Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадаецца збанкрутаваны завод


Аб’ява на адной з прахадных. Завод не працуе – няма чаго хадзіць

Аб’ява на адной з прахадных. Завод не працуе – няма чаго хадзіць

У Магілёве прадаецца найстарэйшае прадпрыемства гораду — былы завод штучнага валакна. Ягоны ўласьнік — акцыянэрнае таварыства «Хімвалакно» — збывае комплекс вытворчасьці сынтэтычнай плёнкі, які застаўся дзейным пасьля ліквідаваньня заводу.

Заяўляецца, што патэнцыйны пакупнік павінен мадэрнізаваць вытворчасьць з захаваньнем профілю завода і працоўных месцаў.

Былы завод штучнага валакна займае немалую плошчу. Яшчэ зь дзясятак гадоў таму пра яго казалі як пра пасьпяховае прадпрыемства. Шмат спадзеву ўскладалі на новую вытворчасьць сынтэтычнай плёнкі. Ад былой велічы, аднак, засталося няшмат. Працуюць толькі два цэхі. Яны вылучаюцца на фоне іншых шэрых занядбаных цэхаў жоўта-сіняй расфарбоўкай, але без ранейшай сымболікі прадпрыемства. Ад яе засталіся толькі меткі. Працоўныя прадпрыемства негаваркія. У праблемах вінавацяць кіраўніцтва.

«Завод, які ад 1932 году існаваў, вайну перажыў, — а яго развалілі за дробязі. Адзін дырэктар малады быў — нешта спрабаваў зрабіць. Потым яго нібыта адправілі на павышэньне. Паставілі, як звычайна ў нас, таго, хто павінен быў разваліць. Разваліў завод літаральна за год. Застаўся толькі завод сынтэтычных плёнак, які цяпер належыць да „Хімвалакна“. Абсталяваньне вывезьлі, хутчэй за ўсё, на мэтал. Вывозілі ўсё грунтоўна. Кралі мэтал», —распавядае пра сытуацыю адзін з работнікаў.

Цэхі заводу некалі поўніліся жыцьцём

Цэхі заводу некалі поўніліся жыцьцём



Пра намеры закрыць завод упершыню загаварылі ў студзені 2012 году. Тады гэта называлася рэарганізацыяй. У ліпені 2012 году ў адным з выпускаў рэгіянальных навінаў было заяўлена:

«Структурным падразьдзяленьнем „Магілёўхімвалаконо“ стаў завод штучнага валакна. Цяпер усе праблемы гэтага прадпрыемства на плячах гіганта прамысловасьці. Да канца году, лічыць генэральны дырэктар „Хімвалакно“ Сяргей Пузевіч, былы завод штучнага валакна выйдзе на працу з прыбыткам».

Аб’ява на адной з прахадных. Завод не працуе – няма чаго хадзіць

Аб’ява на адной з прахадных. Завод не працуе – няма чаго хадзіць



На тэрыторыі завода нешматлюдна. Як і раней, тут захаваўся прапускны рэжым. Стоячы за агароджай, працаўнік працягвае аповед пра цяперашні стан прадпрыемства:

«Якая там жыцьцядзейнасьць — там жа ўсё адключана. Адзінае, што там працуе, дык гэта ЦЭЦ, бо яна ацяпляе ўвесь гэты раён. Дужа вялікі быў завод. Дык вось „уклалі“ яго. Такое адчуваньне, што ўсё гэта было загадзя сплянавана. Ня могуць яны яго мадэрнізаваць. Ня хочуць укладаць сродкі, бо давядзецца цягнуць такую лямку. Дык трэба проста зрабіць гэтак, каб ён „ляснуў“. Які там заробак, пра што вы кажыце!. Дробязь, капейкі. А колькі ж людзей пазвальнялі...»

Бальшыня тых, з кім удалося пагутарыць ля заводу і ў бліжэйшым жылым масіве, пра продаж прадпрыемства яшчэ ня чулі. Вэтэран заводу, пачуўшы пра такія намеры, не хаваў эмоцыяў і моцных выказваньняў:

«Я ўсё жыцьцё адпрацаваў на ім, ад 1953 году. Вядома ж, шкада — такое прадпрыемства было. Грымеў тады завод. Я сорак тры гады адпрацаваў на ім. І на пэнсіі яшчэ троху папрацаваў», — абураецца спадар сталага веку.

Стан уласьніка збанкрутаванага заводу — аб’яднаньня "Хімвалакно«— незайздросны. Гэта не сакрэт для магілёўцаў:

«Хімвалакно», наколькі я ведаю, таксама банкрутам зьяўляецца. Гэта ж некалі былі гіганты саюзнага значэньня, якія прыносілі вялізныя даходы, і там былі задзейнічаныя тысячы людзей. Цяпер жа ўсіх людзей куды? На вуліцу! Цяпер жа людзі нідзе не працуюць. Так, былі выкіды шкодныя, пах, але разам з тым была праца. А на сёньняшні дзень — усё. Завод расьцягнулі!"

Сярод меркаваньняў ёсьць і аптымістычныя: маўляў, калі прададуць завод, ён можа і ачуняць:

Спадар: «Пра гэты завод я ведаў, што ён банкрут, а што прадаваць яго зьбіраюцца, то ня чуў нічога. Ну няхай прадаюць. Мо гаспадар добры трапіцца, і людзей будзе прыцягваць да працы. А цяпер што тут? — Заняпад», — канстатуе адзін зь мінакоў«.

Спадар: «Калі людзям няма з чаго плаціць, няма працы — дык трэба ж нешта рабіць. Трэба проста людзей некуды прыстроіць, каб яны не засталіся бяз працы. Мо нешта новае тут наладжваць. Карысьці ж ад таго, што будынкі будуць пуставаць, а людзі будуць хадзіць і зарабляць мільён, ці два, няма — як яны пражывуць...»

У тым жа 2012 годзе заяўлялася, што завод наагул зьбіраюцца зьнесьці. Пакуль жа пра ягоны продаж вядома няшмат, як і пра кошт. Комплекс вытворчасьцяў абяцаюць ацаніць незалежнай экспэртызай.

Цэхі ў жоўта-сіняй афарбоўцы – тыя, што яшчэ працуюць, і якія прадаюць

Цэхі ў жоўта-сіняй афарбоўцы – тыя, што яшчэ працуюць, і якія прадаюць

XS
SM
MD
LG