Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глеб Лабадзенка: Кнігу Барадуліна выдалі ў крэдыт


Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

На 496 годзе існаваньня друкарскага варштату Скарыны ў Менску пабачыла сьвет новая рукапісная кніга.

На творчым рахунку народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна яна самая незвычайная — у ёй няма ніводнай друкаванай літары. Складаецца кніга з рукапісаў, навыбіраных наўпрост з нататнікаў аўтара. Пра кнігу-артэфакт раскажа яе ўкладальнік і ініцыятар унікальнага праекту Глеб Лабадзенка.

— Глеб, калі б разам з намі ў студыі Свабоды быў Францішак Скарына, ён абавязкова ў вас пацікавіўся б: навошта ізноў вяртацца да рукапісных кніг? І праўда — навошта?

— Паспрабую растлумачыць. На пачатку гэтага году ў мяне выйшла кніжка малюнкаў на моўныя тэмы «Дзіцячая заМова», дзе не было ніводнай друкаванай літары. Калі яе ўбачыў дзядзька Рыгор, то быў шчыра захоплены. А для мяне было дзівам, што чалавека, які столькі кніжак выдаў, можна чымсьці такім зьдзівіць. І ў мяне адразу ўзьнікла ідэя зрабіць рукапісную кніжку Барадуліна. Гэта быў першы момант. Другі момант. Я лічу, што сёньня кніга — гэта ўжо не крыніца інфармацыі. Вершы Барадуліна, дзякаваць Богу, сёньня можна набыць у кнігарні, знайсьці ў інтэрнэце. Таму кніга мусіць быць артэфактам, скарбам, які можна падарыць камусьці блізкаму, паставіць на паліцу. Кніга «Лепей» зроблена ў выглядзе нататніка з карэньчыкам на жоўценькай паперы, каб напраўду ўзьнікала адчуваньне даўніны. У камплекце з кнігай ідзе кардонная тэчка, куды ўкладзеная капэрта з 23-ма фотаздымкамі, якія падпісаныя Барадуліным, ягонай мамай і Ўладзімерам Караткевічам. Плюс да гэтага — аўдыёдыск, дзе 103 вершы начытаныя народнай артысткай Беларусі Зінаідай Бандарэнка. Разгарнуўшы кнігу і ўставіўшы ў кампутар дыск, вы можаце адразу чытаць і слухаць.
На вокладцы — фота Сяргея Шапрана

На вокладцы — фота Сяргея Шапрана


— У сваёй бібліятэцы я маю рукапісны «Кабзар», які ва Ўкраіне пэрыядычна перавыдаецца. Факсымільнае выданьне — гэта найперш праява любові. А з гледзішча практычнага каму яно можа быць карысным?

— Найперш дасьледчыкам-тэкстолягам. Цікава паглядзець, як некаторыя вершы, на маю думку, і так выдатныя, Барадулін працягваў дапрацоўваць, каб яны проста блішчалі. Апроч таго, ёсьць і яшчэ адзін момант. Для мяне было непрыемным адкрыцьцём, калі я зьверыў рукапісы вершаў апошніх 10-12 гадоў з кнігай «Ксты».

— «Ксты», дарэчы, вытрымалі пяць ці шэсьць перавыданьняў.

— Так. І гэта вельмі добра, што туды ўвайшло шмат новых твораў Барадуліна. Але, зьвяраючы, я для сябе адкрыў, што вершы ў кнізе «Ксты» зазналі нейкую незразумелую рэдактуру. Я пачаў параўноваць іх з рукапісамі больш уважліва і ўбачыў, што многія словы былі зьмененыя, замененыя іншымі словамі, часам даходзіла да таго, што сэнс радка зьмяняўся. На маю думку, гэта недапушчальная выхадка з боку тых людзей, якія рыхтавалі «Ксты» да друку. Напрыклад, адзін зь вершаў, які называецца «Ў лесе зялёнай імжы», датычыцца крыжоў у вёсцы Бабцы. Яна ляжыць на вушацкай дарозе, якою дзядзька Рыгор усё жыцьцё езьдзіў у Менск. У гэтай вёсцы стаяць 27 каменных крыжоў, некаторыя двухмэтровай вышыні. Аднойчы мы зь дзядзькам Рыгорам заехалі на тыя могілкі. І ён прысьвяціў верш тым крыжам. Мне ён так спадабаўся, што я яго адразу запомніў. А тут адкрываю кнігу «Ксты» і чытаю гэты верш у абсалютна зьмененым выглядзе, нават сэнс стаў ня той. Я лічу, што так рабіць недапушчальна. Рыгор Барадулін — не пачатковец, якога трэба правіць. Гэта напраўду клясык, чалавек, які валодае мовай дасканала. Вяршыня беларускай мовы і беларускай паэзіі — гэта Барадулін. І тут кожную коску трэба ўзгадняць, ня тое што вершы перайначваць!
«Лепей» — кніга вершаў, фотаальбом і аўдыёдыск

«Лепей» — кніга вершаў, фотаальбом і аўдыёдыск


— Ці ёсьць у кнізе «Лепей» творы, якія раней нідзе не друкаваліся?

— Ёсьць. А ўвогуле, у яе ўвайшлі вершы за 61 год. Самы раньні верш, падпісаны псэўданімам Алесь Чабор, датуецца 1952 годам. Самы сьвежы — кастрычнікам 2013-га. Калі кніга была ўкладзеная, я сказаў дзядзьку Рыгору, што было б добра і сьвежых вершаў дадаць. І тры апошнія ў кнізе вершы напісаныя пасьля маёй просьбы. Напраўду, яны вельмі кранаюць. Увогуле, «Лепей» — кніжка маіх улюбёных вершаў Барадуліна. Натуральна, падчас укладаньня я раіўся з аўтарам. І ён да некаторых вершаў даволі самакрытычна падыходзіў, казаў: «Гэта лепей не даваць». У кнізе таксама ёсьць творы хуліганскія, з такімі моцнымі слоўцамі. Натуральна, яны раней не маглі друкавацца ці друкаваліся толькі са шматкроп’ямі. У кнізе шматкроп’яў няма, бо ў сваіх рукапісах Барадулін шматкроп’яў ня ставіць. Вось, напрыклад, верш «Худы»:

Дзядзька пеўня прадае.
Цётка, быццам мужу,
Ганьбу певуну дае:
«Ён худы задужа!».
Дзядзька цягне з барады
Клінаў аскялёпкі:
«Той бяды, што ён худы!
А глядзіш ты не туды,
Хоць худы, ды ё...кі!»

— І Зінаіда Бандарэнка гэта прачытала?

— Нават голас не задрыжаў. Я таксама быў уражаны. Адразу відно, што спадарыня Зінаіда — прафэсіянал найвышэйшага гатунку.

«Ласкаваму, рознаму, грознаму — Анатолю Вялюгіну, хроснаму. 27.11.70 г. Рыгор.»

«Ласкаваму, рознаму, грознаму — Анатолю Вялюгіну, хроснаму. 27.11.70 г. Рыгор.»

— Вы ўжо сказалі пра 23 фота. Вось я гляджу — там вельмі цікавыя подпісы. Рознаўзроставы, шматаблічны Барадулін на здымках тут сам па сабе ці мусіць неяк дапаўняць вершы?

— Тут я мушу патлумачыць, адкуль зьявілася назва «Лепей». Кожны свой нататнік Барадулін неяк называе: «Стог вершаў», «Мой век, мой дзень» і г.д. Самы сьвежы нататнік называецца «Лепей». І мне падумалася, што лепшай назвы прыдумаць нельга. Калі пачынаеш чытаць вершы ад 1952 году да 2013-га, то адчуваеш, што з кожнай старонкай — лепей і лепей. Тое самае з фотаздымкамі. Вось здымак студэнта філфаку Рыгора Барадуліна, дзе ён у вершаванай форме прызнаецца ў каханьні сваёй будучай жонцы Валянціне. Вось ён ужо з Караткевічам. Вось ён ужо вядомы паэт. Вось ён ужо народны паэт — з Васілём Быкавым... І таксама ўзьнікае адчуваньне, што з кожным здымкам — лепей і лепей. Некаторыя здымкі разам з подпісамі да іх — гэта асобныя творы мастацтва. Напрыклад, фота, дзе яны сядзяць разам з Караткевічам, падпісанае рукою Ўладзімера Сымонавіча: «Дарагой, любімай Валюшы — ад каханага мужа і сяброў. Травень 1964 году». Альбо — унікальны, невядомы здымак бацькі паэта. Ён больш за 70 гадоў праляжаў, мы яго знайшлі ў драўляным чамадане, зь якім некалі дзядзька Рыгор прыехаў у Менск з Вушачы паступаць у БДУ. Некаторыя невядомыя здымкі падпісаныя рукой мамы паэта. Вось, напрыклад, яна стаіць ва ўшацкім фотаатэлье са сваёй сяброўкай. На заднім пляне — мора, горы, балясіны нейкія. І подпіс: «Дарагому сынку ад дзьвюх падружак. Толькі адна падружка морду скрывіла». Гэта яна пра сваю сяброўку так напісала... Вось малады Барадулін стаіць у швэдры на фоне вушацкага краявіду, і подпіс: «Як местачковы дон Хазэ — на фоне ўшацкай КПЗ». Кожны фотаздымак можна сядзець і разглядаць. А на вокладку кнігі патрапіў самы сьвежы здымак Барадуліна, зроблены месяц таму Сяргеем Шапранам.

Рэпэтыцыя помніка. Ля падножжа — будучая жонка Валянціна

Рэпэтыцыя помніка. Ля падножжа — будучая жонка Валянціна

— Гэта ня першы ваш выдавецкі праект, зьвязаны з Барадуліным. Раней вы выпусьцілі ў сьвет факсымільнае выданьне яго першага зборніка «Маладзік над стэпам», аўдыёдыск з голасам Барадуліна, паштоўкі зь яго выявай. Робячы ўсё гэта, вы неяк спадзяецеся разварушыць дзяржавыдавецтвы, якія таксама павінны не забываць народнага паэта Беларусі?

— Я зыходжу з таго, што дзяржаўныя структуры нічога нам не павінны ў сёньняшняй сытуацыі. Мы можам абысьціся і бязь іх. Ёсьць каму выдаваць, ёсьць каму чытаць, ёсьць каму набываць. Можа быць, гэта ненармальная сытуцыя, але і ў такой сытуацыі мы павінны рабіць сваю справу. Як паказала практыка, розныя праекты можна ажыцьцяўляць увогуле без удзелу дзяржаўных структураў. І выдаваць, і распаўсюджваць. Папярэдняя кніжка Барадуліна накладам 1200 асобнікаў разышлася за некалькі месяцаў. Кніга «Лепей» мае наклад 1300 асобнікаў. Перакананы — і яна разыдзецца. А некаторыя кніжкі з дзяржвыдавецтваў выходзяць тысячнымі накладамі і ляжаць у кнігарнях гадамі. У дадзеным выпадку само імя Рыгора Барадуліна дапамагло выдаць гэтую кніжку, дапаможа і распаўсюдзіць.

— Мне даводзілася бачыць у букіністычных кнігарнях падробкі аўтографаў на кнігах Барадуліна. Цяпер людзі будуць ведаць яго сапраўдны почырк, і ў гэтым яшчэ адна карысьць ад вашага праекту. Ведаю, што сродкі ад продажу кнігі пойдуць аўтару. Ці падзяляе вашы філянтропныя памкненьні выдавец кнігі?

— Натуральна. Я хачу падзякаваць Ігару Віркоўскаму, які выдаў кнігу «Лепей» у крэдыт. Фактычна ні капейкі ня маючы, мы змаглі ажыцьцявіць гэты праект. Таму найперш спачатку трэба вярнуць выдаўцу затрачаныя сродкі. Як толькі яны будуць вернутыя, увесь прыбытак ад продажу кнігі пойдзе Рыгору Барадуліну. Я запрашаю слухачоў Свабоды на сайт labadzenka.by, там можна прачытаць, дзе знайсьці гэтую кнігу.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG