Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрамайдан зьбіраецца стаяць яшчэ як мінімум 6 дзён


Украінская сьпявачка Руслана Лыжычка заклікала мітынгоўцаў заставацца на Майдане Незалежнасьці у Кіеве яшчэ як мінімум да 17 сьнежня.

«Шэсьць дзён мы прастаім, я ўпэўненая,— сказала яна, зьвяртаючыся ноччу ў чацьвер са сцэны Эўрамайдана да мітынгоўцаў, якія ў сваю чаргу станоўча адгукнуліся на такі заклік.

Руслана таксама паведаміла, што нядаўна на Эўрамайдан у Кіеў прыбылі 5 аўтобусаў з мітынгоўцамі з Каламыі і 5 аўтобусаў з гарадоў Валынскай вобласьці.

Вядучы са сцэны паведаміў, што Эўрамайдан Ужгарада абвясьціў мабілізацыю мітынгоўцаў на кіеўскі Майдан Незалежнасьці.

Колькасьць мітынгоўцаў на Майдане Незалежнасьці за апошнія 2,5 гадзіны практычна не зьменшылася. Абстаноўка спакойная, добразычлівая, паведамляе з месца падзей карэспандэнт «Украінскай праўды».

17 сьнежня адбудзецца чарговае пасяджэньне ўкраінска-расейскай міждзяржаўнай камісіі. Паводле слоў украінскага прэм’ер-міністра Міколы Азарава, урад працуе над падрыхтоўкай двухбаковых дакумэнтаў, у тым ліку новай стратэгічнай дамовы. Апазыцыя пабойваецца, што ў гэтыя дамовы можа быць уключанае палажэньне аб далучэньні Ўкраіны да Мытнага саюза, у якім дамінуе Расея.

Антыўрадавыя мітынгі пратэсту ў Кіеве і іншых гарадах Украіны праходзяць з 21 лістапада, калі ўрад Віктара Януковіча пад ціскам Масквы заявіў аб прыпыненьні падрыхтоўкі да падпісаньня дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG