Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьніку Міхасю Андрасюку адмовілі ў беларускай візе


Міхась Андрасюк

Міхась Андрасюк

Міхась Андрасюк, беларускі пісьменьнік і журналіст Радыё Рацыя ў Беластоку, зьбіраўся ехаць на аўтарскую сустрэчу з чытачамі ў Менск у другой палове сьнежня.

Але ў консульстве Рэспублікі Беларусь у Беластоку, куды ён пайшоў па візу, яму сказалі, што ён яе не атрымае.

Сытуацыю з адмовай візы тлумачыць Радыё Свабода сам Міхась Андрасюк:

«Маладыя людзі запрапанавалі мне сустрэчу ў Менску як беларускаму аўтару, беларускаму пісьменьніку. Зразумела, мне трэба было атрымаць візу, бо ў мяне яе зараз няма. Ну і я схадзіў у наша беластоцкае консульства. Спадарыня ў консульстве, зь якой я гаварыў наконт візы, сышла некуды на хвілін пяць, потым вярнулася і запрапанавала мне прыйсьці, бадай, праз два дні. Я прыйшоў праз два дні, і тады мне сказалі, што візы мне не дадуць. Яны мяне, канешне, пыталі, чаго я еду. Я ім сказаў згодна з праўдай, што еду на літаратурную сустрэчу. А яны мне сказалі – не, пакуль што вы не паедзеце. А на маё пытаньне – чаму? – яны мне, вядома, не адказалі».

Міхась Андрасюк – ня першы актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага жыцьця на Падляшшы, якому адмовілі выдаць беларускую візу. На працягу апошняга часу візы на паездку ў Беларусь не атрымалі кіраўнік Радыё Рацыя Яўген Вапа, радыёжурналіст Юрка Ляшчынскі, тэлежурналіст Юрка Каліна, гісторык Лена Глагоўская.

Міхась Андрасюк – адзін з найбольш вядомых беларускіх літаратараў у Польшчы. Піша па-беларуску і па-польску. У Беластоку выйшлі ягоныя кніжкі прозы: «Фірма» (2000), «Мясцовая гравітацыя» (2004), «Белы конь» (2006), «Wagon drugiej klasy» (2010). У 2010 годзе ягоная кніжка «Вуліца Добрай Надзеі» выйшла ў Менску.

Гутарку з Міхасём Андрасюком у рубрыцы «Café Europa» чытайце ТУТ.

А ў рубрыцы «Варта» можаце прачытаць пра дзьве апошнія кніжкі, якія ён выдаў у Беластоку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG