Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Зь 1 студзеня музэя Максіма Багдановіча ня будзе


Музэй Максіма Багдановіча

Музэй Максіма Багдановіча

Музэй Максіма Багдановіча ператвараюць у літаратурны аддзел Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэя. Гэта зроблена паводле ўказу прэзыдэнта № 168 аб скарачэньні дзяржапарату.

Сёньня музэй Максіма Багдановіча ўжо не працуе. Побач з уваходам вісіць абвестка, што музэй зачынены з тэхнічных прычынаў. Праўда, супрацоўнікі на сваіх працоўных месцах, пасаду дырэктара ніхто не займае зь лета, а выканаўца абавязкаў недзе на сэсіі.

Цікаўлюся ў супрацоўнікаў іх стаўленьнем да рэарганізацыі музэя, але, як высьвятляецца, ніхто зь іх пакуль ніякай канкрэтнай інфармацыі ня мае. Ведаюць толькі, што напэўна скароцяць стаўку бухгальтара. Спадарыня Вера, якая зараз працуе захавальніцай фонду, кажа, што яе пасады таксама ня будзе:

«Я наагул ня ведаю, як і што будзе нават заўтра, але мне паведамілі, што прапануюць стаўку навуковага супрацоўніка. Мая стаўка — галоўнага захавальніка — скарачаецца, бо фонд цяпер будзе адзін, і ня можа быць двух галоўных захавальнікаў».

Спадарыня кажа, што найболей у гэтай сытуацыі іх турбуе, каб ня зьменшылася экспазыцыя, якая зараз прадстаўленая ў музэі, а таксама былі даступнымі для навуковай працы фонды, у якіх за 19 гадоў сабрана амаль 14 тысяч адзінак.

Плошчу музэя яшчэ летась пачалі рыхтаваць да пашырэньня і ў навуковых супрацоўнікаў існуюць канкрэтныя пляны, і яны цяпер баяцца, каб з рэарганізацыяй гэтыя пляны не парушылі.

Спадарыня: «Я б хацела, каб у новых памяшканьнях зьмясцілі архівы Зоські Верас, Ларысы Геніюш, рукапісы Васіля Быкава. Я лічу, што гэта значныя экспанаты, якія могуць быць прадстаўленыя ў экспазыцыі музэя».

Цікаўлюся ў навуковага супрацоўніка музэя — спадарыні Галіны, якая праводзіць экскурсіі, — ці шмат бывае наведвальнікаў. Ці прыходзілі альбо адмыслова тэлефанавалі гарадзенцы ўчора ў музэй з нагоды Дня народзінаў Максіма Багдановіча?

«Ніхто нам не тэлефанаваў з гэтае нагоды, ніхто не прыйшоў і нічога не запытаў. Ведаеце, за два гады працы назіраю такую тэндэнцыю, што, на вялікі жаль, людзі зараз менш цікавяцца культурай. Няма ў іх такой беларускасьці, такой адданасьці, і беларускую мову ўспрымаюць як замежную. У мяне такое ўражаньне, што ангельскую мову, на жаль, нашмат лепей разумеюць, чым нашу родную беларускую».
Экспанаты музэя

Экспанаты музэя


Гарадзенцы добра ведаюць, што стваральніцай музэя Максіма Багдановіча ў Горадні была мясцовая пісьменьніца Данута Бічэль. Гэта яна, пачынаючы з 1986 году, укладваючы ў гэтую справу ўсю сваю душу, разам з аднадумцамі стварала музэй вялікага класіка беларускай літаратуры ў горадзе, дзе ён жыў у дзяцінстве.

З 1986 году музэй Багдановіча існаваў як структурны аддзел Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэя і толькі ў 1995 годзе запрацаваў як самастойная ўстанова культуры. І вось цяпер ён па сутнасьці вяртаецца ў ранейшы статус. Данута Бічэль успрыняла навіну з жалем і лічыць, што музэй ад гэтай рэарганізацыі шмат страціць:

«Ён усё страціць, бо ён перастане быць музэем, і перш за ўсё прападуць фонды. Фонды літаратурныя — гэта паперачкі, і яны згубяцца, бо іх завязуць невядома куды. Цяпер у музэй прыходзяць навукоўцы, і ім ня трэба корпацца ў нейкіх аграмадных бяздонных бочках. Яны прыходзяць у маленькі музэй, і там ёсьць шмат літаратурнага матэрыялу, які лёгка знайсьці. Акрамя Максімавага, там ёсьць шмат літаратуры: лісты Арсеньневай, лісты Ларысы Геніюш... а гэта ўсё ў выніку згубіцца».

Дарэчы, два з паловай гады таму Міністэрства культуры Беларусі ініцыявала праект усталяваньня помніка Максіму Багдановічу ў Горадні, але дагэтуль ён так і застаўся нязьдзейсьненым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG