Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрабуюцца: сьлесары, токары, старшыні выканкамаў


Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Кабякоў паскардзіўся Лукашэнку на кадравы голад «вэртыкалі».

Сярод іншага было заяўлена пра беспасьпяховыя пошукі ахвотнікаў на пасады старшыняў трох райвыканкамаў, у тым ліку Жыткавіцкага. Кіраўніка раёну тут шукалі паўгоду. Што сталася з папярэднім жыткавіцкім «вэртыкальным», і чаму чыноўнікі асьцерагаюцца гэтых пасадаў?

Былы старшыня Жыткавіцкага райвыканкаму Мікалай Какора, спэцыяліст у галіне спажывецкай каапэрацыі, быў зьняты з пасады Аляксандрам Лукашэнкам сёлета ў красавіку — за «грубае парушэньне службовых абавязкаў і зьдзяйсьненьне ўчынку, несумяшчальнага са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе».

Папросту кажучы, старшыня праз раённае аддзяленьне «Белдзяржстраху» атрымаў незаконную страхавую выплату ў памеры 100 мільёнаў рублёў за пашкоджаны службовы аўтамабіль. За тое і пазбавіўся пасады.

Новага кіраўніка раёну шукалі шэсьць месяцаў і знайшлі нарэшце на Рэчыцкім камбінаце хлебапрадуктаў. Ён — ураджэнец Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці.

Ці сапраўды чыноўнікі асьцерагаюцца галоўнай пасады ў раённай «вэртыкалі»? На гэтае пытаньне адказвае адзін з намесьнікаў старшыні райвыканкаму з Жыткавічаў:

«Не магу нават сказаць, што яны ня хочуць, бо я з такімі ня меў стасункаў. Дарэчы, прыгадаў: аднаму прапаноўвалі. Чаму не схацеў? Ён — кіраўнік прадпрыемства. У яго — асобны калектыў, ёсьць пляны разьвіцьця свайго прадпрыемства. А калі прыйдзеш у выканкам — тут жа ўсе пытаньні. І такія, што ня ўсе вырашыш. Грошай няма ў датацыйным бюджэце пераважна сельскагаспадарчага раёну. І адказнасьць тут на парадак вышэй, чымсьці проста ў кіраўніка прадпрыемства. А калі браць заробак, то, як казаў прэзыдэнт, заробак сапраўды ніжэйшы, чым у любога кіраўніка прадпрыемства».

Абазнаны ў эканоміцы і кадравых пытаньнях, вядомы фэрмэр з Турава Міхаіл Шруб зьвяртае ўвагу і на яшчэ адну акалічнасьць кадравага голаду на старшынь райвыканкамаў. Раней часьцей за ўсё «на раён» ставілі кіраўнікоў сельскай гаспадаркі. Цяпер у сельгаскаапэратывах і КСУПах, то бок перайменаваных калгасах і саўгасах, добрага кіраўніка днём з агнём знайсьці складана. У вёскі няма асаблівай пэрспэктывы, таму няма ў яе й здатных кадраў. Як у народзе кажуць, дзіркі тут затыкаюць кім папала.

Каму ў такім разе даверыць цэлы раён?

Міхаіл Шруб: «Перад вэртыкальлю ў сілу існага спосабу кіраваньня эканомікай, у якім пераважае „ручное“, валявое ўзьдзеяньне, часьцяком ставяцца задачы, мякка кажучы, складаныя, калі не сказаць непад’ёмныя. Аднаго жаданьня й загаду тут мала. Набор інструмэнтарыя ў іх, на мой погляд, недастатковы, каб рэалізаваць насамрэч складаныя задачы. Адміністрацыйных рычагоў нібыта й хапае, але яны не працуюць. І людзі, якія маюць вопыт, дакладна ўзважваюць плюсы й мінусы будучага прызначэньня і неахвотна пагаджаюцца. Бо пайсьці й ня справіцца мала каму хочацца».

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету й колішні кіраўнік Жлобінскага райсавету Марат Афанасьеў лічыць, што патрабаваньняў да вэртыкальных чыноўнікаў зараз шмат, а кампэтэнтнасьці — бракуе. Раней яны, як правіла, выбіраліся зь ліку дэпутатаў мясцовых саветаў, якія ўсё-ткі значна лепей арыентаваліся ў мясцовых праблемах. Цяпер спачатку прызначаюць начальнікаў, а пасьля некаторых зь іх прызначаюць яшчэ й дэпутатамі. Яны па сутнасьці падпарадкаваныя старшыням выканкамаў. Ніхто старшыню не паправіць, не параіць, куды й як расходаваць бюджэт. А ён ведай толькі — трымай справаздачы перад вышэйшымі кіраўнікамі.

Марат Афанасьеў: «Старшыні выканкамаў — яны толкам ня ведаюць, што рабіць. Лаяць іх — лаюць. Ім трэба атрымаць надоі, прывагі, кіляграмы. А ўсё вакол развальваецца. Сёньня сельская гаспадарка жыве на ін’екцыях, датацыях. Былі „Дажынкі“ — дык хоць бы адно сховішча для вёскі пабудавалі! Сытуацыя зайшла ў тупік і ў прамысловасьці. Прагнознымі паказьнікамі выціснулі ўсе сокі. Прамысловасьць не мадэрнізавалася, новае, па вялікім рахунку, не будавалася. Выціскалі з былога савецкага ўсе сокі — і больш нічога не атрымліваецца».

Суразмоўца зьвяртае таксама ўвагу й на такую акалічнасьць: апошнім часам усё больш раённых «вэртыкальных» кіраўнікоў трапляюць пад крымінальны перасьлед — за злоўжываньне службовым становішчам.
XS
SM
MD
LG