Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З кім ты сёньня спаў, Вінчэнца?» — пыталіся ў яго раніцай прыяцелі, намякаючы на цёмныя кругі, што апошнім часам ня сходзілі ў яго з-пад дурнаватых вачэй. Пыталіся і рагаталі — такія самыя дрэнна паголеныя, хітрыя, неахайна апранутыя і заўжды бяз шэлега ў кішэні. Італійцы, што таўкліся па ўсёй Эўропе ў пошуках хаця б якой працы, бо дома — дома іх лічылі занадта нядобранадзейнымі, кожны калі ня ўнук карбанарыя, дык усё роўна небясьпечны і ў любы момант гатовы выбухнуць, як кавалак карбіду. «З Монай Лізай», — сур’ёзна адказваў ім Вінчэнца Пэруджа, і ім рабілася яшчэ весялей. «Ну і як яна ў ложку?» — і тут Вінчэнца замаўкаў, сарамліва апусьціўшы вочы.

Нікому і ў галаву не прыходзіла, што гэта чыстая праўда. Вінчэнца Пэруджа насамрэч спаў з Монай Лізай — а дакладней, на ёй. Яна ляжала пад матрасам у ягоным цесным, як музэйная ніша, пакоі, а зьверху кожную ноч варочаўся бедны Вінчэнца. Карціна пякла яго зьнізу, быццам у катоўні. Ён сьніў, як яна, усьміхаючыся, кліча яго да сябе, на палатно, і ён ня можа нічога зрабіць, падымае матрас, дае нырца проста ў фарбы... І ўрэшце Вінчэнца ня вытрымаў.

На пачатку сьнежня 1913 году ён напісаў з Парыжу аднаму флярэнтыйскаму антыквару. «Сіньёр, купіце ў мяне „Мону Лізу“, тым самым мы вернем Італіі тое, што належыць ёй па праве. Па тым самым праве, якога ня меў Напалеон, які скраў у нас гэты шэдэўр». Вінчэнца ня ведаў, што французы купілі тую Лізу задоўга да таго, як Напалеон нарадзіўся на сьвет. Антыквар папрасіў дазволу зірнуць на карціну — вядома ж, ён быў у курсе, што яе ўжо некалькі гадоў шукае паліцыя ажно некалькіх дзяржаваў. Вінчэнца сабраў апошнія грошы і купіў білет на цягнік. У купэ Мона Ліза паводзілася так, што ён хацеў выкінуць яе ў акно, проста ў сьнег, калі яны праяжджалі Альпы.

12 сьнежня антыквар пастукаў у дзьверы аднаго з пакояў у ня самым дарагім флярэнтыйскім гатэлі. Прадавец «Моны Лізы» пасьпешліва зачыніў дзьверы і падвёў госьця да свайго парэпанага, бруднага чамадана. Ён дастаў адтуль некалькі параў нясьвежых кальсонаў. Ён выграб цэлы вывадак брудных шкарпэтак. За імі надышла чарга тузіну скарыстаных смаркатак, зашытых на задзе нагавіцаў, пакамечанага пінжака, зашмальцаванай парыскай газэты, куды яшчэ нядаўна, мяркуючы па сьлядах, хуталася вараная курыца. Пад усім гэтым багацьцем ляжаў скрутак, які Вінчэнца ўрачыста разгарнуў перад агаломшаным антыкварам.

«Так, гэта яна, — прамармытаў антыквар, — Я падумаю, колькі магу вам за яе заплаціць... Зайду па абедзе...» Рукі Пэруджы дрыжэлі. «Так, гэта яна», — паўтарыў антыквар, выйшаўшы на вуліцу, тром мужчынам у плашчах. Тыя моўчкі падняліся на трэці паверх. На падваконьне сеў зьмерзлы верабей. З астылай печкі пахла пеклам. Мона Ліза ўсьміхнулася. Вінчэнца пачуў грукат і пайшоў адчыняць дзьверы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG