Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эсэ нашага калегі з расейскай службы Радыё Свабода Ігара Памяранцава зь ягонай кнігі эсэ «Czernowitz. Черновцы. Чернівці».

Клясык англа-амэрыканскай паэзіі Т.С.Эліят наўпрост зьвязваў згасаньне культуры з заняпадам мовы і паэзіі. Ён лічыў, што прынцып аўтарытарнасьці ў культуры непрымальны, «проста немагчымы». У якасьці гіпатэтычнага прыкладу ён прыводзіў нарвэскую паэзію і мову: «Калі б мне сказалі, што на нарвэскай мове больш не ствараецца паэзія, я адчуў бы пачуцьцё трывогі... Я ўбачыў бы ў гэтым прыкмету захворваньня, якое пагражае пашырыцца па ўсім нашым кантынэнце».

Ня ведаю чаму Т.С.Эліят назваў нарвэскую мову. Зь любові да Ібсэна або Гамсуна? Ці таму што на мове невялікага – менш за пяць мільёнаў чалавек – народу створана вялікая літаратура? У маладосьці я жыў ва Ўкраіне, і таму хварэю за ўкраінскую мову. Спрэчкі аб ёй не парожнія. Бяз мовы ня будзе нацыі – у палітычным сэнсе гэтага слова. Бяз мовы месца нацыі зойме каляніяльнае жэле, а дзяржава Ўкраіна стане балоцістай мясцовасьцю. Мова крышталізуе нацыянальную самасьвядомасьць. Безь яе нацыянальная памяць маўчыць. Людзі, якія пакутуюць на хваробу Альцгаймэра, страчваюць дар маўленьня. Але на гэтую хваробу могуць пакутаваць цэлыя народы. Украіна – маладая дзяржава. Украінская мова выжыла ў першую чаргу дзякуючы літаратуры. Я веру, што ў кожнай нацыянальнай паэзіі – свой нэрв. У 1930 годзе О.Мандэльштам назваў творы сусьветнай літаратуры, напісаныя без дазволу, «крадзеным паветрам», а «дазволеныя» – «брыдотай». Не ўяўляю, каб гэтую думку выказаў ангельскі, францускі або нямецкі паэт. Крадзенае паветра – гэта нэрв расейскай паэзіі. Ну і дзякуй Богу. Лепш ужо такі нэрв, чым ніякага. А што за нэрв ва ўкраінскай паэзіі? Паспрабую адказаць: украінскія паэты пісалі на сваёй мове, таму што бязь іх вершаў украінская мова растварылася б, сатлела, выпусьціла дух.

Палітычная эліта Ўкраіны мне як пісьменьніку цікавая, бо яна мыкае на дзівоснай мове. Я думаю, што Міхаіл Зошчанка сядзеў бы ў Радзе і лавіў кожнае слова. Але ня толькі Зошчанка. Ва ўкраінцаў ёсьць свой геній сказу – Васыль Стэфанык. Праз трагічны зьбег абставінаў мільёны ўкраінцаў ня ў стане паўнавартасна выказаць сябе ні на воднай мове. Сваю раньнюю кнігу лірыкі Ўладзімір Маякоўскі назваў «Простае як мыканьне». Дасьціпная назва. Праблема сучаснай Украіны – гэта проста мыканьне. Украіне тэрмінова патрэбны лягапэд. Яго імя – Украінская Мова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG