Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрэбнае аб’яднаньне тых, хто лічыць рэжым нерэфармавальным, — Вячорка


Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Адзін зь лідэраў аргкамітэту Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец выступіў з прапановай правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў ужо ў красавіку 2014 году, каб дэлегатамі сталі кандыдаты ад апазыцыі на мясцовых выбарах.

Паводле Севярынца, Кангрэс вызначыць адзінага кандыдата, які аб’яднае дэмакратычныя сілы.

Сустаршыня аргкамітэту «Беларускага руху» Вінцук Вячорка ў інтэрвію Свабодзе падкрэсьліў, што вылучаць «адзінага» заўчасна, паколькі ў апазыцыі існуе стратэгічны раскол і трэба найперш вызначыцца з фарматам удзелу ў выбарах 2015 году, бо шмат што можа зьмяніцца:
Але цяпер у апазыцыі праходзіць выразная лінія расколу, і гэты раскол не па лініі амбіцыяў, а па стаўленьні да рэжыму
«Калі казаць пра Кангрэс у цэлым, то ў 2005 годзе кангрэс ужо вылучаў адзінага ці „паўадзінага“ кандыдата. Але цяпер у апазыцыі праходзіць выразная лінія расколу, і гэты раскол не праз амбіцыі, а паводле стаўленьня да рэжыму: ці магчымая яго лібэралізацыя, ці магчыма антыэўрапейскі рэжым уцягнуць у Эўропу, ці трактаваць Лукашэнку як абарону незалежнасьці... Мне здаецца, што паразуменьне паміж гэтымі плынямі немагчымае».
Аргумэнтацыя тых, хто байкатуе — вельмі ясная, яна знаходзіцца ў сугучнасьці з настроямі грамадзтва.

Паводле Вячоркі, еднасьць мусіць быць сярод тых, хто лічыць, што рэжым нерэфармавальны:
«І ўжо тады можна весьці размову пра фармат кампаніі 2015 году ды стратэгіі падрыхтоўкі да яе. Толькі тады, магчыма, вылучаць адзінага кандыдата. Нельга апрыёры закладаць, што гэта будзе клясычная выбарчая кампанія».
Вінцук Вячорка занепакоены, што ідэя Паўла Севярынца, каб дэлегатамі Кангрэсу сталі кандыдаты на мясцовых выбарах, адсячэ значную частку тых, хто ў так званых выбарах ня ўдзельнічае ці іх байкатуе. Яны не прызнаюць вынікаў такога Кангрэсу.
«Аргумэнтацыя тых, хто байкатуе, — вельмі ясная, яна знаходзіцца ў сугучнасьці з настроямі грамадзтва. Выбары ня маюць ніжняга парогу яўкі. Цяперашнія ўмовы выключаюць магчымасьці агітацыі ды кантролю за падлікам галасоў».


ПРАЦЯГ ТЭМЫ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG