Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін раскрыў свае пляны стварэньня Эўразійскага саюза


Адным з важных пунктаў сёньняшняга пасланьня прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна парлямэнту краіны сталася «эўразійская інтэграцыя», якую ён плянуе інтэнсыфікаваць у 2014 годзе.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заклікаў свой парлямэнт у прыярытэтным парадку падтрымаць дагавор аб Эўразійскім эканамічным саюзе, як толькі гэты дакумэнт паступіць у парлямэнты Расеі, Беларусі і Казахстана:

«Цяпер мы ўваходзім у вырашальную стадыю падрыхтоўкі дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Разьлічваем, што да 1 траўня 2014 года ўзгадненьне тэксту дамовы будзе завершана, і ён паступіць у парлямэнты Расеі, Беларусі і Казахстана. Прашу вас, паважаныя калегі, разгледзець і падтрымаць гэты дакумэнт ў прыярытэтным парадку»,— заявіў Пуцін, выступаючы з пасланьнем Фэдэральнаму сходу.

Паводле Пуціна, цяпер ужо ідзе працэс, зьвязаны з далучэньнем да Мытнага саюза Кіргістана і Армэніі:

«Ужо цяпер дзейнічае працоўная група якая рыхтуе «дарожныя мапы» па далучэньні да Мытнага саюза Кіргістана і Армэніі. Упэўнены, рэальныя дасягненьні эўразійскай інтэграцыі толькі падвысяць да яе цікавасьць з боку іншых нашых суседзяў, у тым ліку і з боку ўкраінскіх партнэраў»,— сказаў Пуцін.

Заяву Пуціна Свабодзе пракамэнтаваў палітоляг Аляксей Кароль:

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
«Гэты праект патрабуе дастаткова хуткай рэалізацыі, таму Пуцін і прысьпешвае, просіць падтрымаць праект дамовы. Сам праект цягнецца дастаткова доўга па часе і выклікае сумневы ў будучых калегаў па Эўразійскім эканамічным саюзе.

Менавіта Эўразійскі эканамічны саюз — мэта і галоўны стратэгічны накірунак усёй палітыкі Пуціна. У аснове гэтай палітыкі ляжыць імпэрская ідэя «Вялікая Расея з сабой любым на чале», — кажа палітоляг Аляксей Кароль.

У сваім пасланьні Пуцін не згадаў пра гэтак званую Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі.

«Гэта ёсьць прызнаньнем факту, што гэтая Саюзная дзяржава — не сапраўднае ўтварэньне, а хутчэй віртуальнае прапагандысцкае. У гэтым саюзе на дадзены момант гегемонія Расеі зацьверджаная. І для Пуціна гэта не падлягае сумневу», — пракамэнтаваў Аляксей Кароль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG