Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст: каб валюту не скуплялі, трэба зрабіць яе недаступнай


Аляксандар Муха

Аляксандар Муха

За лістапад насельніцтва Беларусі набыло валюты на 237 мільёнаў даляраў болей, чым прадало.

Удакладняецца, што фізычныя асобы прадалі наяўнай валюты без малога на 640 мільёнаў даляраў, але ў той жа час купілі амаль на 800 мільёнаў даляраў. Апроч таго, 80 мільёнаў даляраў было набыта на безнаяўнай аснове.

Перавышэньне пакупкі валюты над продажам выявілася яшчэ летам, калі рубель пачаў абясцэньвацца. Аднак, як лічыць фінансавы аналітык Аляксандар Муха, якраз больш значная дэвальвацыя дапамагла б скараціць попыт на замежную валюту. Пакуль жа ўлады ўсялякім спосабам стрымліваюць працэсы, каб не выклікаць незадаволенасьць у грамадзтве:

«Я разумею, што, з аднаго боку, нават плаўная дэвальвацыя спрыяе захаваньню некаторых дэвальвацыйных чаканьняў у эканоміцы. Але, зь іншага боку, гэта будзе спрыяць скарачэньню попыту на замежную валюту з боку фізычных асобаў. Калі ўжо зусім простай мовай гаварыць — гэта як у краме. Кошты растуць, таму за такую ж суму, што была выдаткаваная ўчора, сёньня ў выніку падаражэньня тавараў можна купіць менш. Тое ж самае і тут: атрымліваецца, што за адну і тую ж колькасьць беларускіх рублёў у выніку можна будзе набыць меншую колькасьць даляраў ЗША, эўра ці расейскіх рублёў».

Падчас падрыхтоўкі бюджэту на 2013 год Савет Міністраў закладаў сярэднегадавы курс на ўзроўні 8950 рублёў за даляр. Такім чынам, меркавалася, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты складзе каля 6%. Аднак за даляр ужо даюць 9400 рублёў, і выглядае, што да канца году паказьнік акругліцца як мінімум да 9500.

Многія незалежныя экспэрты перакананыя, што цяперашні курс рубля штучна завышаны. Тэндэнцыю адлюстроўваюць і тэмпы інфляцыі: пры закладзеных парамэтрах у 10% на ўвесь год плян па росьце цэнаў перавыкананы яшчэ ў кастрычніку, калі ён перакрочыў мяжу ў 12%. Гэта сьведчыць пра тое, што рублёвы курс стрымліваецца адміністратыўна, каб пазьбегнуць фінансавага каляпсу ўзору 2011 году.
XS
SM
MD
LG