Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: «Псыхалягічная перавага — на баку ўкраінскіх уладаў»


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які прысутнічаў на плошчы Незалежнасьці падчас разгону пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году, параўнаў дзеяньні беларускіх уладаў у 2010-м і ўкраінскіх мінулай ноччу.

«Адрозьненьні існуюць. Прычына таго, што ўкраінскія ўлады не ўжываюць цяпер брутальныя мэтады разгону — гэта спадзяваньне найвышэйшага кіраўніцтва Ўкраіны захаваць нармальныя адносіны з краінамі Захаду. Рэакцыя, якая можа быць з боку эўрапейцаў у выпадку татальнага разгону і арышту пратэстоўцаў, грае вялікую ролю. І менавіта гэта магчымая рэакцыя не дала ўчора ўладам Украіны зьдзейсьніць тое, што мы называем „беларускім сцэнаром“ разгону.
Яшчэ адным важным стрымліваючым фактарам ёсьць страх перад рэакцыяй украінскага грамадзтва. Мне здаецца, што рашэньне разблякаваць урадавы квартал было рэакцыяй на ініцыятывы пратэстоўцаў, іх новыя дзеяньні, пашырэньне зоны кантролю з боку дэманстрантаў. Але прыняць рашэньне зьнішчыць ці разагнаць Майдан перашкаджае асьцярога ўнутранай рэакцыі ўкраінскага грамадзтва. Я думаю, што ўкраінскае кіраўніцтва насамрэч баіцца, што зьнішчэньне Майдану можа наадварот яшчэ больш зматываваць людзей выйсьці на вуліцы, як гэта адбылося пасьля разгону 30 лістапада», — заявіў Янукевіч у інтэрвію Радыё Свабода.

«Барыкады, якія ўчора разабралі камунальныя службы ва ўрадавым квартале, значна менш сур’ёзныя, чым на Майдане. Я б сказаў, што яны былі хутчэй сымбалічнымі. Ну і зразумела, што барыкады, якія рабіліся без дапамогі якой-кольвек тэхнікі, зьнішчыць трактарамі лёгка. Я думаю, што цяпер псыхалягічная перавага — на баку ўкраінскіх сілавых органаў і ўкраінскага кіраўніцтва. І зразумела, што перашкоды ў забесьпячэньні Майдану побытавымі рэчамі будуць нэгатыўна адлюстроўвацца на настроі ўсярэдзіне самога Майдану, і на настроі прыхільнікаў, якія прыходзяць на Майдан Незалежнасьці па вечарах.

Але найхутчэй, нават з улікам ужываньня гэтых абмежавальных захадаў, украінскія ўлады не дамогуцца таго, каб людзі разышліся і, я спадзяюся, не дамогуцца значнага зьмяншэньня колькасьці пратэстантаў. На бліжэйшыя дні Майдан будзе трымацца», — перакананы Янукевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG