Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кіеўскі параўнаў спробу разгону Майдану з расьпяцьцем Хрыста


Патрыярх Кіеўскі і Ўсёй Русі — Украіны Філарэт

Патрыярх Кіеўскі і Ўсёй Русі — Украіны Філарэт

Патрыярх Кіеўскі і Ўсёй Русі — Украіны Філарэт зьвярнуўся з заявай адносна падзеяў на майдане Незалежнасьці ў Кіеве ноччу 11 сьнежня.

«Прымяненьне сілы для абмежаваньня канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду мірных сходаў і свабоду выказваньня свайго меркаваньня, чаму увесь сьвет стаў сьведкам гэтай ноччу, зьяўляецца непрымальным. Існы палітычны і грамадзкі крызіс не павінен вырашацца сілавымі сродкамі, якія толькі вядуць да росту напружаньня. Наступствам сілавых дзеяньняў можа быць толькі радыкалізацыя пратэсту і спаўзаньне нашай краіны ў поўнамаштабны грамадзянскі канфлікт», — гаворыцца ў заяве.

Паводле Патрыярха, судовыя рашэньні ня могуць лічыцца дастатковай умовай для зьдзяйсьненьня сілавых акцый, накіраваных на абмежаваньне канстытуцыйных правоў на свабоду мірных сходаў:

«Ня варта забываць, што і расьпяцьце Госпада Ісуса Хрыста, і пакараньне сьмерцю пакутнікаў старажытнага і новага часу, і шматлікія рэпрэсіі ХХ стагодзьдзя таксама адбываліся па рашэньні судоў — але гэта не зрабіла беззаконьня законным».

Патрыярх прапануе як найхутчэй пачаць дыялёг паміж уладамі і дэманстрантаміі, прыцягнуць да гэтага аўтарытэтных пасярэднікаў, а таксама падпісаць Дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

«Зьвяртаючыся ў першую чаргу да прадстаўнікоў дзяржавы, але таксама і да удзельнікаў грамадзянскіх акцый, заклікаю усіх не рабіць гвалту. Памятайце, што за кожнае слова і ўсякае дзеяньне, за хлусьню, за гвалт і праліцьцё крыві кожны асабіста адкажа перад Богам. Зло ніколі не застанецца беспакараным, а дабро і міратворчасьць будуць узнагароджаныя», — заявіў Патрыярх.
XS
SM
MD
LG