Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыжова зьбілі ў выцьвярэзьніку. За гэта ж і судзяць


Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

20 сьнежня віцебскага актывіста Сяргея Рыжова будуць судзіць за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Падчас складаньня пратакола віцебскага палітыка папярэдзілі: калі суд пацьвердзіць ягоную вінаватасьць, супраць яго распачнуць яшчэ адну справу. Ужо крымінальную — за паклёп на супрацоўнікаў выцьвярэзьніку.

Падзеі, якія мае прааналізаваць судзьдзя Першамайскага раённага суду Натальля Карабліна, адбываліся 16 лістапада. Тады Сяргей Рыжоў трапіў у віцебскі мэдвыцьвярэзьнік. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі—міліцыянты прывязалі яго да крэсла, зьбівалі і выкручвалі пальцы, патрабуючы падпісаць нейкія дакумэнты. Праз 4 гадзіны яго адпусьцілі. Рыжоў выклікаў хуткую дапамогу, і ў траўмапункце яму зрабілі рэнтген грудной клеткі. Пераломаў рэбраў выяўлена не было. Аднак падчас агляду ў паліклініцы на наступны дзень былі зафіксаваныя шматлікія траўмы: сінякі на целе і драпіны на руках.

«З траўмапункту і з хуткай дапамогі зьвесткі пра маё зьбіцьцё перадалі ў міліцыю, адтуль яны трапілі ў сьледчы камітэт. Ужо ранкам 17 лістапада да мяне прыйшоў сьледчы, і я распавёў яму пра зьбіцьцё і катаваньні ў выцьвярэзьніку. Увечары таго ж дня мне на мабільны нумар патэлефанаваў чалавек, які назваўся начальнікам выцьвярэзьніку. Ён прапанаваў мне выйсьці на вуліцу і паразмаўляць у ягонай машыне. Пра што — не патлумачыў і падняцца да мяне ў кватэру адмовіўся. Я таксама на размову зь незнаёмым чалавекам бязь сьведак не пагадзіўся»,— распавёў Сяргей Рыжоў.

Сьледчы камітэт праводзіць праверку па фактах, выкладзеных Рыжовым. Толькі праз два тыдні пасьля падзеяў у выцьвярэзьніку зь яго ўзялі тлумачэньні, каб распачаць справу за непадпарадкаваньне міліцыянтам — супрацоўнікам гэтай установы. Тады ж і папярэдзілі: калі суд прызнае яго вінаватым, супраць яго распачнуць справу за паклёп на міліцыянтаў.

Паводле Рыжова, усе доказы, ці было насамрэч непадпарадкаваньне, можна ўбачыць на відэазапісах. Як вядома, у выцьвярэзьніку ўсталяваныя відэакамэры, каб фіксаваць выпадкі крадзяжоў у нецьвярозых грамадзянаў ці іншыя злоўжываньні. Запіс зь відэакамэраў, на думку Сяргея Рыжова, абавязкова мусіць паглядзець суд: там будзе відаць, ці былі факты непадпарадкаваньня, і таксама факты катаваньняў і зьбіцьця.

Віцебскі ўрач Ігар Пасноў, даверанай асобай якога зьяўляецца Сяргей Рыжоў, убачыў апошняга назаўтра пасьля выцьвярэзьніку:

Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

«Ён быў зьбіты, у сіняках, пальцы апухлыя, ціск падвышаны. Як мэдыку мне незразумела, чаму яго адразу ж не накіравалі на больш грунтоўнае абсьледаваньне: не зрабілі рэнтген унутраных органаў, пашкоджаных рук... Яму нават накіраваньне на аналізы не далі! Хірург у паліклініцы засьведчыў шматлікія пашкоджаньні, якія маюць цяпер сумныя наступствы: у Рыжова няправільна зрасьліся пераламаныя пальцы, цяпер патрабуецца апэрацыя. Я ўвогуле не ўяўляю сабе, як хударлявы, невысокага росту Рыжоў мог так „не падпарадкоўвацца“ двум-тром міліцыянтам, што ў яго былі сінякі на ўсім целе, сьлед ад удушэньня на шыі і выкручаныя пальцы...»

Ігар Пасноў не выключае, што жорсткае абыходжаньне з Рыжовым — гэта наступствы ягонай гісторыі з прымусовым лячэньнем у псыхіятрычным шпіталі пасьля крытыкі кіраўніцтва вобласьці. Сяргей Рыжоў стаў даверанай асобай Паснова, і ў той дзень, калі трапіў у выцьвярэзьнік, ён зьбіраўся да яго на сустрэчу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG