Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рыгор Сітніца: Салавей ня ведае, што сьпявае геніяльна


У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Менску адчынілася выстава твораў «На шчасьце» са спадчыны самадзейнай мастачкі Алены Кіш, зладжаная пры падтрымцы Беларускага народнага банка.

У аснове экспазыцыі — экспанаты з фонду гісторыка-культурнага музэю-заказьніка «Заслаўе» і прыватных калекцыяў.

Назва выставы невыпадковая: менавіта ў першай палове мінулага стагоддзя на вёсцы такія творы дарыліся з розных нагодаў людзям у спадзяваньні на тое, што такія маляваныя дываны прынясуць ім шчасьце. Народжаная ў канцы 19 ст. ў Слуцкім раёне, Алена Кіш пачала размалёўваць дываны ў 20-я гады ўжо 20 ст. і працавала да самага канца 40 гадоў. Мастак Уладзімер Басалыга быў адным з першых, хто зьвярнуў увагу на творчасьць мастачкі і пачаў расшукваць, зьбіраць зробленае Аленай Кіш.

Першы намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца адзначыў:

Рыгор Сітніца

Рыгор Сітніца

— Творчасьць Алены Кіш у беларускім мастацтве займае найвышэйшае месца. Яе працы — абсалютная праява геніяльнасьці, але на ўзроўні падсьвядомасьці. Вось салавей: ён сьпявае і не думае, што ён гэта робіць геніяльна. Тое ж і з Аленай Кіш. Нехта можа вырабляць нешта падобнае з мэтай зарабіць, а яна пра гэта нават і ня думала. Канешне, яе творы нельга ацэньваць з пазыцыяў прафэсійнай творчасьці: мы ж не разглядаем аўтэнтычныя народныя сьпевы з пазыцый, скажам, джазавай музыкі. Хоць нейкія паралелі правесьці часам і магчыма... Але тое, што творчасьць Алены Кіш — гэта найвышэйшая праява нацыянальных каштоўнасьцяў, не падляе сумненьню.

Імя Алены Кіш унесена ў «Сусьветную энцыкляпэдыю наіўнага мастацтва», пад вокладкай якой сабраныя 800 мастакоў з 50 краінаў сьвету. Яе творчасьць падштурхнула ў 80-я гады і некаторых беларускіх мастакоў паспрабаваць аднавіць гэты ўзор народнай традыцыі. Так, расьпісвалі дываны Алесь Марачкін, Віктар Маркавец. Дайшло нават да таго, што Таццяна Гаранская і Віктар Маркавец зладзілі ў Заслаўі некалькі плэнераў, прысьвечаных маляваным дыванам. На жаль, Віктар Маркавец пайшоў з жыцьця, але трэба спадзявацца, што маляваньне дываноў на вуліцах Заслаўя падчас сьвята гораду будзе працягвацца.

Экспазыцыя выставы твораў Алены Кіш цікавая яшчэ й тым, што яна знаёміць з двума дыванамі з асабістай калекцыі Уладзімера Басалыгі, дзякуючы якому некаторыя творы мастачкі апынуліся ў сховах заслаўскага музэю-заказьніка. Яшчэ два дываны прадстаўлены мінчанкай Ірынай Пуставалавай. Паводле сямейнага паданьня, гэтыя творы трапілі на замову ад самой мастачкі ў сям’ю таксама «на шчасьце». Яшчэ два дываны менавіта для гэтай выставы былі рэстаўраваныя на сродкі БНБ. Дзякуючы гэтай фінансавай установе, экзэмпляр «Сусьветнай энцыкляпэдыі наіўнага мастацтва» будзе даступны ў Беларусі для шырокага знаёмства.

Арганізатары выставы зьвярнуліся са зваротам да яе наведнікаў уважліва агледзець старыя дамы ў вёсках, дзе, магчыма, дагэтуль можна адшукаць творы народных самадзейных мастакоў з тым, каб паказаць іх спэцыялістам і тым самым зьберагчы ўнікальную мастацкую спадчыну краіны.

Выстава твораў Алены Кіш будзе працаваць да 15 студзеня 2014 году.
XS
SM
MD
LG