Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская апазыцыя склікае чарговае Народнае веча і пабойваецца правакацый з боку ўладаў, якія вырашылі адначасова з апазыцыйнай правесьці ў Кіеве маштабную акцыю на сваю падтрымку.

Народнае веча «Дзень годнасьці», якое склікае ўкраінская апазыцыя, адбудзецца ў Кіеве 15 сьнежня. Як паведаміў лідэр фракцыі «Бацькаўшчыны» ў Вярхоўнай Радзе Арсень Яцанюк, яго асноўная задача — «ня даць магчымасьці прэзыдэнту Віктару Януковічу падпісаць пагадненьне аб уступленьні Ўкраіны ў Мытны саюз»:

«Ён едзе 17-га чысла ў Маскву, і наша ключавое патрабаваньне — каб Віктар Януковіч не падпісаў пагадненьне аб уступленьні Ўкраіны ў Мытны саюз»,— сказаў Яцанюк.

Народнае веча пачнецца на Майдане незалежнасьці ў Кіеве апоўдні ў бліжэйшую нядзелю.

Тым часам за 800 мэтраў адтуль, на Эўрапейскай плошчы Кіева прыхільнікі прэзыдэнта Януковіча рыхтуюць свой Майдан. Некалькі тысяч чалавек з сымболікай кіроўнай Партыі рэгіёнаў ўжо цяпер знаходзяцца ў Марыінскім парку сталіцы Ўкраіны, але апошнімі днямі пачалася падрыхтоўка да выезду ў Кіеў шматлікіх аўтобусаў з усходніх абласьцей Украіны — для дэманстрацыі падтрымкі палітычнага курсу Віктара Януковіча.

Арсень Яцанюк заявіў Свабодзе, што ўлада рыхтуе шырокамаштабную правакацыю на суботу і нядзелю. Паводле яго слоў, цяпер улады звозяць людзей у Кіеў, каб пачаць грамадзянскі канфлікт, «увесьці надзвычайнае становішча, уводзіць войскі, уводзіць „Беркут“, разагнаць Майдан».

«Гэта навіна, на якую мы маем вельмі сур’ёзныя пацьверджаньні, і мы не дамо магчымасьці гэта зрабіць Віктару Януковічу»,— заявіў Арсень Яцанюк.

Паводле газэты «Дзеркало тижня», што кіраўніцтва Ўкраіны паставіла перад Міністэрствам абароны задачу забясьпечыць на выхадныя 14-15 сьнежня пункты харчаваньня (палявыя кухні, сталовыя), разьмяшчэньне і забесьпячэньне палівам 200 000 цывільных, якія павінны прыбыць у Кіеў для ўдзелу ў альтэрнатыўных масавых захадах у падтрымку прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Тым часам ўкраінская ўлада інтэнсыфікавала перамовы з Эўразьвязам. Першы віцэ-прэм’ер Сяргей Арбузаў заявіў, што Ўкраіна можа ўжо неўзабаве падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. Пра гэта ён сказаў у Брусэлі пасьля сустрэчы з эўракамісарам Штэфанам Фюле.

«Кабінэт міністраў выконвае пастаўленую прэзыдэнтам Украіны задачу стварыць умовы для падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі. Мы дамовіліся аб пачатку дыялёгу высокага ўзроўню для каардынацыі падрыхтоўчай працы для падпісаньня і імплемэнтацыі пагадненьня аб асацыяцыі. Бліжэйшымі днямі мы вызначым задачы для абодвух бакоў і графік іх рэалізацыі»,— адзначыў Арбузаў.

«Запэўніваю ўкраінскі народ: перамовы працягваюцца. Неўзабаве Ўкраіна падыдзе да моманту падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ — улікам стратэгічных нацыянальных інтарэсаў»,— дадаў ён.

Улады ідуць і на іншыя саступкі Эўрамайдану, у прыватнасьці пачалі выпускаць арыштаваных за ўдзел у акцыі мітынгоўцаў. Апрача таго Януковіч зьвярнуўся з заклікам аб дыялёгу.

Апазыцыя ж пакуль не пагадажецца на прапанаваны Януковічам круглы стол. Як паведаміў Радыё Свабода дэпутат ад «Бацькаўшчына» Сяргей Цярохін, перамовы немагчымыя, пакуль не будуць вырашаны два пытаньні:

«Першае — адстаўка прэм’ера Мікалая Азарава і вярхушкі ўрада. Не таму, што Майдан гэтага просіць, а таму, што давялі эканоміку краіны да зьнішчэньня. Другое — неабходна вызваліць і пакараць усіх, хто ўжываў сілу да ўдзельнікаў Эўрамайдана і аддаваў загады. Ажно да міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі».

Другі варыянт, які лічыць магчымым прадстаўнік апазыцыі, гэта поўная перазагрузка ўкраінскай улады — перавыбары прэзыдэнта і парлямэнта, якія павінны адбыцца датэрмінова. На гэтым настойвае ў прыватнасьці лідэр «Удару» Віталь Клічко. Наконт датэрміновых выбараў ва Ўкраіне як спосабу вырашэньня канфлікту заявіў учора ў сваёй рэзалюцыі і Эўрапарлямэнт.





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG