Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч прапанаваў круглы стол, апазыцыя — не пагаджаецца


Віктар Януковіч і Кэтрын Эштан

Віктар Януковіч і Кэтрын Эштан

Віктар Януковіч у часе ўчарашніх перамоваў з кіраўніком зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Кэтрын Эштан паведаміў, што ў бліжэйшыя суткі «прыме захады для вырашэньня крызіснай сытуацыі ў краіне».

Пасьля гэтага ўчора ўвечары прэсавая служба прэзыдэнта Ўкраіны распаўсюдзіла зварот Віктара Януковіча, у якім ён заклікаў апазыцыю да дыялёгу:

«Запрашаю прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў, сьвятых айцоў, прадстаўнікоў грамадзкасьці да агульнанацыянальным дыялёгу. Я асабіста гатовы да ўдзелу ў такім круглым стале. Дзеля дасягненьня кампрамісу заклікаю апазыцыю не адмаўляцца, не ісьці дарогай супрацьстаяньня і ультыматумаў. Запэўніваю, што ўлада будзе дзейнічаць выключна ў рамках закона і ніколі не скарыстае сілы супраць мірных сходаў».

У звароце, аднак, ня ўтрымліваецца ніякіх канкрэтных прапаноў па ўрэгуляваньні сытуацыі.

Лідэр партыі «УДАР» Віталь Клічко, рэагуючы на гэтую прапанову, заявіў, што сваімі дзеяньнямі — у прыватнасьці, дзьвюма спробамі разгону мірных акцый пратэсту — Віктар Януковіч «закрыў шлях да любога кампрамісу». Паводле Клічко, цяпер з крызысу магчымае толькі адно выйсьце — адстаўка ўрада і прэзыдэнта. Не ўступаць у перамовы з дзейнай уладай заклікала апазыцыю і зьняволеная экс-прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка.

Алег Цягнібок, лідэр партыі «Свабода», у адказ на прапанову Януковіча заявіў:

«Круглыя сталы — гэта камэдыі. Нашы патрабаваньні павінны быць выкананыя, плюс вывад сілавікоў за межы Кіева. Да гэтага — ніякіх размоў».

Лідэр Партыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк прытрымліваецца такой думкі:

«Мы павінны атрымаць мандат ад грамадзян — на правядзеньне перамоваў... Перамовы з Януковічам магчымыя толькі пасьля таго, як мы атрымаем мандат ад Майдана».

Два дні запар у Кіеве ў Палацы «Ўкраіна» праходзяць перамовы наконт урэгуляваньня сытуацыі, скліканыя экс-прэзыдэнтам Леанідам Краўчуком. Аднак ні Януковіч, ні апазыцыя на іх не прыходзяць.
XS
SM
MD
LG