Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайфэр: Гвалт на Эўрамайдане выкліча амэрыканскія санкцыі


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам сказаў, што Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя штораз большай магчымасьцю гвалту ва Ўкраіне.

Белы дом заявіў, што Байдэн у размове зь Януковічам указаў на неабходнасьць неадкладнай дээскаляцыі сытуацыі на Ўкраіне і пачатку дыялёгу ўладаў зь лідэрамі апазыцыі дзеля знаходжаньня кансэнсусу адносна будучага разьвіцьця Ўкраіны.

З заклікамі «прыслухацца да голасу народу» і «стаць на шлях эўрапейскай інтэграцыі» зьвярталася да ўкраінскіх уладаў і памочнік дзяржаўнага сакратара Вікторыя Нуланд, якая пабывала ў Кіеве і Маскве.

Тым ня менш, далося заўважыць, што ад самага пачатку супрацьстаяньня паміж украінскімі ўладамі і апазыцыяй Злучаныя Штаты заставаліся нібыта на другіх ролях, аддаючы перавагу дзеяньням эўрапейскіх дыпляматаў у гэтым канфлікце. Праясьніць гэтую сытуацыю карэспандэнт РС папрасіў у былога амбасадара ЗША ў Кіеве, а цяпер супрацоўніка вашынгтонскага Інстытуту Брукінгса Стывэна Пайфэра.

Пайфэр: На мой погляд, такі падыход вельмі разумны, і вось чаму. Украіна блізкая да Эўразьвязу, і ў Эўразьвязу значна большы, чым у Злучаных Штатаў, доступу да галоўных дзеючых асобаў драмы, якая разыгрываецца ва Ўкраіне, а менавіта да прэзыдэнта Януковіча і да апазыцыі. У Эўразьвязу больш магчымасьцяў паўплываць на іх. Наколькі мне вядома, Злучаныя Штаты праводзяць цесныя кансультацыі з эўрапейскімі афіцыйнымі асобамі, і паміж імі існуе поўнае ўзаемаразуменьне. Сумесная заява, зробленая амбасадарамі ЗША і ЭЗ у Кіеве — яркае гэтаму пацьверджаньне.

РС: Спадар Пайфэр, што б ні казалі афіцыйныя асобы аб тым, што гаворка ў дадзеным выпадку не ідзе пра супрацьстаяньне Захаду з Расеяй, мала хто стане адмаўляць, што Масква паўплывала на рашэньне Кіева адмовіцца ад пагадненьня з ЭЗ...

Пайфэр: І ў Злучаных Штатах, і ў Эўропе выклікае занепакоенасьць тое, што Расея аказвае на Ўкраіну ціск, замінаючы ёй такім чынам выбраць свой уласны зьнешнепалітычны курс. Дарэчы, я б выказаў здагадку, што менавіта таму Злучаныя Штаты аддаюць перавагу заставацца, так бы мовіць, на другіх ролях у дадзенай сытуацыі. Справа ў тым, што калі б гэтая праблема перарасла ў спрэчку паміж ЗША і Расеяй , гэта толькі перашкодзіла б дасягненьню мірнага палітычнага рашэньня. Расея бачыць у дадзенай сытуацыі нейкую геапалітычную спрэчку з Захадам. Але, пагадзіцеся, гэтая спрэчка прымае зусім іншую афарбоўку, калі Расея вядзе яго з Эўразьвязам, а не са Злучанымі Штатамі.

РС: Адміністрацыя прэзыдэнта Абамы ў дадзенай сытуацыі аддае перавагу ціхай дыпляматыі і ня кажа аб нейкіх захадах у дачыненьні да Ўкраіны. Не аказвае ціску на адміністрацыю і Кангрэс. Як доўга гэта можа працягвацца?

Пайфэр: Калі ва Ўкраіне пачнецца магутнае падаўленьне пратэстнага руху з ужываньнем сілы, то Кангрэс акажа ціск на адміністрацыю і запатрабуе ўжыць санкцыі ў адносінах да Ўкраіны. Размовы пра санкцыі ў дачыненьні да Ўкраіны ідуць у Кангрэсе ўжо амаль цэлы год. Многія заканадаўцы занепакоеныя агульным адыходам Украіны ад дэмакратыі. Так што, калі мы станем сьведкамі жорсткага падаўленьня, пытаньне аб санкцыях у Кангрэсе стане больш востра. У такім выпадку пазыцыя адміністрацыі прэзыдэнта Абамы, якая да гэтага часу без энтузіязму падыходзіла да пытаньня аб санкцыях супраць Украіны, можа зьмяніцца.

РС: Калі паглядзець на цяперашнюю сытуацыю з пункту гледжаньня глябальнай геапалітыкі, то ці ёсьць падставы лічыць, што рашэньне Ўкраіны адмовіцца ад пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам зьяўляецца геапалітычнай перамогай Масквы?

Пайфэр: Я ня згодны з тымі, хто лічыць, што справа павернецца буйной геапалітычнай паразай Захаду і што Ўкраіна адвернецца ад Захаду ў імя падтрыманьня лепшых адносінаў з Расеяй. Я проста ня бачу ніякіх падставаў так лічыць. Па-першае, сам прэзыдэнт Януковіч на працягу многіх гадоў заяўляе, што інтэграцыя з Эўропай зьяўляецца яго прыярытэтным заданьнем. Я ня бачу прычынаў сумнявацца ў яго шчырасьці. Ва ўсякім выпадку, ён наўрад ці можа лічыць, што больш цесныя сувязі з Расеяй альбо ўступленьне Ўкраіны ў прапанаваны Расеяй мытны саюз выгадныя яму асабіста. Па-другое, адыход ад курсу на эўрапейскую інтэграцыю зьяўляецца непрымальным ні для ўкраінскай апазыцыі, ні для большасьці ўкраінскіх грамадзянаў. Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што больш за 50 адсоткаў украінцаў — за больш цесныя сувязі з Эўропай. Больш за тое, мне здаецца, пераважная большасьць украінскіх бізнэсмэнаў з жахам паставіліся б да ідэі далучэньня да мытнага саюзу. Яны імкнуцца да выхаду на эўрапейскі рынак. Так што Януковіч сутыкнуўся б з сур’ёзнымі перашкодамі , калі б ён захацеў больш цесных сувязяў з Расеяй.
XS
SM
MD
LG