Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватны помнік паўстанцам Каліноўскага зьявіўся на Астравеччыне


У Астравецкім раёне зьявіўся помнік паўстанцам Кастуся Каліноўскага. Ён стаіць у прыватным агародзе ў вёсцы Слабодка блізу беларуска-літоўскае мяжы.

Мікалай Уласевіч каля помніка

Мікалай Уласевіч каля помніка



У месцы, дзе ўсталяваны помнік, сёньня пабываў актывіст з Астравеччыны Мікола Ўласевіч. Ён кажа, што помнік знаходзіцца побач зь вёскай Слабодка — гэта прыкладна ў 7-8 кілямэтрах ад беларуска-літоўскае мяжы.

«Месца, дзе ён стаіць, уражвае: на ўзгорку і на адкрытай мясцовасьці, дзе шмат свабоды, ды яшчэ на ўзьлеску. Помнік зроблены з граніту, ён вельмі старанна апрацаваны. На ім два крыжы: праваслаўны і каталіцкі, а таксама лічбы 1863-2013. Помнік зроблены ў выглядзе мяча, а на самым версе — Пагоня. Тое, што я бачу, ужо немагчыма ніколі забыць, і мне цяжка перадаць словамі ўсе свае пачуцьці», — кажа Мікола Ўласевіч.

На лязе мяча надпіс: «Каго любіш? — Беларусь! — То ўзаемна...» — гэта пароль, якім касінеры абменьваліся паміж сабой«. Мікола Ўласевіч дадае, што праз 150 год — але ў Беларусі — варта ўшанавалі памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Жыхар Слабодкі спадар Антоні распавёў Свабодзе, што помнік усталяваў бізнэсовец, які набыў побач зь іх вёскай хату. Завуць яго Мікіта, і жыве ён у Літве, але паводле паходжаньня — беларус: з гэтых мясьцінаў паходзіць ягоная бабуля.

Паводле спадара Антонія, мясцовыя людзі таксама ўражаныя веліччу помніка. Праўда, працы вакол яго пакуль ня скончаныя: трэба зрабіць добры пад’езд. Людзі больш сталага веку шкадуюць, што помнік знаходзіцца па-за вёскай, бо туды яшчэ трэба дайсьці, а людзям вельмі б хацелася там памаліцца.

Што датычыць мясцовых уладаў, дык ніякай нэгатыўнай рэакцыі зь іх боку, паводле спадара Антонія, пакуль не было:

«Ну, я так дакладна ня ведаю, але ўсе ў нас тут ведаюць пра гэты помнік. Ён жа не хаваўся, калі будаваў, — усё рабіў адкрыта. І тэхніку выпісваў, аплачваў, і пагорак вунь раўняў, і ўсё так прыгожа зрабіў. Засталося толькі пад’язныя дарогі зрабіць і асьвяціць помнік».

Вядома, што аўтар помніка — скульптар Ігар Засімовіч. У адным са сваіх інтэрвію ён сказаў, што помнік прысьвечаны паўстанцам Каліноўскага і ўсталяваны на знак удзячнасьці нашчадкам, якія аддалі свае жыцьці за нашу свабоду.

Ігар Засімовіч паведаміў Свабодзе, што асьвячэньне і ўрачыстае адкрыцьцё помніка заплянаваныя на пачатак 2014 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG