Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: Ня трэба было гнаць хвалю


Дзьмітрый Мядзьведзеў
Дзьмітрый Мядзьведзеў

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што справа «Ўралкалія» была залішне палітызавана, Расея правядзе расьсьледаваньне і ва ўсім разьбярэцца.

«Цэлы шэраг падзеяў, які адбываўся, насамрэч надаў гэтай справе залішняе палітычнае гучаньне. Мы здольныя разабрацца з тым, што адбылося, і з пункту гледжаньня крымінальнага працэсу, і з пункту гледжаньня наогул падзей», — адзначыў Мядзьведзеў у інтэрвію тэлеканалам.

Паводле Мядзьведзева, беларускі бок пагадзіўся з такой пазыцыяй і перадаў Расеі гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Цяпер павінны прайсьці ўсе сьледчыя мерапрыемствы і ўстаноўлена аб’ектыўная ісьціна па справе.

«Парушаў ён нешта па беларускіх або па нашых законах, або не парушаў. Самае галоўнае, што гэтым займаемся цяпер мы, а не няхай нават самыя блізкія, але ўсё ж такі нашы партнэры, іншая краіна», — заявіў прэм’ер-міністар РФ.

Мядзьведзеў таксама адзначыў, што падзеі вакол «Уралкалія» ніяк не адбіліся на расейска-беларускіх стасунках.

«Мы самыя блізкія саюзьнікі, самыя брацкія краіны. Таму тут ня трэба было гнаць хвалю, трэба было першапачаткова праінфармаваць нас пра прэтэнзіі, якія існуюць, і мы б у партнэрскім стылі з гэтым усім разабраліся», — цытуе Мядзьведзева РІА «Новости».

Уладзіслава Баўмгертнэра затрымалі 26 жніўня ў Менску. Яму прад’явілі абвінавачваньне ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеяньні Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры 100 млн даляраў.

Ад 26 верасьня Баўмгертнэра перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. Яго трымалі ў Менску на здымнай кватэры. 21 лістапада стала вядома, што генпракуратура Беларусі задаволіла просьбу генпракуратуры Расеі аб выдачы Баўмгертнэра кампэтэнтным органам Расеі для прыцягненьня яго да крымінальнай адказнасьці.

29 лістапада пазачарговы сход акцыянэраў «Уралкалія» абраў Уладзіслава Баўмгертнэра ў раду дырэктараў кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG