Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўсім вінаваты Настрадамус. І яшчэ сыноптыкі: не маглі ўжо сёньня паболей сонейка арганізаваць. Але Настрадамус вінаваты больш. Ня Ленін, ня Гітлер, ня Сталін — толькі Настрадамус. Бо ён ведаў.

Ужо самое ягонае ймя — прадказаньне, перасьцярога, папярэджаньне нашчадкам. Маўляў, вох і настрадамус мы яшчэ на гэтым сьвеце, намучаемус, напакутуемус, нацерпімус.

Мішэль Настрадамус — апостал беларушчыны, наш прарок, празорца і прадзед. Цяжка знайсьці чалавека, які так шмат зрабіў бы для нашай бацькаўшчыны — калі б мы яго слухалі, дык, можа, жылі б цяпер зусім інакш. Вольна і шчасьліва, як казаў праўнук Настрадамуса Каліноўскі. Ну, затое, прынамсі, у Саюз пісьменьнікаў спадара Мішэля ўзялі б без рэкамэндацыі. Ягоныя катрэны са знакамітай дзясятай цэнтурыі недвухсэнсоўна намякаюць на тое, што ён думаў пра Беларусь — ня менш за Леніна, Сталіна і Гітлера. Толькі яны ня ведалі, чым усё скончыцца, а ён здагадваўся.

І рэч тут ня толькі ў тым, што ў адным з катрэнаў Настрадамус згадвае бацьку Нёман і Якуба Коласа:

«У Сардоне і Нёмане так высока падымецца вада,
Што падумаюць, быццам адрадзіўся Дэўкаліён.
Большасьць пабяжыць ратавацца да Коласа,
Вэста распаліць згаслы агонь».

У гэтым катрэне, прынамсі, усё празрыста, дадатковых тлумачэньняў не патрабуецца. А вось гэты, здаецца, намякае на рэвалюцыю ва Ўкраіне і яе наступствы для Беларусі:

«Кульгавы Ляртэн саступіць месца Вандому,
З вышыні будзе зрынуты, а зьнізу ўзьнясецца ўвысь,
Сын Амона будзе абраны ў Рыме,
І два правадыры трапяць у безвыходнае становішча».

Знайшлося ў Міхася Настрадамскага і некалькі словаў пра блізкі хакейны чэмпіянат у Менску:

«О агромністы горад, набліжаецца тваё разбурэньне!
Не тваіх муроў, але тваёй крыві і сутнасьці.
Рэзкасьць у словах выкліча жахлівае сутыкненьне,
Вострая клюшка ўвойдзе ў цела па самую ручку».

Не абмінуў прарок сваёй увагай і сумнавядомы Ксавіер:

«На зямлі і ў паветры будзе столькі замерзлай вады,
Калі прыйдуць у чацьвер аддаць даніну,
Ён ніколі ня быў такім прыгожым,
З чатырох бакоў прыйдуць, каб пакланіцца яму».

Карацей, усё ён ведаў. Але, як і ўсе літаратары, ня мог сказаць нам нармальна, каб МНС пасьпела падрыхтавацца і МУС прымусіла каго трэба сядзець дома і носу не высоўваць. Вечна яны ўсё цямняць, гэтыя пісакі. А потым памруць раптам у якім-небудзь Правансе, седзячы на грантах — а чалавеку разьбірайся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG