Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабрана больш за 12 тыс подпісаў супраць дзяржзбору на аўто

  • БелаПАН

У інтэрнэце набірае абароты збор подпісаў супраць увядзеньня ў Беларусі дзяржзбору за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Збор усталёўваецца праектам закону, які разглядаецца цяпер у парлямэнце. Мяркуецца, што ён будзе спаганяцца ўжо зь 1 студзеня 2014 года адначасова з праходжаньнем тэхагляду.

На сайце www.change.org, паводле зьвестак на вечар 14 сьнежня, супраць увядзеньня дзяржзбору выказалася ўжо больш як 12.500 чалавек. Подпісы ставяцца пад лістом міністру фінансаў Андрэю Харкаўцу.

У пасланьні гаворыцца: «У сувязі з тым, што ў акцыз кошту паліва ўжо закладзена сума адлічэньняў на рамонт дарог, лічым увядзеньне новай збору немэтазгодным. Гэты законапраект ня ўлічвае той факт, што некаторыя аўтамабілісты выкарыстоўваюць транспарт у рэдкіх, выключных выпадках, ураўноўваючы іх з тымі, хто выкарыстоўвае аўтатранспарт пастаянна, а таксама ў камэрцыйных мэтах.

Таксама гэты законапраект ня ўлічвае той факт, што пры куплі аўтатранспарту, пры праходжаньні ТА, прыйдзецца зноў плаціць збор, нягледзячы на тое, што папярэдні ўладальнік яе ўжо выплаціў».

Дзяржаўны збор за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху для большасьці беларусаў можа скласьці ад 3 да 10 базавых велічынь (адна базавая велічыня цяпер складае 130 тыс. рублёў). Памер дзяржзбору будзе залежаць ад дазволенай максымальнай масы транспартнага сродку, а таксама ад таго, хто зьяўляецца ўласьнікам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG