Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіду Цімошак судзяць за кіно


Зінаіда Цімошак

Зінаіда Цімошак

19 сьнежня ў судзе Слуцкага раёну Менску адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы, распачатай супраць мясцовай актывісткі Зінаіды Цімошак паводле артыкула аб «парушэньні парадку арганізацыі правядзеньня сходаў».

Падставай для гэтага сталася спроба правесьці кінапрагляд дакумэнтальнай стужкі «40 дзён сялянскай рэспублікі», прысьвечанай Слуцкаму збройнаму чыну, у доме культуры вёскі Казловічы 23 лістапада.

Адказны сакратар КХП БНФ Алесь Чахольскі, адзін з арганізатараў сьвяткаваньняў на Случчыне, абураны гэтым судом:

«Міліцыя не выконвае і нават ня ведае дзейнае заканадаўства. Прагляд кінастужкі ў вясковым клюбе, якая да таго ж дэманстравалася па дзяржаўным тэлебачаньні, не патрабуе ніякага дазволу. Гэта сорам і ганьба той сыстэме, у якой мы жывем. Таму я прасіў бы праваабаронцаў, журналістаў і ўсіх неабыякавых людзей зь Менску, Слуцку, Салігорску прыйсьці ў суд, каб падтрымаць Зінаіду Цімошак. А на месцы міністра унутраных спраў я загадаў бы сваім падначаленым папрасіць прабачэньня ў гэтай жанчыны, якая ня мае ніякай віны. Такіх супрацоўнікаў, якія ня ведаюць і парушаюць законы, трэба звальняць з праваахоўных органаў».

Прагляд Дакумэнтальнай стужкі «40 дзён сялянскай рэспублікі», меўся адбыцца у доме культуры вёскі Казловічы з нагоды чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Удзел у імпрэзе прымала гісторык Ніна Стужынская, адна з аўтараў фільма. Аднак мясцовыя міліцыянты сарвалі кінапрагляд: затрымалі удзельнікаў, правялі допыты ўдзельнікаў імпрэзы, а на арганізатарку Зінаіду Цімошак склалі адміністрацыйны пратакол. На знак пратэсту загадчык дому культуры вёскі Казловічы Аляксандр Туміловіч пакінуў сваю пасаду.
XS
SM
MD
LG