Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сустрэчы прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША


Эрык Рубін, архіўнае фота

Эрык Рубін, архіўнае фота

Намесьнік памочніка Дзяржсакратара ЗША Эрык Рубін 12 сьнежня працягвае свой візыт у Беларусь. Падрабязнасьцяў пра мэты і праграму сустрэч ні беларускі, ні амэрыканскі бакі не падаюць.

У Амбасадзе ЗША у Менску Свабодзе паведамілі толькі, што ў праграме спадара Рубіна — сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі.

Грамадзянскую супольнасьць на сустрэчы з Эрыкам Рубінам прадстаўлялі сярод іншых Юры Зісер, Сяргей Нікалюк, Аляксандар Старыкевіч. Спадар Старыкевіч, які выступаў як намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, падзяліўся са Свабодай сваімі ўражаньнямі:

«Бачна, што ён добра абазнаны ў беларускай сытуацыі. Бо гэта тычыцца далёка ня ўсіх замежных дыпляматаў, якія прыяжджаюць у нашу краіну. І яна спадару Рубіну цікавая. Цікавая ў тым ліку і ў дэталях. І гэта, мабыць, галоўнае.

Наўрад ці я магу яшчэ нешта большае сказаць. Зь іхнага боку ніякіх пасылаў не было, ніякіх заяваў не распаўсюджвалася».

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк

«Амэрыканскага дыплямата найбольш цікавілі беларуска-расейскія дачыненьні. З гэтай нагоды я зьвярнуў яго ўвагу на правал праграмы мадэрнізацыі беларускай эканомікі, — кажа палітоляг Сяргей Нікалюк. — Дадзены год у нас быў афіцыйна названы годам пераломным. Гэты год павінны быў забясьпечыць мадэрнізацыю прамысловых прадпрыемстваў. Цяпер зразумела, што мадэрнізацыя правалілася. А ўлада спадзявалася на мадэрнізацыю як на крыніцу папаўненьня рэсурсаў. З прыцэлам на прэзыдэнцкія выбары 2015 году.

Сёньня становіцца канчаткова зразумелым: без дапамогі Расеі праблема 2015 году з апорай на ўнутраныя рэсурсы вырашаная быць ня можа».

Афіцыйныя беларускія ўлады фактычна не камэнтуюць перамовы Эрыка Рубіна з прадстаўнікамі ўладных структураў. Напрыклад, паведамленьне аб сустрэчы амэрыканскага дыплямата зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем прэсавая служба МЗС уклала ўсяго ў адзін сказ: «Падчас размовы быў абмеркаваны стан беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў і вывучаныя магчымасьці разьвіцьця супрацоўніцтва ў сфэрах узаемнага інтарэсу і ўзаемнай занепакоенасьці».

Доктар палітычных навук зь Беларускага цэнтру палітычных дасьледаваньняў Павал Вусаў лічыць, што гэтым разам беларускія і амэрыканскія чыноўнікі абмяркоўваюць спэцыфічныя рэчы:

Павал Вусаў

Павал Вусаў

«Для мяне найбольш верагоднай канцэпцыяй гэтага візыту зьяўляецца агульная стратэгія ЗША на постсавецкай прасторы, зьвязаная з так званай Паўночнай разьмеркавальнай сеткай. Частка яе праходзіць па тэрыторыі Беларусі. Перш за ўсё гэта чыгуначны транспарт.

Гэта альтэрнатыва даставак розных грузаў, найперш не вайсковага прызначэньня, у Аўганістан. Гэта сетка працуе дзесьці з 2009 году. На пачатку яна ўводзілася дзеля таго, каб ЗША маглі выводзіць з Аўганістану войскі і розныя грузы. Але, як мы ведаем, зьмянілася канцэпцыя, і ЗША не зьбіраюцца цалкам сыходзіць з Аўганістану. А гэта азначае, што Паўночная разьмеркавальная сетка набывае новае значэньне і новую вагу для Злучаных Штатаў Амэрыкі», — кажа Павал Вусаў.

Спадар Вусаў не выключае яшчэ адну падставу для візыту ў Беларусь амэрыканскага дыплямата Эрыка Рубіна:

«Магчыма, ЗША зьбіраюцца вярнуцца ў Эўропу. Гэта найперш зьвязана з тым, што Расея актыўна пачынае адбудоўваць сваю сфэру геапалітычнага ўплыву. Памкненьні Крамля ўцягнуць Украіну ў сфэру свайго ўплыву паказваюць, што Расея хоча стаць адным з геапалітычных полюсаў. Таму, магчыма, ЗША зандуюць глебу, дзе яны могуць згуляць у сваю гульню — зь якімі краінамі, зь якімі кіраўнікамі, нават аўтарытарнымі — каб неяк стрымаць уплыў Расеі».

Сустрэча зь лідэрамі беларускай апазыцыі — апошняе сёньняшняе мерапрыемства. Яно пачынаецца а палове на восьмую вечара па беларускім часе ў фармаце агульнай вячэры. Сярод тых, хто атрымаў запрашэньні, — Станіслаў Багданкевіч, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч ды іншыя. Лідэры апазыцыі сказалі Свабодзе, што хочуць заявіць прадстаўніку Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША пра абавязковую неабходнасьць вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў, правядзеньня свабодных і сумленных выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG