Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што трэба рабіць, калі сытуацыя ў эканоміцы дрэнная, загады прэзыдэнта не выконваюцца, народ незадаволены, а давер да ўлады падае? Правільна, трэба рэгулярна праводзіць вялікія нарады.

Нарэшце знойдзеная «палачка-выручалачка», з дапамогай якой можна вырашыць усе згаданыя праблемы. Гэта ж проста, як усё геніяльнае. І як гэта Лукашэнка раней не дадумаўся да такога шыкоўнага выйсьця, нават дзіўна.

Кіраўнік дзяржавы зрабіў рацыянальную выснову, што народ можа дараваць лідэру шмат, але толькі не бязьдзейнасьць. Вось прыклады ад адваротнага дае Віктар Януковіч. Ён больш за тыдзень маўчаў, ніяк не тлумачыў адмову ад падпісаньня Ўкраінай дамовы аб асацыяцыі на Віленскім саміце. Потым некалькі дзён маўчаў пасьля зьбіцьця «Беркутам» людзей на Майдане. І ўкраінцы ня могуць зразумець: у іх ёсьць прэзыдэнт, ці яго няма.

Лукашэнка дэманструе тым большую актыўнасьць, чым горшыя справы ў краіне. Няхай і вынікаў асаблівых няма, але народ бачыць: ён жа стараецца.

Праблема ня толькі ў тым, што краіна ўступіла ў крызіс кіравальнасьці. Горш за тое, гэта пачынае бачыць насельніцтва. Усе пляны і заданьні, якія раздае кіраўнік дзяржавы, не выконваюцца. Самае страшнае для аўтарытарнага лідэра — чыноўнікі перастаюць яго баяцца. Найлепшая ілюстрацыя гэтай тэзы — сытуацыя ў дрэваапрацоўцы.

Адзін з элемэнтаў гэтага крызісу быў прадэманстраваны на нарадзе ў аўторак. «Мяне інфармуюць, што пасьпяховыя кіраўнікі прадпрыемстваў ня хочуць ісьці ва ўладу... Высокапастаўленая пасада, як мне дакладваюць, некаторымі ўспрымаецца як дадатковая нагрузка і крыніца падвышанай небясьпекі», — сказаў Лукашэнка. Гэтую сытуацыю праілюстраваў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Кабякоў: «У рэзэрве на пасаду намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня было тры кандыдатуры. Аднак ад прызначэньня ўсе яны па той ці іншай прычыне адмовіліся. У выніку быў прызначаны першы намесьнік старшыні Барысаўскага райвыканкама... Амаль два гады пустуе крэсла намесьніка міністра эканомікі. Доўгі час вакантныя пасады намесьнікаў міністраў архітэктуры і будаўніцтва, спорту і турызму». Паводле слоў Кабякова, яшчэ складаней сытуацыя на рэгіянальным узроўні. Напрыклад, пры падборы кандыдатаў на пасаду першага намесьніка старшыні начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня Крупскага райвыканкама адмовілася дзевяць кіраўнікоў сельгасарганізацый ня толькі зь Менскай, але і зь Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей.
Высокапастаўленая пасада, як мне дакладваюць, некаторымі ўспрымаецца як дадатковая нагрузка і крыніца падвышанай небясьпекі

Калі людзі ня хочуць быць начальнікамі — гэта відавочная прыкмета крызісу сыстэмы. Так было за апошнімі часамі існаваньня СССР: калі ніхто не хацеў займаць пасаду партыйных кіраўнікоў, знайсьці кандыдатуру на пасаду першага сакратара райкама КПСС было вялікай праблемай.

Гэта наўпрост адбіваецца на якасьці кіраваньня. Калі намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі прызначаюць намесьніка старшыні райвыканкама, дык самі разумееце, які будзе эфэкт. Гэта як напярэдадні вайны у СССР лейтэнантаў прызначалі кіраваць палкамі. Усім вядома, што атрымалася з таго экспэрымэнту.

Лукашэнка разумее, што трэба нешта рабіць. Ладзіць рэформы небясьпечна. Трэба, лічыць ён, неяк прымусіць працаваць гэтую сыстэму. Як? Усё, што робіць беларускі лідэр, не выходзіць за межы ягонага ўласнага жыцьцёвага досьведу. І ён узгадаў, як за савецкім часам рэгулярна праводзілі партыйна-гаспадарчыя актывы. Там выступалі высокія начальнікі, тлумачылі, як працаваць, пагражалі нядобрасумленным кіраўнікам. Вось Лукашэнка і спрабуе паўтарыць той досьвед.

Такія дырэктыўныя выступы прэзыдэнта з указаньнямі, устаноўкамі, разносамі і публічнымі прыніжэньнямі чыноўнікаў незразумелыя і непатрэбныя ў нармальнай дэмакратычнай краіне. Яны неэфэктыўныя, паколькі неэфэктыўная сама сыстэма. Але ў межах існай сыстэмы яны зьяўляюцца неабходным элемэнтам яе функцыянаваньня. Калі адсутнічаюць эканамічныя стымулы, дык іх трэба кампэнсаваць прымусам. Сталінскія рэпрэсіі супраць кіроўных кадраў часткова выконвалі ролю такога прымусу. Бо калі няма жорсткага ціску зь вяршыні адміністратыўнай піраміды, дык сыстэма загнівае. Што паказаў брэжнеўскі застой. Лукашэнка гэта інтуітыўна адчувае, таму ўвесь час і цісьне, пужае. Яму здаецца, што яшчэ адна нарада — і сыстэма запрацуе. Шчасьлівыя тыя, хто вераць, бо іх царства нябеснае.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG