Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навошта Лукашэнку спатрэбілася новая форма кіраваньня чыноўнікамі?


Аляксандр Лукашэнка правёў вялікую нараду па пытаньнях будаўніцтва і працы з кадрамі. У чым прычына зьяўленьня новай формы працы з вэртыкальлю? Чаму менавіта будаўнічая сфэра выбрана тэмай правядзеньня першай вялікай нарады? Які эфэкт ад такога мерапрыемства?

Удзельнікі: дырэктар па дасьледаваньнях «Лібэральнага клюбу» Яўген Прэйгерман і кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.


Новая форма працы зь вэртыкальлю


Валер Карбалевіч: «„На жаль, на вышэйшым узроўні мы ня выпрацавалі сыстэму работы з кіруючымі кадрамі, і ўсё атрымліваецца наскокам і ад выпадку да выпадку“, — заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы ў панядзелак з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта, прэм’ер-міністрам і кіраўніком Камітэту дзяржкантролю.

І дзеля выпрацоўкі такой сыстэмы, аказваецца, трэба правесьці вялікую нараду, на якую запрошана усё кіраўніцтва краіны, кіраўнікі рэгіёнаў. Лукашэнка паабяцаў праводзіць такія нарады кожныя паўгода і параўнаў гэтае мерапрыемства з пленумамі ЦК КПСС. У чым сэнс гэтай новай формы працы з кадрамі?»

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман: «Сэнс у тым, каб знайсьці новую форму дзеля вяртаньня кіравальнасці сыстэмы. 2-3 гады таму, калі апазыцыянэры ці незалежныя аналітыкі падымалі гэтую праблему, іх абзывалі „пятай калёнай“.

А сёлета праблема стала відавочнай і для самаго Лукашэнкі. У пачатку году падчас адной з нарадаў наконт рэформы дзяржкіраваньня ён сказаў, што даў даручэньне прааналізаваць, які працэнт выкананьня ягоных даручэньняў. Высьветлілася, што гэты працэнт невялікі.

Апошнія месяцы гэтая праблема стала відавочнай для кожнага. Добры прыклад — сытуацыя на „Барысаўдрэве“. Год таму ён туды прыяжджаў, даваў даручэньне, у сваім стылі пагражаў пакараньнем. Цяпер зноў прыяжджае туды і бачыць, што ягонае дуручэньне ня выканана.

То бок сыстэма пачынае буксаваць. Апошняя нарада з урадам паказала, што Лукашэнка бачыць праблему кіравальнасьці сыстэмы у дрэнных кадрах. Ён робіць усё, каб не пераходзіць да фундамэнтальных рэформаў, але прымусіць працаваць мадэль, якую ён выбудоўваў два дзесяцігодзьдзі».

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў: «Сэнс нарады ў тым, што Лукашэнка шукае новыя мэханізмы і рычагі кіраваньня, каб падвысіць якасьць дзяржаўнага кіраваньня. Гэтая праблема існуе, прынамсі, пяць гадоў. Цяпер яе немагчыма хаваць.

Другі момант. Лукашэнка хоча атрымаць інфармацыю пра сытуацыю ў краіне непасрэдна ад выканаўцаў. Бо паміж ніжнімі зьвеньнямі дзяржапарату і ім існуюць муры з бліжняга атачэньня.

Трэці момант: піяр. Хутка выбарчая кампанія, а хваліцца асабліва няма чым. Ня факт, што расейская падтрымка захаваецца ў сёньняшніх памерах. Гэта ўсё трэба кампэнсаваць традыцыйным вобразам барацьбіта з карупцыяй.

Не выключаю, што Лукашэнка імкнецца прымерыць на сябе кафтан рэфарматара. Адбываюцца пэўныя перамены ў праваахоўнай сыстэме. Вось адбываецца судовая рэформа, прычым вельмі хутка. Усё гэта пошук шляхоў захаваньня сыстэмы ў працоўным стане».


Чаму менавіта будаўнічая сфэра выбрана тэмай правядзеньня першай вялікай нарады?


Карбалевіч: «На мой погляд, сэнс судовай рэформы — толькі ў эканоміі бюджэту. Чаму першай тэмай стала тэма будаўніцтва і працы з кадрамі? Здавалася б, ёсьць больш гарачыя тэмы ў эканоміцы: праблемы фінансавай стабільнасьці ці тая ж мадэрнізацыя. І дарэчы, увесь выступ Лукашэнкі фактычна прысьвечаны тэме будаўніцтва. Праблема кадраў ішла неяк на пэрыфэрыі».

Прэйгерман: «Магчыма, проста падышла чарга. Бо агульнаэканамічныя пытаньні разглядаліся на нарадзе з урадам паўтара тыдні таму. Зь іншага боку, будаўнічы сэктар уключае ў сябе вялікі клубок праблемаў. У першай палове году была створана адмысловая камісія па будаўніцтве на чале з кіраўніком адміністрацыі Кабяковым, каб разабрацца ў гэтым „хаосе“ (цытую Лукашэнку).
Улады імкнуцца выцясьніць прыватны бізнэс з будаўніцтва, каб там засталіся толькі дзяржаўныя кампаніі

У панядзелак віцэ-прэм’ер Калінін казаў пра пляны рэформаў гэтага сэктару. Улады імкнуцца выцясьніць прыватны бізнэс з будаўніцтва, каб там засталіся толькі дзяржаўныя кампаніі.

Таксама важны чыньнік піяру. Жытло — гэта пытаньне, якому Лукашэнка ўдзяляе вялікую ўвагу з пачатку свайго кіраваньня. Гэтая праблема вельмі адчувальная для насельніцтва».

Паротнікаў: «Будаўніцтва — сацыяльна значная тэма, якая наўпрост тычыцца сотняў тысяч беларускіх сем’яў. Што асабліва важна ў перадвыбарчы пэрыяд.

Зь іншага боку, будаўніцтва жытла з дапамогай дзяржавы — гэта адно з дасягненьняў, якім рэжым вельмі ганарыўся. А ў 2013 годзе гэтае дасягненьне фактычна ператварылася ў пыл. Шмат людзей незадаволена. Таму трэба падтрымаць у грамадзтве атмасфэру аптымізму».


Ці ёсьць эфэкт?


Карбалевіч: «Як эфэкт ад такіх мерапрыемстваў? Гэта мае эканамічны ці палітычны вынік? Ці мае гэта піяраўскі эфэкт? Ці, можа, тут справа ў нейкім псыхатэрапэўтычным эфэкце для самога Лукашэнкі?»

Прэйгерман: «Сапраўды, падаецца, гэта мерапрыемства патрэбнае ў першую чаргу для самога Лукашэнкі. Думаю, беларуская сацыяльная мадэль перайшла тую рысу, калі фундамэнтальныя праблемы можна было вырашаць празь зьмену кадраў. Трэба мяняць сыстэму. Здаецца, што гэта ўжо ўсе разумеюць.

Але Лукашэнка ці не разумее, ці ня хоча разумець. Ён імкнецца з дапамогай гэтай нарады лепш данесьці свае даручэньні да вэртыкалі і кантраляваць іх выкананьне.

Плюс піяр. Трэба паказаць народу, што ён стараецца, а вінаватыя чыноўнікі, якія не выконваюць ягоныя загады».
Гэта сытуацыя, калі трэба нешта рабіць, але што рабіць, ніхто там наверсе ня ведае

Паротнікаў: «Ніякага эфэкту ад гэтага я ня бачу. І сумняваюся, што нейкі эфэкт плянаваўся. Гэта сытуацыя, калі трэба нешта рабіць, але што рабіць, ніхто там наверсе ня ведае. І вось нарада павінна калектыўна выпрацаваць нейкія рашэньні».

Карбалевіч: «Можа, сапраўды, галоўнае ў самім факце актыўнасьці прэзыдэнта, што ён не сядзіць, а нешта робіць. Вось па кантрасьце ва Ўкраіне прэзыдэнт Януковіч у крытычныя моманты маўчыць, не дае адказы на пытаньні, якія хоча пачуць украінскі народ. Таму, можа, ня важны зьмест выступу Лукашэнкі, а больш важны сам факт правядзеньня нарады?»

Прэйгерман: «Зводзіць увесь сэнс нарады да гэтага ня варта, але доля ісьціны тут ёсьць. Лукашэнка шукае магчымасьць удыхнуць новае жыцьцё ў старую мадэль, мабілізаваць бюракратыю».

Паротнікаў: «Магчыма, празь некалькі дзён пасьля нарады будуць і кадравыя перамены».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG