Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратары пытаюцца ў Мясьніковіча пра Багдановіча


Музэй Максіма Багдановіча ў Менску.
Музэй Максіма Багдановіча ў Менску.

Беларускія пісьменьнікі зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча ў сувязі з паніжэньнем статусу музэю Максіма Багдановіча і наданьня яму статусу філіі.

У звароце літаратары нагадваюць, што тры гады таму Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай № 187 зацьвердзіў плян мерапрыемстваў да 120-годзьдзя Максіма Багдановіча.

Згодна з пастановаю, прадугледжвалася сумесна ўсталяваць у Горадні, горадзе дзяцінства паэта, помнік Максіму Багдановічу, стварыць выставачную залю Максіма Багдановіча ў Ялцінскім гісторыка-краязнаўчым музэі, адкрыць «Беларускую хатку» — філію музэю на Рабкораўскім завулку ў Менску, а таксама аднавіць у сталіцы дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч. Выкананьне гэтага пляну ўскладвалася на Міністэрства культуры.

«Ніводнае з гэтых даручэньняў Савета Міністраў ня выкананае. Ніводнае! У сувязі з гэтым проста глумленьнем над памяцьцю Максіма Багдановіча выглядае загад міністра культуры аб фактычным закрыцьці музэя паэта ў Менску. Размова ідзе менавіта аб закрыцьці, бо мы лічым, што з паніжэньнем статусу музэя да статусу філіялу з будынку ягонага будзе спачатку перанесеная экспазыцыя, а пасьля будзе забраны і сам будынак. Вось што насамрэч стаіць за словамі пра „аптымізацыю дзейнасьці музэю“ ў загадзе міністра культуры Барыса Сьвятлова, падставай для якога быццам бы стала рашэньне калегіі міністэрства», — абураюцца пісьменьнікі ў звароце.

Уладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Валер Мазынскі, Алесь Марачкін, Уладзімер Някляеў і Барыс Пятровіч, якія паставілі свае подпісы пад зваротам, патрабуюць ад Міхаіла Мясьніковіча адказаць, чаму ня выкананыя вышэйзгаданыя даручэньні ўраду, і ці зацьвярджаў спадар Мясьніковіч подпісам кіраўніка ўрада загад міністра культуры пра паніжэньне статусу, а фактычна пра закрыцьцё музэя клясыка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG