Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны альянс «За сумленныя справядлівыя выбары для лепшага жыцьця „Талака“», у які ўваходзяць 43 грамадзкія арганізацыі і партыі, пойдзе на мясцовыя выбары з спэцыяльным пасланьнем.

Пра гэта паведамілі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі «Талакі» Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Віктар Карняенка. Да пасланьня далучаецца таксама пакуль незарэгістраваная партыя «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».

«У пасланьні мы гаворым пра тое, што кожная беларуская сям’я мае шмат праблемаў. Але іх ня вырашыць бязь зьмены ўлады праз выбары, — распавёў пра сутнасьць пасланьня Сяргей Калякін. — Галоўнае — палепшыць жыцьцё людзей рукамі гэтых жа людзей. Мы лічым, што галоўнай перашкодай для гэтага сёньня стала адсутнасьць ў насельніцтва магчымасьцяў і мэханізмаў уплыву на ўладу на розных яе ўзроўнях. Гэта ўлада нікім не выбіраецца. А адпаведна, не дае нікому справаздачы. І фактычна выконвае ўласныя заказы для самой сябе».

Анатоль Лябедзька паведаміў, што на сёньняшні дзень ужо падрыхтаваны сьпіс так званых сьпікераў. Гэтыя людзі і іх давераныя асобы будуць расказваць насельніцтву пра мэты «Талакі».

«Мы сёньня маем сьпіс сьпікераў, у якім болей за 500 чалавек. Яны гатовыя несьці гэта пасланьне да людзей, да грамадзянаў. І мы працуем над такім інстытутам як давераныя асобы сьпікераў зь вядомых, уплывовых людзей Беларусі. Яны будуць выконваць фактычна тую ж самую функцыю: даносіць пасланьне да людзей, каб свабодныя справядлівыя выбары сталі ня толькі мэтай, але і праектам, які будзе рэалізаваны ў бліжэйшы час», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Віктар Карняенка расказаў журналістам, як будзе праводзіцца назіраньне за выбарамі. Гэтым разам яно будзе адрозьнівацца ад папярэдніх назіраньняў. Па-першае, прыйшло шмат новых людзей, якія хочуць працаваць з імпэтам. Па-другое, будуць абраныя ад 50 да 100 кантрольных участкаў, на якіх і адбудзецца «скразное» назіраньне.

Віктар Карняенка паведаміў, што працаваць гатовыя больш за 4000 чалавек. Ён адзначыў таксама:

«Ніхто з нас ня лічыць, што падчас гэтай выбарчай кампаніі можна зьмяніць уладу. Але мы ўсё ж такі ня можам прасядзець гэту кампанію на канапе. І мусім зрабіць хоць адзін крок у тым стратэгічным кірунку, які для сябе вызначыў альянс «Талака».

Мяркуецца, што мясцовыя выбары ў Беларусі пройдуць 23 сакавіка 2014 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG