Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскі чэмпіён Чухрай: Сутнасьць Яцанюка такая ж, як і Януковіча


Шматразовы чэмпіён сьвету і Алімпійскіх гульняў Сяргей Чухрай (у тым ліку ў тандэме зь беларусам Уладзімерам Парфяновічам) хоць і жыве ў Кіеве), але Майдан ігнаруе.

Ягоныя аргумэнты наступныя:

«Ува ўсіх рознае стаўленьне, гэта зразумела. Асабіста я, шчыра скажу, не зусім падтрымліваю тое, што там адбываецца. Перадусім, якімі мэтадамі. То бок мне не падабаюцца людзі, якія выйшлі і пачынаюць ад імя ўсіх нешта гаварыць. Адразу скажу: кожны мае права на лепшае жыцьцё, але менавіта я такую тактыку не падтрымліваю. Задачы трэба вырашаць іншымі спосабамі. Барыкады — гэта ня той шлях, якім можна нечага дасягнуць. Трэба ісьці на перамовы, скажам так, без крыві.

Я вам патлумачу сваю пазыцыю. Ёсьць шэраг людзей, як у дадзеным выпадку Яцанюк, Цягнібок, Клічко ды іншыя, якія такім вось чынам, праз народ, задавальняюць свае палітычныя амбіцыі. Якія? Каб дарвацца да ўлады, узьлезьці на „блатное“ месца і зрабіцца дакладна такімі ж, якім сёньня зьяўляецца Януковіч. Дакладна такімі ж — абы патрапіць да кармушкі. То бок у нас пры існай палітычнай лініі ня будзе нармальнага жыцьця», — кажа Сяргей Чухрай.

Карэспандэнт: «Уласна эўраінтэграцыю падтрымліваеце ці ўсё ж лічыце, што Ўкраіне патрэбны Мытны саюз?»

«Ведаеце, вельмі цяжка сказаць адназначна. Я шмат езьдзіў паўсюль па Эўропе, глядзеў, але на сёньняшні дзень ні наша прамысловасьць, ні грамадзтва не гатовыя жыць у Эўропе. Я не кажу катэгарычнае „не“, але трэба ісьці туды, зноў жа, крыху іншым шляхам. Ня так, як гэта гучыць падчас выбараў — мы дакладна прыйдзем, дакладна вернемся — калі ўсё робіцца нейкімі папулісцкімі мэтадамі, а абдумана. Бо ўсё роўна мы некалі будзем у Эўропе, усё роўна будзем разам. Я вам расказваю, можа, досыць размыта не таму, што ў мяне нібыта няма ўласнага меркаваньня. Насамрэч я ў такім становішчы, што сапраўды пра гэта шмат думаю і не магу нічога сказаць адназначна. Я не знаходжуся на Майдане, але калі глядзіш на гэта знутры, бачыш людзей, іх настрой, — магу сказаць, што вельмі моцна розьняцца меркаваньні», — кажа Сяргей Чухрай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG