Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гей-прайд адбудзецца. Дзе і ў як — пакуль сакрэт


Менскі гей-прайд пад лёзунгам «Мы ёсьць!» павінен адбыцца 11 — 12 сьнежня.

Яшчэ ў лістападзе актывісты ЛГБТ падалі ў Менгарвыканкам заяўку на дазвол дзьвюх акцый: 11 сьнежня — прайд-марш па сталічным бульвары Шаўчэнкі і сьвяточны мітынг-канцэрт ля ўваходу ў клюб Casta Diva, а 12 сьнежня — імпрэза ў парку Дружбы народаў. Абедзьве акцыі забароненыя.

Адзін зь лідэраў беларускага ЛГБТ-руху Сяргей Андросенка расказвае, што напісана ў адмовах, якія ён атрымаў ад гарадзкіх уладаў:

Сяргей Андросенка

Сяргей Андросенка

«Менгарвыканкам ня здолеў вызначыць з заяўкі, якім чынам будзе адбывацца шэсьце. Фактар, які паўплываў на адмову, — адсутнасьць дакладнага раскладу мерапрыемства: маўляў, у заяўцы пазначаны толькі пачатак і канец акцыі. А ім трэба было ведаць, калі шэсьце дойдзе да гэтага месца, да наступнага, калі пачнецца пікет, і іншыя дэталі, што да фармату».

Таксама гарадзкія ўлады палічылі, што можа быць парушаны артыкул 9 закона «Аб масавых мерапрыемствах», які не дапускае правядзеньне акцыяў на адлегласьці бліжэй за 50 мэтраў ад адміністрацыйных будынкаў, а непадалёк, маўляў, консульскі аддзел Амбасады Польшчы. Хаця заяўнікі гэта ўлічвалі.

Пікет у парку Дружбы народаў таксама забаранілі: маўляў, на той жа час прызначаныя спаборніцтвы школьнікаў, прымеркаваныя да Ўсясьветнага дня сьнегу. Хаця, паводле ўсіх календароў, Усясьветны дзень сьнегу адзначаецца 20 студзеня — амаль праз паўтара месяца.

«Прычыны забароны мы лічым надуманымі, а нежаданьне Менгарвыканкаму ісьці на абмеркаваньне іншага фармату і часу правядзеньня акцыяў — сьвядомым грэбаваньнем грамадзка-палітычнымі правамі ЛГБТ-супольнасьці. Больш за тое, мы ў заяўцы пісалі, што гатовыя на абсалютна любы фармат, любы час, на любыя перамовы з уладамі, толькі б нам дазволілі», — кажа Сяргей Андросенка.

Праваабаронца з арганізацыі «ГейБеларусь» Натальля Манькоўская падзякавала міжнародным структурам і ўплывовым асобам, якія выказалі словы падтрымкі «Менскаму гей-прайду-2013»: Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH), Усясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў (OMCT), Місіі ЗША пры АБСЭ ў Вене, Інтэргрупе па правах ЛГБТ Эўрапейскага парлямэнта, міністру Швэцыі па справах Эўразьвязу, праваабарончаму цэнтру «Вясна» ды іншым. Цягам тыдня ў Менску ЛГБТ-супольнасьць правяла шмат асьветніцкіх, адукацыйных мерапрыемстваў, сэмінараў, канфэрэнцыяў.

Натальля Манькоўская: «Мы рады, што большую частку мерапрыемстваў удалося правесьці. Вельмі шкада, што былі сарваныя адкрыцьцё, гей-прайд-вечарынка і канцэрт супраць гвалту над ЛГБТ-моладзьдзю. Тым ня менш, мы лічым, што дасягнулі пэўных мэтаў: мы ўзьнялі пытаньне аб выкананьні правоў ЛГБТ, аб гвалце, дыскрымінацыі сэксуальных меншасьцяў. Гэта добры этап і прыступка, каб рухацца далей».

Што тычыцца гей-прайду, арганізатары пакуль трымаюць у тайне, дзе і ў якім фармаце 11 і 12 сьнежня яны будуць ладзіць акцыі. Баяцца прэвэнтыўных затрыманьняў і ўмяшальніцтва ўладаў, як было ўжо неаднаразова.
XS
SM
MD
LG