Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША разьлічваюць на ўзнаўленьне нармальнай працы амбасады ў Беларусі


Эрык Рубін
Эрык Рубін

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Эрык Рубін правёў у Менску перамовы наконт вяртаньня ў Беларусь дыпляматаў, якія былі адкліканыя пад ціскам беларускіх уладаў яшчэ ў 2008 годзе.

Але ў цэнтры ўвагі афіцыйнага прадстаўніка ЗША заставалася праблема палітвязьняў.

У прыватнасьці, абмеркаваньне сытуацыі з палітвязьнямі было ў цэнтры размовы, якую правёў зь лідэрамі беларускай апазыцыі намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Эрык Рубін. Пра гэта Свабодзе расказаў удзельнік сустрэчы, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў:

«Было адзначана, што сытуацыя з палітвязьнямі знаходзіцца ў тупіковым стане. І трэба з гэтага стану неяк выходзіць. Бо невырашэньне гэтай праблемы не дазваляе вырашаць усе астатнія. Карацей, неабходныя сур’ёзныя перамовы. А пасьля ўжо вырашаць усё іншае».

Уладзімер Някляеў сказаў, што абмяркоўваліся і іншыя пытаньні. Гэта і няпростыя варункі, у якіх знаходзіцца грамадзянская супольнасьць, і сытуацыя ва Ўкраіне зь яе праекцыяй на Беларусь: як яна можа паўплываць на стан грамадзтва. Уздымаліся пытаньні ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Расеяй, Беларусьсю і Эўразьвязам. Спадар Рубін цікавіўся, якую ролю ва ўсім гэтым — ад мясцовай праблематыкі да геапалітычнай — маглі б адыграць Злучаныя Штаты Амэрыкі.

Амэрыканскі дыплямат таксама заявіў, што ЗША разьлічваюць на ўзнаўленьне паўнавартаснай працы сваёй амбасады ў Беларусі. Паводле Эрыка Рубіна, у МЗС Беларусі канструктыўна паставіліся да такой магчымасьці. Нежаданьня з боку афіцыйнага Менску мець у Беларусі паўнавартасную амэрыканскую амбасаду цяпер не назіраецца.

На просьбу Свабоды пракамэнтаваць сытуацыю са складам амбасады ЗША ў Беларусі намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына адказала:

«Я асабіста не прысутнічала на перамовах, якія праводзіў наш міністар са спадаром Рубіным. Таму я не магу ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэту інфармацыю».

11 сьнежня на сустрэчы з прадстаўніком Дзярждэпартамэнту ЗША міністар Уладзімер Макей заявіў, што Менск імкнецца да паляпшэньня дачыненьняў з ЗША:

«Наша краіна разумее важнасьць падтрыманьня добрых дачыненьняў з ЗША, мы імкнемся да паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Мы гатовыя да адкрытага і шчырага дыялёгу».

У 2008 годзе беларускі ўрад у аднабаковым парадку ўвёў абмежаваньні на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў, якім дазволена працаваць у Беларусі. З-за гэтага амбасада ЗША была вымушана скараціць свой штат з 35 да 5 дыпляматаў і адклікаць зь Беларусі свайго амбасадара. Як напісана на афіцыйным сайце амбасады ЗША, «вымушанае скарачэньне штату істотна абмежавала магчымасьці амбасады па ажыцьцяўленьні ўзаемавыгадных дыпляматычных праграм і стасункаў, уключаючы культурныя і адукацыйныя абмены, праграмы дапамогі і візавыя паслугі».

Сёньня Эрык Рубін пакідае Беларусь. На сустрэчы зь лідэрамі апазыцыі амэрыканскі дыплямат сказаў, што ён выканаў усю праграму, якая была прадугледжаная ягоным візытам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG