Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бываюць такія дні, якія гісторыя вызначае, каб аб’яднаць у іх усе астатнія — ня проста пражытыя, але адчутыя на сабе, як удар токам. Такія дні доўгія — як першая хвіліна ацалелага пасьля катастрофы. І кароткія, як паўза паміж удыхам і выдыхам. І ня так істотна, што там мусіла адбывацца канкрэтна ў гэты дзень: выбары — хто тут яшчэ верыць у выбары? — нейкія іншыя прыдуманыя ўладай выбрыкі або смаленьне якога-небудзь чарговага палітычнага вепрука. Рэч тут не ў палітыцы. Рэч у календары — які, як вядома, пішуць час, бог і чалавек.

Тры гады таму час перамог — і добра. Час — гэта тое, што застаецца, калі здаецца, што ўсё страчана. Чалавек у той дзень прайграў — але прайграў і чалавек, які палічыў сябе богам. Што да самога бога, дык калі ён існуе, гэта было адно з самых цяжкіх выпрабаваньняў, дадзеных ім беларусам.

Бо гэта быў дзень сораму. Прынамсі, для аўтара гэтага тэксту. Аўтар сядзеў у адным партовым нямецкім горадзе і... Ну, ясная рэч, вышываў золатам па каўбасе. Чым яшчэ можна тут займацца? Ніхто не паверыць, што камусьці за мяжой можа быць сорамна, што 19 сьнежня 2010-га ён быў ня ў Менску на плошчы. Як і за мяжой, дзе ўсе вышываюць золатам па каўбасе, ніхто не паверыць, што ў Менску ў той дзень нікому не было сорамна за свой страх і адвагу іншых.

Бо гэта быў яшчэ і дзень бязьвер’я. Напярэдадні цяжка было паверыць, што выйдуць дзясяткі тысяч. Дзясяткі тысяч свабодных у несвабоднай краіне так і ня зьбеглых рабоў. Немагчыма было паверыць у тое, што гэтым разам атрымаецца пазбавіцца монстра. Паверыць у розум і прагу да волі ў тых, хто прафэсійна займаецца іх выкараненьнем.

Гэта быў дзень паразы. Чарговай і звыклай, і напэўна, не апошняй. Але гэта быў і Дзень гордасьці. За тое, што і тут яшчэ ёсьць вольныя людзі і цябе зь імі нешта зьвязвае. Хто яго ведае, што. Ну, часьцяком мова, яшчэ часьцей каштоўнасьці, яшчэ часьцей — проста непрыняцьце ў сабе рабства, агульныя ворагі. Але больш за ўсё: нейкая драбяза, фігня, якая ў гэты дзень раптам зрабілася важнай. Кшталту агульных вуліц, дзяцінства, неба, паветра, успамінаў, кніжак... Гульняў, выпітых напояў... Карацей, памяці. За гэта варта ісьці — і супрацьстаяць.

Гэта быў дзень моцы. Столькі ўжо дзяржава шчыруе, столькі сродкаў выкарыстала на здушэньне унд зьнішчэньне ўсяго, што ёй не падабаецца, ужо, здаецца, на генны ўзровень выбралася — а яны, адмарозкі, усё роўна ёсьць і нікуды зьнікаць не зьбіраюцца. Больш за тое, іх шмат. І робіцца ўсё болей. І яны не баяцца. І ніхто ня можа даць ім рады — як ні замбуй, плямбуй, ігнаруй, арыштоўвай, падкупляй, як ні кіруй, чым ні пагражай, што ні ўводзь і якія пернікі ні абяцай.

Гэта быў дзень тэлефанаваньняў. Часьцей за ўсё няўдалых. Гэта быў дзень жаху за знаёмых і родных, ноч невядомасьці. Так было пасьля тэракту ў мэтро. Але і гэта быў тэракт: тэракт дзяржавы супраць сваіх так званых падданых. Гэта быў дзень крыві.

Таму гэта яшчэ і дзень недараваньня. Тыя, хто паціскае ім рукі, працуе на іх, вядзе зь імі дыялёгі, шукае зь імі кампрамісаў, слухае іх і сядае побач дзеля яшчэ адной балбатні — відаць, яны забыліся пра 19-га сьнежня? Людзі без календара.

І было б памылкай не згадаць яшчэ штосьці. Магчыма, найважнейшае. Гэта быў дзень чаканьня Калядаў. Тых самых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG