Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гей-прайд-2013: рыхтавалі, але адмянілі


Вясёлкавы сьцяг над трасай да менскага аэрапорту

Вясёлкавы сьцяг над трасай да менскага аэрапорту

Заключныя імпрэзы «Менскага гей-прайду-2013» – прайд-марш па сталічным бульвары Шаўчэнкі і сьвяточны мітынг-канцэрт каля ўваходу ў клюб Casta Diva, а таксама імпрэза ў Парку дружбы народаў – адмененыя.

Менгарвыканкам ня даў дазволу на правядзеньне гэтых мірных сходаў, а актывісты ЛГБТ-руху вырашылі гэтым разам не рызыкаваць.

Яшчэ ў аўторак адзін зь лідэраў беларускага ЛГБТ-руху Сяргей Андросенка запэўніваў Радыё Свабода, што, нягледзячы на забарону Менгарвыканкаму, нейкія імпрэзы адбудуцца, актывісты абмяркоўваюць іх фармат. Падрабязнасьцяў не распавёў – асьцерагаўся прэвэнтыўных дзеяньняў з боку ўладаў. 10 сьнежня ўвечары непадалёк ад Нацыянальнага аэрапорту над шашой М1 быў вывешаны вялікі вясёлкавы сьцяг. Што да імпрэзаў 11 і 12 сьнежня, актывістка ЛГБТ-руху Людміла распавяла, што папярэднія пляны зьмяніліся:

«Больш нічога не плянуецца, таму што ў нашых рэаліях зрабіць што-небудзь яшчэ дастаткова складана. Як фінальны акорд можна расцаніць ўчорашняе вывешваньне вясёлкавага сьцяга – такім чынам мы адзначалі яшчэ і Дзень правоў чалавека. Натуральна, вельмі шкада, што такое права, як свабода мірных сходаў, у Беларусі абмяжоўваецца, і дастаткова жорстка. Але большага мы зрабіць ня можам, таму што ў нашых умовах гэта вельмі небясьпечна».

Такім чынам, сёмы год запар Менскі гарвыканкам не дазваляе геям праводзіць мірныя акцыі. Толькі адзін раз – у 2011 годзе – дазволілі правесьці пікет супраць гамафобіі колькасьцю 15 чалавек. Астатнія больш за 100 заявак на сходы, пікеты, іншыя мерапрыемствы не былі задаволеныя. Сёлета прычына забароны імпрэзы ў парку Дружбы народаў наагул сьмешная: спаборніцтвы школьнікаў, прымеркаваныя да Ўсясьветнага дня сьнегу, які адбудзецца... толькі 20 студзеня.

Экспэрт у гендэрных пытаньнях Юлія Міцкевіч, што да прычын адмоваў Менгарвыканкаму, выказала такое меркаваньне:

Юлія Міцкевіч

Юлія Міцкевіч

«Дазволіць гэта яны ня могуць, таму што, калі б яны дазволілі, гэта б ускосна азначала, што яны, так бы мовіць, падтрымліваюць. Таму што для іх дазвол такога кшталту мітынгу ці любога падобнага мерапрыемства – гэта своеасаблівая падтрымка: можа, неафіцыйная, нефармальная, але падтрымка. Калі б яны далі дазвол пасьля столькіх гадоў забаронаў, дык гэта б ужо абышло ўсе краіны сьвету: што ўлады Беларусі дазволілі правесьці мітынг ці гей-прайд у Беларусі. І гэта б выклікала такую хвалю яшчэ і з боку апазыцыйных арганізацый, якія не падтрымліваюць і нават супраць – праварадыкальных, ці проста правых ды іншых. А таксама выклікала б хвалю абурэньня ў простых людзей, якія таксама супраць. Таму ўсе адмовы мне падаюцца ня дзіўнымі і зразумелымі».

Актывісты рабілі прынамсі пяць спробаў зарэгістраваць сваю арганізацыю «Лямбда», але безвынікова. Зараз ЛГБТ-рух існуе ў выглядзе нефармальных праектаў.
XS
SM
MD
LG