Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня вам Гог


Асобаў, якія лічаць, што мочка вуха (яна ж блінок) — гэта бязглузды атавізм, напэўна, ніколі ў яе не цалавалі. Зрэшты, некаторыя і самую вушную ракавіну ўважаюць бескарыснай і кажуць пра тое, што з пункту гледзішча эвалюцыі яе сьціплай мускулатуры даўно ўжо месца ў макулатуры. На слыху гэта, маўляў, ніяк не адаб’ецца, вучоныя даказалі. Га? Вучоныя, гру, даказалі!

Але ж сапраўды, нашто чалавеку той блінок на вуху? Цікава, што ў Сярэднявеччы ў Эўропе па ягонай неразьвітасьці вызначалі прыналежнасьць чалавека да ведзьмаў, варажбітоў, шаптуноў і іншых прадстаўнікоў вольных прафэсій.

І толькі напрыканцы дзевятнаццатага стагодзьдзя па адсутнасьці мочкі вуха стала магчымым вызначыць сапраўднага мастака. Прынамсі, аднаго.

Вінсэнт ван Гог, як водзіцца ў прыстойным таварыстве, зрабіўся знакаміты толькі пасьля сьмерці. Гэтае шляхетнае «ван» не заўжды пісалася зь вялікай літары, дый цяпер ня ўсімі пішацца; па вялікім рахунку, пісаць яго зь вялікай літары — прыкладна тое самае, што пісаць вялікае В у слове «Іпалітавіч». Але Ван Бог зь ім. Вуха ён сапраўды пазбавіўся — і дзень, калі гэта адбылося, добра вядомы ласаму да чужых вушэй чалавецтву. 23 сьнежня 1888 году ў францускім Арлі Вінсэнт ван Гог, сланечнікі, ірысы і зорная ноч якога дагэтуль захінаюць ня надта схільны да прыгажосьці і сапсаваны рознымі абстракцыяністамі сьвет, адрэзаў сабе орган слыху і аднёс яго, загорнуты ў смаркатку, прастытутцы Рашэль.

Прыкра, што гэты факт зрабіўся прадметам такой сэнсацыі. Калі задумацца, нічога асаблівага ў ім няма — а пагатоў незвычайнага. Калі ўжо казаць пра хараство Вангогава вар’яцтва, дык лепш прыгадаць, што ён еў уласныя фарбы. Здаецца, гэта значна важней для разуменьня яго жыцьця — калі ўжо некаму так заманулася зразумець чужое жыцьцё. Дый праўду тут шукаць бессэнсоўна.

Па-першае, кажуць, ён сапраўды ня ўсё вуха сабе адрэзаў, а толькі той самы блінок. Адрэзаць сабе вуха — справа нялёгкая. Хто спрабаваў, ведае. Хаця, безумоўна, напісаць свой аўтапартрэт з адрэзаным вухам значна цяжэй. Бо вуха сабе адрэзаць кожны можа, нават рабочы на заводзе. А стварыць такія ірысы, такое поле з крумкачамі і такія валуны здольны толькі мастак ад бога, якім Вінсэнт ван Гог, безумоўна, быў. Няпросты тытунь курыўся ў ягонай люльцы... Адам Глобус, пішучы пра Гаўрылу Вашчанку, адзначае, што сланечнікі Вашчанкі — «даніна богаабранаму ван Гогу». І эпітэт «богаабраны» тут не выглядае перабольшваньнем.

Па-другое, здаецца, ён усё ж ня сам яго адрэзаў. Гэта зрабіў Поль Гаген, прозьвішча якога чамусьці ніхто ня піша з маленькай літары. Гаген прыехаў у Арль на запрашэньне гэтага дзіўнага нідэрляндца, каб спакойна папрацаваць. Скончылася ўсё двубоем: ці то праз мастацтва, ці то праз тую самую Рашэль, і Гаген, які някепска валодаў шпагай, выйшаў зь яго пераможцам.

Гэта толькі адна з вэрсій — бо загарнутае ў смаркатку вуха Вінсэнта дагэтуль не дае спакою ні журналістам, ні псыхіятрам, ні самім мастакам. Паводле іншай вэрсіі, ван Гог накінуўся на Гагена зь лязом. А калі той ня даў зьняць зь сябе скальп, Вінсэнт проста вярнуўся дахаты, у роспачы адрэзаў сабе вуха і панёс яго сваёй белашвейцы. Сама Рашэль успамінала, што Гаген адхапіў вуха ван Гога нажом для рэзаньня шкла.

Ніхто ніколі не даведаецца, як усё было насамрэч. Што да матываў учынку ван Гога, дык тут адказ відавочны. На жаль, у словах яго ня выкажаш. Хіба ў ірысах — такія тут адзінкі вымярэньня. Паглядзіш на іх як трэба — і робіцца ясна, што вуха было асуджанае з самага пачатку. Як і яго ўладальнік. Вялікаму таленту не абавязкова адразаць сабе блінцы з вушэй. А вось нікчэмнасьць ні вуха, ні іншая частка цела, адрэзаная або прышытая, не ўратуе. Ня там шукаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG