Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўмгертнэр. Хатні арышт па-царску


Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр, абвінавачаны беларускімі ўладамі ў нанясеньні істотнай шкоды вытворцу мінэральных угнаеньняў «Беларуськалій» і трэйдэру «Беларуская калійная кампанія», пераведзены пад хатні арышт у Маскве. Цяпер ён зноў жыве ў сваім шыкоўным пэнтхаўсе коштам 150 мільёнаў расейскіх рублёў.

Генэральны дырэктар кампаніі «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнэр, абвінавачаны беларускімі ўладамі ў нанясеньні істотнай шкоды вытворцу мінэральных угнаеньняў «Беларуськалій» і трэйдэру «Беларуская калійная кампанія», пераведзены пад хатні арышт у Маскве. Цяпер ён зноў жыве ў сваім шыкоўным пэнтхаўсе коштам 150 мільёнаў расейскіх рублёў.

Да гэтага бізнэсовец амаль тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ Беларусі і на кансьпіратыўнай трохпакаёвай кватэры спэцслужбаў у Менску, а пасьля экстрадыцыі ў Расею амаль тры тыдні правёў у маскоўскім сьледчым ізалятары № 5.

На хадайніцтва сьледзтва Басманны раённы суд горада Масквы прыняў рашэньне накіраваць Уладзіслава Баўмгертнэра па месцы сталага пражываньня. Туды прадпрымальнік выправіўся наўпрост з судовай залі. Такім чынам, адляцеўшы ў Менск на запрашэньне прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча 26 жніўня, дадому ён вярнуўся праз тры з паловай месяцы. Цяпер за фігурантам калійнай справы будуць сачыць з дапамогай адмысловага электроннага бранзалета. Пад хатнім арыштам кіраўнік «Уралкалія» будзе заставацца як найменей да 20 студзеня 2014 году, пасьля чаго мера стрыманьня будзе перагледжаная, зыходзячы з акалічнасьцяў крымінальнай справы.

Як паведамілі ў адвакацкай канторы Аляксея Басістава, які займаецца юрыдычнай абаронай Ўладзіслава Баўмгертнэра, топ-мэнэджэр мае права кантактаваць толькі з бліжэйшымі сваякамі, адвакатам і сьледчымі. Прымаць гасьцей, карыстацца сродкамі сувязі і інтэрнэтам рашэньнем суду Баўмгертнэру забаронена. Ад больш падрабязных камэнтароў спадар Басістаў адмовіўся. Менскі абаронца Баўмгертнэра Дзьмітрый Гарачка на пытаньне, ці можна лічыць рашэньне суду гуманным на тле таго, што расейскаму грамадзяніну давялося перажыць у Беларусі, адказаў наступным чынам:

«Я скажу так: хатні арышт — гэта лепш, чым СІЗА ці любая іншая мера стрыманьня, але горш, чым поўная свабода. Пэўна, вось так. Калі суд прыняў такое рашэньне — значыць, палічыў яго правільным. Магчыма, пытаньне не зусім карэктнае ў частцы гуманістычнасьці, бо ўсё робіцца ў адпаведнасьці з тымі патрабаваньнямі, якія вызначаныя ў Расейскай Фэдэрацыі. Нічога там зламыснага (ці яшчэ чагосьці) няма. Проста прадугледжаны такі парадак у частцы хатняга арышту. Таму што тут казаць пра тое, гуманістычна гэта ці не? Дрэнны, добры закон, але гэта закон. Такі парадак. Я скажу, што мы да гэтага таксама паціху ідзём. Адзінае, у нас пакуль праблема чыста матэрыяльная, вось і ўсё. А так будзе. У прынцыпе ўва ўсім сьвеце хатні арышт, усё, што зь ім зьвязана, зараз адсочваецца такім чынам».

Расейскі праваабаронца Андрэй Юраў перакананы: у сучасным сьвеце няма неабходнасьці прыпадабняцца сярэднявечным мэтадам, кідаючы падазраванага ў злачынстве за краты ажно да абвяшчэньня прысуду:
Я праціўнік таго, што людзей трэба саджаць. І ў гэтым сэнсе, Баўмгертнэр ці не Баўмгертнэр — мне абсалютна ўсё роўна

«Я ўвогуле сур’ёзны прыхільнік гуманізацыі права ўвогуле і альтэрнатыўных мэтадаў пакараньня ў прыватнасьці. Тым больш — мэтадаў, зьвязаных з папярэднімі мерамі. Я праціўнік таго, што людзей трэба саджаць. І ў гэтым сэнсе, Баўмгертнэр ці не Баўмгертнэр — мне абсалютна ўсё роўна. Я ж праваабаронца, для мяне ўсе людзі аднолькавыя. Лічу, што адзіная прычына саджаць людзей, браць іх пад варту — той выпадак, калі чалавек альбо жахліва сацыяльна небясьпечны (пойдзе рабаваць, гвалціць, забіваць направа-налева), альбо калі ён сапраўды валодае такой уладай, што можа рабіць вельмі сур’ёзны ўціск на сьледзтва. Тады трэба тэрмінова браць пад варту, бо грамадзтву дрэнна. Але ўсё гэта павінна быць даказана. Ува ўсіх астатніх выпадках перакананы, што ў дачыненьні да ўсіх людзей павінна дзейнічаць адно правіла: чым гуманьнейшая мера стрыманьня, тым лепш. Падкрэсьліваю: бізнэсовец, не бізнэсовец — мне абсалютна начхаць; і як ён зьвязаны з той ці іншай уладай, мне таксама начхаць. У гэтым сэнсе быў бы ён прадстаўніком дробнага бізнэсу, які спрабаваў у Менску шапік адчыніць, — я б дакладна гэтак жа выказваўся з гэтай нагоды».

У Расеі гендырэктар «Уралкалія» падазраецца ў зьдзяйсьненьні злачынства, кваліфікаванага артыкуламі расейскага Крымінальнага кодэксу. У прыватнасьці, Баўмгертнэр, зьяўляючыся асобай, якая выконвала кіроўныя функцыі ў камэрцыйнай арганізацыі, нібыта перасьледаваў карысьлівыя мэты для сябе і іншых асобаў, што пацягнула цяжкія наступствы. Раней Сьледчы камітэт Беларусі гэтаксама прад’явіў яму абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу «Злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі». Яму інкрымінуецца нанясеньне фінансавай шкоды ў памеры 100 мільёнаў даляраў. Магчымае пакараньне — да 10 гадоў зьняволеньня. Баўмгертнэр усе абвінавачаньні абвяргае.

Нягледзячы на следчыя мерапрыемствы, на пачатку сьнежня Рада дырэктараў «Уралкалія» прыняла рашэньне захаваць Ўладзіславу Баўмгертнэру месца на чале кампаніі. На думку некаторых аналітыкаў, экстрадыцыя мэнэджэра ў Расею і паступовы перавод пад хатні арышт сьведчаць на тое, што недалёкі час, калі бізнэсовец зноў зьявіцца на сваім працоўным месцы. Балазе, у кампаніі ўжо заявілі, што вітаюць зьмену меры стрыманьня свайму гендырэктару. Ці можна разьлічваць, што пасьля 20 студзеня ў жыцьці Баўмгертнэра штосьці радыкальна зьменіцца?

Меркаваньне выказвае юрыст Дзьмітрый Гарачка:

«Неабавязкова. Пакуль проста вызначаны месячны тэрмін (нават атрымалася, што крыху большы), а ўжо потым там будуць вызначацца: альбо тэрмін працягваць, альбо зьмяняць, альбо, можа быць, яшчэ нейкае іншае рашэньне. Тут пакуль мне нешта цяжка прагназаваць, таму што я не прысутнічаў непасрэдна падчас прыняцьця гэтага рашэньня, магу толькі дыстанцыйна нешта ацэньваць — чаму так, а не інакш. Дый на гэтай стадыі ў маёй прысутнасьці няма такой неабходнасьці: там дастаткова кваліфікаваныя адвакаты, якія прадстаўляюць яго інтарэсы на тэрыторыі Расеі».

Зьмякчыць меру стрыманьня Баўмгертнэру прасіла сьледзтва. Хадайніцтва пададзена з улікам асобы бізнэсоўца і той акалічнасьці, што раней беларускі суд таксама абіраў меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту. Апроч таго, на перакананьне сьледзтва, такія захады цалкам адэкватныя складу злачынства. Дагэтуль Баўмгертнэр утрымліваўся ў чатырохмясцовай камэры маскоўскага СІЗА № 5.
XS
SM
MD
LG