Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўныя Менскага аўтамабільнага заводу скардзяцца на адсутнасьць працы і нізкія заробкі.

На прадпрыемстве скарочаны працоўны тыдзень у шэрагу катэгорыяў працоўных. Прычына крызісу — адсутнасьць збыту аўтамабіляў.

Працоўныя Менскага аўтамабільнага заводу — гэта тысячы людзей, занятыя на вытворчасьці МАЗаў у розных цэхах, канвэерах і службах. Аднак усе яны аднолькава незадаволеныя ўмовамі працы, якія цяпер існуюць на прадпрыемстве. Карэспандэнтка Радыё Свабода гутарыць з працоўнымі.

Карэспандэнтка: «Ці добра вам працаваць на МАЗе? Як працуецца?»

Працоўны: «Ну як працуецца — бываюць розныя нягоды. Паколькі мы завод—вытворца, дык самае галоўнае для нас — прадаць».

Карэспандэнтка: «Прадаяце?»

Працоўны: «Нам гэта невядома».

Карэспандэнтка: «Працуеце ўвесь тыдзень?»

Іншы працоўны: «Я быў на сэсіі, але, здаецца, мінулая пятніца была выходная. Асаблівага незадавальненьня ад гэтага ў людзей няма, але і асаблівай радасьці таксама».

Працоўная: «Канечне, заробак зусім малы. У мяне асабіста заробак — два мільёны васямсот тысяч. Я жыву адна — ну ўявіце!»

Карэспандэнтка: «Як выходзіце са становішча?»

Працоўная: «Ну як — эканомім на ўсім».

Карэспандэнтка: «Што людзі кажуць; ці спадзяюцца, што нешта зьменіцца?»

Працоўная: «Нічога ня зьменіцца ў нас на заводзе. Расейцы хутка выкупяць усё. Але я вельмі моцна сумняваюся, што там будзе лепш».

Карэспандэнтка: «Кажуць, што на МАЗе скарачаюць працоўны тыдзень і заробкі, — ці праўда гэта?»

Працоўны: «Мы, сьлесары, працуем пяць дзён, шосты — рамонт. Зарабляем... нічога. А што зробіш, калі МАЗы не бяруць?»

Карэспандэнтка: «Што абяцае адміністрацыя, ці зьменіцца становішча?»

Працоўны: «Ну, абяцаюць, што хутка зьменіцца».

Карэспандэнтка: «Верыце?»

Працоўны: «Ну трэба ж заўсёды верыць».

Паводле аўтазаводцаў, бальшыню сталых працоўных прадпрыемства складаюць людзі, якія шмат гадоў застаюцца на вытворчасьці. Моладзь на МАЗе не затрымліваецца. Працягваю гаворку з маладымі працаўнікамі:

Карэспандэнтка «Як працуецца на МАЗе? Ці ёсьць праца?»

Працоўны: «Пакуль, нібыта, ёсьць. А, магчыма, і няма... Няма працы».

Іншы працоўны: «Вельмі мала працы. Пляну няма, грошай няма — вось так».

Карэспандэнтка: «Але ж на працу ходзіце. І што робіце?»

Працоўны: «Ходзім — а што рабіць. Зьбіраем кабіны, але працы ўдвая менш, чым было».

Карэспандэнтка: «На заробкі гэта як уплывае?»

Іншы працоўны: «Значна меншыя заробкі, утрая».

Карэспанедэнтка: «Працуеце ўвесь тыдзень?»

Працоўны: «Гэты — увесь, а на мінулым працавалі чатыры дні».

Карэспандэнтка: «Што кажа адміністрацыя — з чым зьвязана такое становішча, што абяцае?»

Іншы працоўны: «Ніхто нічога ня кажа. Да нас нічога не даходзіць, бо мы — простыя працоўныя».

Карэспандэнтка: «А вы што думаеце: чаму так ёсьць?»

Працоўны: «Пэўна, збыту няма. Каму яны патрэбныя, гэтыя МАЗы? Людзі працуюць, а грошай ня плацяць. Кошты падвышаюцца, заробкі — не. »

Карэспандэнтка: «Як вы самі выходзіце з гэтай сытуацыі?»

Іншы працоўны: «Звычайна — бярэш звальняесься ды шукаеш працу».

Працоўны: «Канец кантракту — новая праца».

Карэспандэнтка: «Хто застанецца на МАЗе?»

Працоўны: «Дурні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG