Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 8 сьнежня: Вандроўка па мясьцінах Багдановіча, 55 гадоў беларускага радыё ў Гішпаніі, 22 гады Віскулям


Брама Базылянскіх муроў у Вільні

Брама Базылянскіх муроў у Вільні

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ:

Другая нядзеля Адвэнту. У Беларускім касьцёле – дзень малітвы за тых, хто дапамагае касьцёлу на Ўсходзе.

Менск. Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты запрашаюць на сустрэчу з былым кіраўніком Вярхоўнага Савету Беларусі, адным з падпісантаў пагадненьня ў Віскулях Станіславам Шушкевічам. Прэзэнтацыя беларускамоўнага выданьня кнігі Шушкевіча «Маё жыцьцё, крушэньне і адраджэньне СССР». Пачатак аб 11:00, Чарнышэўскага 3.

Прага. Беларуская імша ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна. Адрас: Vyšehradská 49, Praha 2. Пачатак у 11:00.

Вільня. У Святатраецкай царкве адбудзецца беларуская імша. Адрас: Базыльянскія муры, Aušros Vartų gatvė, 9. Пачатак у 12:00

Менск. Літаратурна-музычная вандроўка да дня нараджэньня Максіма Багдановіча. Напрыканцы вандроўкі адбудзецца музычна-паэтычная вечарына з удзелам беларускіх паэтаў і музычных выканаўцаў Андрэя Хадановіча, Тацяны Матафонавай і іншых. Чакаюцца віктарына і іншыя сюрпрызы. Пачатак у 11:00 ад помніка паэту.

Уступае ў сілу закон «Аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь у пытаньнях правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў».

Кіеў. На Майдане Незалежнасьці – Народнае веча. Пачатак – у 12:00.

У «Менск-Арэне» – канцэрт украінскага гурту «Океан Ельзи». Пачатак у 19:00.

У Гарадзенскім драмтэатры выступіць з канцэртам Натальля Немэн. Дачка сьпевака Чэслава Немэна, які паходзіць зь беларускай вёскі Васілішкі, прэзэнтуе як свае песьні, так і рэмэйкі з творчасьці бацькі. Пачатак а 19-й гадзіне.

Менск. Андрэй Макарэвіч зь «Песьнямі пра каханьне» выступіць у Беларускім музычным тэатры. Пачатак у 19:00.

Праваабарончы праект «ГейБеларусь» праводзіць у Менску чарговы зьезд.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1958 – у Мадрыдзе з ініцыятывы Рады БНР пачалася трансьляцыя беларускіх радыёперадачаў гішпанскага радыё, якія рэдагаваў Янка Сурвіла. Вяшчаньне ішло да траўня 1965 году, у эфір выйшла больш за 2300 перадачаў.

1991 – у рэзыдэнцыі Віскулі ў Белавескай пушчы былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны Шушкевіч, Ельцын і Краўчук афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэньні СССР і ўтварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў.

1994 – празь нязгоду з курсам прэзыдэнта Лукашэнкі зь ягонай каманды афіцыйна сышоў Віктар Ганчар.

1999 – кіраўнікі Беларусі і Расеі Лукашэнка і Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

У гэты дзень нарадзіліся:

65 да н.э. – Гарацый, рымскі паэт.

1914 – Часлаў Сіповіч, грэка-каталіцкі біскуп, актыўны дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, заснавальнік Беларускае бібліятэкі і музэя імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

У гэты дзень памерлі:

1937 – расстраляныя фальклярыст і кампазытар Антон Грыневіч, палітык і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін, а таксама яшчэ адзін дзяяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі Язэп Гаўрылік. За сваю беларускую дзейнасьць на Віленшчыне Дварчанін і Гаўрылік былі арыштаваныя польскімі ўладамі і прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зьняволеньня, пасьля шляхам абмену палітвязьняў яны трапілі ў Савецкі Саюз, дзе іх і расстралялі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Падпісаньне саюзнай дамовы – гэта ня толькі сумная справа, гэта ўвогуле злачынства стагодзьдзя. Гэта, безумоўна, генацыд беларускай нацыі – канец яе гісторыі».

Васіль Быкаў
XS
SM
MD
LG