Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аднойчы я бачыў чалавека, які глядзіць тэлевізар...» Так, перафразуючы Міхася Стральцова, мог бы апісаць ролю TV у сваім жыцьці наіўны аўтар — бо сапраўды, сярод ягоных сяброў і знаёмцаў гледачоў тэлевізіі можна пералічыць на пальцах адной рукі. Рукі, зь якой тэлевізійны пульт некалі выпадкова выпаў — ды так і застаўся ляжаць пад канапай.

Так, у нашай сыстэме каштоўнасьцяў няма ні скрыні, ні талеркі, ні міскі з локшынай, гатаваць якую тэлебачаньне ўмее так прафэсійна, а вешаць умее яшчэ лепш. Недавер да тэлебачаньня ў нас у крыві, і пазбыцца яго гэтаксама цяжка, як памяняць пол. «Аднойчы я бачыў чалавека, які глядзіць тэлевізар...» — так можна было б напісаць, але ісьціна будзе ўсяго толькі дзесьці побач. Бо калі ёсьць нацыя, а ў нацыі ёсьць мова, дык у іх мусіць быць і сваё тэлебачаньне — хаця б для таго, каб ня сорамна было перад астатнім сьветам. Традыцыя, што паробіш. Сьцяг, герб, гімн, футбольная зборная, нацыянальная страва, дамэннае імя — і свая тэлевізія як яшчэ адна прыкмета паўнавартасьці.

У незалежнай Беларусі свайго тэлебачаньня, як вядома, няма. Тэлеканалы ёсьць, а беларускага тэлебачаньня няма — і няма, фактычна, зь сярэдзіны дзевяностых: усё нейкія аскепкі, фрагмэнцікі, кавалкі рэха, нясьмелыя аўтарскія гульні. Калі на іх не зважаць, усе гэтыя бэтэ, аэнтэ і іншыя бла-бла-бла-тэвэ выглядаюць Паўночна-Заходнім філіялам якога-небудзь РТР. У тым, што ў Беларусі па звычцы завецца беларускім тэлебачаньнем, беларускага так мала, што яго нават шукаць ня хочацца.

І ўсё ж пачынаючы ад 10 сьнежня 2007 году беларусы зноў маюць сваю, беларускую тэлевізію. Ясная рэч, «бязглудзую, нетаварыскую і дурную» — хочацца спадзявацца, што супрацоўнікі Белсату ганарацца такой ацэнкай з вуснаў чалавека, які прафэсійна займаецца бязглузьдзіцай, дуратой і беспасьпяховай вайной з усім сьветам. Я б ганарыўся... У тым, што адзінае ў сьвеце беларускае тэлебачаньне трапляе да саміх беларусаў з тэрыторыі суседняй дзяржавы, столькі сымбалічнага, што хапіла б на цэлую паэму. Дый, зрэшты, працуюць жа яны тут — людзі, якія робяць Белсат: быццам ратуючы ўсё, што яшчэ можна тут уратаваць, ад засьвечваньня ў мясцовых «тэленавінах», якія пакрываюць сваёй плесьняй усё: жывое і нежывое.

Ёсьць падставы падазраваць, што больш за палову тых, хто цяпер прапагундосіць на дзяржаўных бла-бла-бла-тэлеканалах, хацеў бы рабіць нешта для Белсату. Хай сабе ўпотай, хай зрэдзьчас. Проста таму, што Белсат — гэта сапраўды тэлевізія, дзе спрабуюць займацца тым, чаго ад яе, тэлевізіі, чакаюць: інфармаваць — безь перагрузу, нівэляваць усё і ўсіх — каб дагадзіць фармату, забаўляць — утрымліваючы адсотак пошласьці там, дзе ён адносна бясьпечны, і даваць яркую карцінку, цешачы вока непераборлівага чалавека. Бла-бла-бла-каналам гэта забаронена. Вось і мучацца людзі ў пошуках самарэалізацыі. Вось і курчацца на экранах, з усяе моцы імітуючы працу тэлевізійнікаў. «Вядуць» «перадачы», ладзяць «ток-шоў», прыдумляюць «праекты», «здымаюць» «аналітычныя праграмы»... Від шызафрэніі пад назвай макаёнка-дзевяць.

Калі беларускае тэлебачаньне нарэшце зьявіцца ў Беларусі, хай бы яно захавала назву Белсат. Бо назва «бэтэ» скампрамэтавала сябе на вякі — як імя Юда, прозьвішча Гёбэльс і абрэвіятура КДБ.

Тэлевізія наагул — зло. Але калі яно мусіць існаваць — хай прынамсі будзе беларускім паводле формы і зьместу. Ад рэжысэраў самага вясёлага ў сьвеце парнаграфічна-спартовага сельскагаспадарчага тэлеканалу РБ-2013 нават гэтага не дачакаешся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG