Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Новы бюджэт прывядзе да стагнацыі і рэцэсіі»


Ярасалаў Раманчук

Ярасалаў Раманчук

Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук ацаніў для Свабоды ўхвалены ўчора рэспубліканскі бюджэт.

Яраслаў Раманчук пасьпеў прааналізаваць зацьверджаны 12 сьнежня ў першым чытаньні Палаты прадстаўнікоў бюджэт Рэспублікі Беларусь на 2014 год і ацаніў, чаму ўлады зноў нахабна абдзялілі настаўнікаў і лекараў, а таксама навошта ў бюджэт закладзеныя выдаткі на пакарэньне Антарктыды.

Свабода: «Ці можна назваць прыняты ў першым чытаньні 12 сьнежня бюджэт сацыяльным, які звычайна заяўляюць беларускія ўлады?»

Раманчук: «Гэты бюджэт зьяўляецца сацыяльным для прадстаўнікоў намэнклятуры, для тых, хто атрымлівае трыльёны рублёў з так званай мадэрнізацыйнай нагоды, для сілавікоў, а таксама для тых, хто выкарыстоўвае сродкі бюджэту для падтрымкі свайго бізнэсу. Што тычыцца сацыяльнай тэмы ў сувязі са стварэньнем новых месцаў працы, з адукацыяй, з аховай здароўя, то там няма нічога такога, што б дазволіла сказаць, што беларускія лекары, настаўнікі, выхавацелі дзіцячых садкоў будуць жыць лепш».

Свабода: «Ці вытрымае ўрад цягам году бездэфіцытнае выкананьне бюджэту?»

Раманчук: «Справа ў тым, што ў нас ёсьць такая рэч, як псэўдабюджэтныя ці квазібюджэтныя выдаткі. Яны складаюць 4-6 % ВУП. Гэта тое, чым дзяржава фінансуе розныя камэрцыйныя структуры. Таму тэма бездэфіцытнага бюджэту — гэта даволі тэхнічная рэч. Да таго ж у нас бюджэт цягам году пераацэньваецца некалькі разоў. У выніку, які будзе зьверху загад, такая будзе і лічба».

Свабода: «Ці паспрыяе бюджэт росту эканомікі?»

Раманчук: «Гэта той бюджэт, які альбо яшчэ больш зробіць стагнацыю хранічнай, альбо будзе прамым шляхам да рэцэсіі калі не ў наступным годзе, то ў 2015-м. Бюджэт, настроены на тое, каб эканоміка нейкім чынам трымалася толькі за кошт зьнешніх крэдытаў,— гэта трайное злачынства. Нават Лукашэнка сказаў, што мы зьдзяйсьняем трайное злачынства, калі бярэм замежныя крэдыты, выкарыстоўваем ім вельмі неэфэктыўна, а пасьля ня можам прыдумаць, што рабіць з прадукцыяй, якую на гэтыя крэдыты вырабілі. Гэтае трайное злачынства адаб’ецца крызісам усёй эканомікі напрыканцы 2014 ці ў 2015 годзе. Вядома, можа зьявіцца „палачка-выручалачка“ з боку Расеі, але яна задарма аказваць нам дапамогу ня будзе».

Свабода: «Чаму растуць расходы на сілавікоў і зьмяншаюцца на адукацыю і культуру?»

Раманчук: «Тыя, хто лябіюе свае інтарэсы, маюць вялікую долю ў бюджэце. Лябізм набліжанай да ўлады меншасьці значна больш эфэктыўны, чым пасыўнае чаканьне большасьці. Атрымліваецца, што прадстаўнікі сфэры адукацыі, культуры, мэдыцыны апынуцца яшчэ ў горшых умовах».
Свабода: «З 4,72 да 6,52 мільярдаў павялічаны бюджэт на асваеньне Антарктыды. Для чаго гэта зроблена, навошта Беларусі лядовы кантынэнт, як вы думаеце?»

Раманчук: «Нехта з адміністрацыі прэзыдэнта захацеў сфатаграфавацца ў Антарктыдзе. Для таго, каб сваю мару ажыцьцявіць, за кошт бюджэту будзе зробленая такая экскурсія. Відаць, Азія, Афрыка і Інданэзія ўжо гэтага чыноўніка ня торкаюць, таму захацелася ў Антарктыду. Іншага тлумачэньня такой траты зь бюджэту проста немагчыма ўявіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG