебачаньне і зразумелі, што на гэтай Эўрапейскай плошчы не народныя гуляньні, а „Антымайдан“, мы спрабавалі адмовіцца ад гэтай справы. Але нас сталі пераконваць, што ніякай палітыкі там няма, ніхто вас
мы ехалі, каб выступіць, як нам патлумачылі, на народных гуляньнях
не прымушае за некага заклікаць, проста прасьпявайце свае песьні. А зь іншага боку, мы ўжо трапілі ў такую пастку, бо калі б адмовіліся, то давялося б плаціць за гатэль і за аўтобус сваімі грашыма. Карацей, атрымалася сытуацыя, калі, з аднаго боку, нейкія былі ў гэтым хітрыкі. А з другога боку, ужо былі заплачаны грошы і ўжо шляху назад не было. Мы проста павіншавалі людзей з надыходзячымі сьвятамі і прасьпявалі знаёмыя ім песьняроўскія песьні. Мы не заклікаем станавіцца на чыйсьці бок. Мы можам і на Майдане выступіць. Я разумею, што цяпер ужо дурасьць апраўдвацца. Але гэта была нейкая пастка, у якую мы трапілі празь няведаньне, і ўсё».

На пытаньне, чаму ня выступілі на Майдане, Віктар Малчанаў сказаў, што «ніхто не прапанаваў». За выступ на «Антымайдане» «Песьнярам» заплацілі, але Малчанаў адмовіўся паведаміць памер ганарару:

«Яно зьнешне так і выглядала, што мы выйшлі ў падтрымку Януковіча. Хоць такой размовы з заказчыкам не было. Заказчык сказаў — ці ня хочаце вы там за нейкія грошы выступіць і на Эўрапейскай плошчы, там будуць народныя гуляньні?»

Малчанаў назваў «страшэннай маніпуляцыяй» паведамленьні пра тое, што менавіта пасьля выступу «Песьняроў» усе пачалі скандаваць: «Пуцін!»

«Там такое было пасьля выступу нейкага чыноўніка ад „Партыі рэгіёнаў“. Але гэта ніякіх адносін да нас і „Песьняроў“ на сцэне ня мела. То бок гэта абсалютна асобная гісторыя. „Песьняроў“ у той момант на сцэне не было. Гэта вялізны падман. Апраўдвацца пасьля гэтага бруду вельмі непрыемна. Не было ніводнага намёку, ніводнага слова, што мы падтрымліваем нейкія партыі ці нешта іншае. Мы проста павіншавалі ўкраінцаў з надыходзячымі сьвятамі і прасьпявалі 6–7 песень. І сышлі, усё».

Малчанаў таксама падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад падзеяў ва Ўкраіне:

«Мы праяжджалі каля Майдану, і вельмі ўразілі трохмэтровай вышыні барыкады, як дэкарацыі да нейкага фільму пра вайну. Вельмі ўражвае. Я ад гэтага ў захапленьні. Бо народ паказвае, што ён ня статак бараноў, а ён адстойвае сваю будучыню, сваё бачаньне краіны, у якой ён хоча жыць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG