Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад прыглядаецца да беларускай сытуацыі


Эрык Рубін, архіўнае фота

Эрык Рубін, архіўнае фота

Сустрэчай зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем пачаўся 11 сьнежня візыт у Менск намесьніка памочніка Дзяржсакратара ЗША Эрыка Рубіна.

Амэрыканскі дыплямат будзе знаходзіцца ў Беларусі і 12 сьнежня. У ягонай праграме яшчэ некалькі сустрэч з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі.

Сустрэча ў МЗС пачалася са спазьненьнем больш чым на гадзіну. Падобна, гэта зьвязана з надвор’ем: крыху пазьней прыляцеў самалёт, ды і хуткасьць на шашы была абмежаваная.

Выхаду да прэсы не было. Журналістаў запусьцілі ў залю літаральна на пару хвілінаў. Яны выслухалі ўступнае слова міністра Макея:

«Нашая краіна разумее важнасьць падтрыманьня добрых дачыненьняў з ЗША. Мы імкнемся да паляпшэньня дачыненьняў з ЗША. Я думаю, што падчас сустрэчы мы абмяркуем шырокі спэктар пытаньняў. Мы гатовыя да шчырай і адкрытай размовы».

Прадстаўнік ЗША у адказ сказаў толькі адно: «Дзякуй за магчымасьць быць тут».

Пасьля журналістаў папрасілі пакінуць залю.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што прыезд прадстаўніка Дзярждэпартамэнту зьвязаны з высьвятленьнем становішча ў Беларусі:
Мы ведаем патрабаваньні Злучаных Штатаў да беларускіх уладаў. Найгалоўнейшае зь іх — вызваленьне палітзьняволеных

«На дадзены момант наўрад ці за гэтым візытам можа быць нешта большае. Мы ведаем патрабаваньні Злучаных Штатаў да беларускіх уладаў. Найгалоўнейшае зь іх — вызваленьне палітзьняволеных. Калі б беларускі бок быў на гэта гатовы, дык лягічна было б зрабіць такі крок напярэдадні саміту ў Вільні. А не трымаць іх за кратамі да візыту амэрыканскага прадстаўніка. Пакуль гэтага ня будзе, то цяжка разьлічваць на нейкія сур’ёзныя зрухі».

Палітоляг Алесь Лагвінец зьвяртае ўвагу, што за апошнія два дні кіраўніцтва МЗС Беларусі сустракалася з дыпляматамі з Польшчы, Нямеччыны, Літвы:

«Калі аб’яднаць гэтыя факты, дык атрымліваецца, што ўладам Беларусі сёньня складана. Яны сутыкнуліся з сытуацыяй няпэўнасьці ў адносінах з Расеяй. Тым больш, што вымалёўваецца, што ў Крамля зьявіўся новы вельмі важны „кліент“, якога ён будзе надалей падтрымліваць. Гэта — Януковіч.

І Ўкраіна, і Беларусь канкурыруюць паміж сабой адносна перавагаў — што яны хочуць атрымаць ад Эўразьвязу і ад Расеі. Чым больш украінскае кіраўніцтва будзе збліжацца з расейскім, тым больш Лукашэнка будзе спрабаваць актывізаваць нейкую заходнюю гульню».

Амэрыканскі бок не раскрывае праграму сустрэчаў. Паводле неафіцыйных дадзеных, у Рубіна будзе яшчэ адна сустрэча з прадстаўнікамі ўлады. З кім канкрэтна — не паведамляецца. Мяркуецца, гэта можа быць нехта з Савету Міністраў.

Сустрэчы з грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй адбудуцца, верагодна, 12 сьнежня.
XS
SM
MD
LG