Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў на Майдане: «Я б прапанаваў ім рэфэрэндум».


Уладзімер Някляеў у Кіеве

Уладзімер Някляеў у Кіеве

Уладзімер Някляеў, лідар «Гавары праўду» і экс-кандыдат у прэзыдэнты, 7 сьнежня ранкам прыехаў ва Ўкраіну. Ён лічыць, што выйсьцем з палітычнага крызысу ў краіне мог бы стаць рэфэрэндум па пытаньні ўваходжаньня Ўкраіны ў ЭЗ.

«Тут вырашаецца нашая агульная будучыня», — заяўляе Ўладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў: «Уражаньні розныя. На момант пачатку Майдана мне здавалася, што ён будзе пасьпяховым і нават пераможным. Настолькі нечаканай была такая энэргетыка, якая выбухнула адразу пасьля зьбіцьця моладзі на Майдане.

Але пасьля пройгрышу апазыцыі, а пройгрыш ужо быў — гэта правал патрабаваньняў, якія вылучаліся — да адстаўкі ўраду Азарава, якія былі відавочна перабольшаныя... Збоку, канечне, лёгка ацэньваць і вучыць. Але насамрэч троху было перабольшана адчуваньне сваёй сілы. Гэта адна прычына, па якой сытуацыя ўскладнілася.

І другая прычына — наша традыцыйная. Адсутнасьць, мякка кажучы, кансэнсусу ўнутры ўкраінскай апазыцыі. Я перагаварыў, можа, з сотнямі людзей на Майдане. Палова кажа: „Мы ня ведаем, за што мы тут стаім. Нам ніхто нічога ня кажа“. Адзін кажа: „Я прыехаў стаяць за Януковіча“. Другі кажа: „А я за Юлю“. А цяпер, кажуць, мы стаім тут самі за сябе».

Вось якая сытуацыя. Яна вельмі небясьпечная«.

На пытаньне, якім магло быць выйсьце зь цяперашняй сытуацыі, Някляеў адказвае:

«Калі б я нейкім чынам тут удзельнічаў, то прапанаваў бы рэфэрэндум. Народ вырашае — дык народ, праўда? З чаго ўсё пачалося — з асацыяцыі. Дык рэфэрэндум па пытаньні, ці Ўкраіна ў Эўропу ці Ўкраіна назад у Савецкі саюз».
Я малюся, каб ня сталася нечага горшага

«Я малюся, каб ня сталася нечага горшага. Бо людзі ўжо размаўляюць пра тое, што ў іх могуць забраць паўднёвую Ўкраіну, што можа пачацца грамадзянская вайна. У СМІ ўвесь час скідваюцца правакацыі. Як, напрыклад, учора была правакацыя пра тое, што Януковіч ужо падпісаў дамову з Расеяй. І казакі тут ужо мне казалі, што трэба было нам не з нагайкамі прыяжджаць, а даставаць шашкі і стрэльбы.

Вельмі складаная сытуацыя. Дай Бог, каб Украіна зь яе выйшла. І калі выйдзе Ўкраіна, то ў яе фарватары выйдзем і мы. Калі Ўкраіна завернецца, то ў гэтым вадавароце і мы доўга будзем боўтацца».

Лідэр «Гавары праўду» прыехаў ва Ўкраіну сам, без аніякага суправаджэньня.

«Я думаў зьехаць, але нешта ўнутры мяне тут не дазваляе проста адзначыцца і паехаць. Тым больш, што кажуць, што ці сёньня, ці заўтра ўначы будуць Майдан разганяць. Я ў гэта ня надта веру, бо можа быць правакацыя. Але трэба тут быць», — кажа Някляеў.

А 18-й гадзіне па беларускім часе Ўладзімер Някляеў зьвернецца з Майдана да ўкраінскага народу.


Жывая трансьляцыя з Майдану украінскім бюро Радыё Свабода




Трансьляцыя з Эўрамайдану SPILNO.TV

Live streaming video by Ustream

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG