Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта не абраза. Гэта — рэкамэндацыя амэрыканскіх мэдыкаў: дадаць арэхі ў ваш рацыён дзеля здароў’я і даўгалецьця.

Навуковыя доказы карысьці карысьці арэхаў для здароў’я зьявіліся ў пачатку 1990-ых гадоў, нагадвае New York Times. Так, было даказана, што частае ўжываньне арэхаў зьмяншала рызыку некаторых хранічных хваробаў, у тым ліку — сэрца, каранарных сасудаў і дыябэту 2-га тыпу.

Найноўшыя вынікі дасьледаваньняў прадстаўленыя ў мэдычным часопісе The New England Journal of Medicine.

Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў вывучаўся лад жыцьця 119 тысяч мужчынаў і жанчынаў, у тым ліку і рацыён іх харчаваньня.

Высновы: чым часьцей людзі ўжывалі арэхі, тым менш яны паміралі ад раку, ад хваробаў сэрца і рэсьпіраторных захворваньняў. Слова «арэхі» ў гэтым выпадку абагульняе фісташкі, грэцкія, кедравыя і арэхі, якія ў Беларусі называюць «ляснымі»), міндаль, фундук, бразыльскія арэхі, кэш’ю.

Тыя, хто еў арэхі сем разоў на тыдзень альбо часьцей, у пэрыяд з 1980 па 2010 мелі на 20 адсоткаў меней шанцаў памерці, чым тыя, хто спажываў іх раз на тыдзень.

Арэхі ўтрымліваюць амэгакіслоты, якія могуць зьнізіць ўзровень трыгліцэрыдаў і крывяны ціск, запавольваюць назапашваньне артэрыяльных бляшак і прадухіліць няправільныя сардэчныя рытмы. Грэцкія арэхі асабліва багатыя альфа-ліноленавой кіслатой, якая карысная для сэрца. Большасьць арэхаў, і асабліва міндаль, зьяўляюцца добрымі крыніцамі вітаміну Е.

Здавалася б, спажываньне арэхаў павінна пагражаць назапашваньню вагі. І сапраўды, яны высокакалярыйныя і на 80 адсоткаў складаюцца з тлушчу. Але, як ні парадаксальна, тыя, хто спажываюць арэхі — маюць менш шанцаў атрымаць залішнюю вагу.

Чаму? Па-першае, тыя, хто есьць арэхі, фактычна замяняюць імі высокакалярыйныя закускі, такія як чыпсы, печыва, цукеркі. Па-другое, арганізм па-іншаму ўспрымае калёрыі з арэхаў, чым зь іншай вугляводнай ежы (напрыклад, арэхі маюць менш халестэрыну, чым алей). Па-трэцяе, выглядае, што тыя, хто спажывае арэхі, а не, напрыклад, чыпсы, схільныя да іншага, больш дынамічнага ладу жыцьця, яны больш займаюцца спортам.

Праўда, ад таго, што вы пачнеце спажываць арэхі, ваш лад жыцьця імгненна не пераменіцца, і вы ня пойдзеце ў фітнэс замест таго, каб глядзець тэлесэрыял і закусваць чыпсамі.

Але паспрабуйце пачаць з арэхаў — а там, глядзіш — дойдзе і да фітнэсу.
XS
SM
MD
LG